Субсідыі — выключна па нарматывах, аплата ЖКП — па новых тарыфах

Што зменіцца ў паведамленнях на аплату жыллёва-камунальных паслуг з новага года?

Год назад, 1 кастрычніка 2016 года, пачаў дзейнічаць Указ № 322 “Аб прадастаўленні безнаяўных жыллёвых субсідый”, якія прыйшлі на змену агульным датацыям на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Для таго каб разабрацца, хто мае права на атрыманне грашовай дапамогі, каму і па якіх прынцыпах налічваюцца субсідыі, мы звярнуліся па каментарый у Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


Як растлумачыў кансультант праблем эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Сяргеевіч Грузінаў, сістэма прадастаўлення грамадзянам безнаяўных жыллёвых субсідый дзейнічае ўжо амаль на працягу года. Субсідыі ў якасці безнаяўнай дапамогі для аплаты жыллёва-камунальных паслуг прадастаўляюцца тым катэгорыям грамадзян, у якіх на гэта ў горадзе траціцца больш чым 20% расходаў, а ў сельскай мясцовасці — 15%. Налічэнне субсідый ажыццяўляецца на заяўным і выяўляльным прынцыпах.

Разлік аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі ажыццяўляецца, зыходзячы з нарматываў, устаноўленых пастановай міністраў. Акрамя гэтага, улічваецца і даход грамадзяніна за мінулыя паўгода.

Што тычыцца бягучага года, за першыя шэсць месяцаў дапамогу ў аплаце жыллёва-камунальных паслуг атрымала каля 11 тысяч хатніх гаспадарак на суму больш чым 326 тысяч рублёў. Дарэчы, 90% гаспадарак атры-малі субсідыі па выяўляльным прынцыпе.

— Любы грамадзянін можа разлічваць на атрыманне субсідый, — заўважае Алег Грузінаў. — Атрыманне адбываецца па выяўляльным і заяўным прынцыпах. Непрацуючыя інваліды і пенсіянеры атрымліваюць субсідыі па выяўляльным прынцыпе, гэта значыць, ім, каб атрымаць субсідыі, нікуды не трэба хадзіць. І ў паведамленнях на аплату жыллёва-камунальных паслуг ім аўтаматычна ўказваецца памер субсідый. Каб атрымаць грашовую дапамогу па заяўным прынцыпе, грамадзянін павінен сабраць пакет дакументаў, да якіх адносяцца даведка аб складзе сям’і, памеры заработнай платы і інш.

Як растлумачыў спецыяліст, субсідзіруюцца ўсе асноўныя віды жыллёва-камунальных паслуг, але ўсё гэта адбываецца ў межах нарматываў. Гэта значыць, што, калі расходаванне асноўных ЖКП перавышае вызначаную норму, субсідыі будуць выдзелены толькі на тую суму, якая пакрывае норму. Астаткі давядзецца аплачваць уласнымі сродкамі.

— Калі разглядаць прынцыпы налічвання субсідый, згодна з выяўляльным метадам такая грашовая дапамога прадастаўляецца, як правіла, на тры месяцы, — звяртае ўвагу Алег Грузінаў. — Інвалідам і пенсіянерам яна вылічваецца кожны квартал. Па заяўным прынцыпе субсідыя прадастаўляецца на паўгода. У Мінску быў выпадак: мнагадзетная мама атрымала субсідыю ў памеры 478 рублёў на паўгода. Калі перыяд выплаты субсідыі падыходзіў да канца, ёй патэлефанавалі і прапанавалі зноў сабраць дакументы на наступныя паўгода. Такім чынам, часовага ліміту на прадастаўленне субсідый не існуе.


Важным момантам у атрыманні субсідый з’яўляецца сітуацыя, калі арганізацыя адмаўляе ў выплаце субсідый. У такім выпадку трэба звяртацца ў вышэйстаячыя органы, у выканаўчы камітэт. У выпадку, калі адмовіў разлікова-даведачны цэнтр пэўнага раёна, варта звяртацца ў галаўное аддзяленне РДЦ ці арганізацыю жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пытанні такога кшталту вырашаюцца аператыўна.

А што рабіць у тым выпадку, калі чалавек, які атрымліваў субсідыю, мяняе месца жыхарства? Для таго каб аднавіць сістэму далейшага субсідзіравання, неабходна нанава сабраць пакет дакументаў. Дарэчы, не ўзнікае праблем з субсідзіраваннем і ў тых грамадзян, якія з’яўляюцца членамі таварыства ўласнікаў.

— Што тычыцца памеру субсідый, самая вялікая выплата складала 73,4 рубля ў месяц, — звяртае ўвагу Алег Сяргеевіч. — Працэс выплаты грашовых сродкаў наступны. Адпаведныя сумы пераводзяцца пастаўшчыкам паслуг, у ЖКГ, і на суму, якая прадугледжана субсідыяй, памяншаецца сума ў плацежным паведамленні. Дарэчы, на атрыманне субсідый не могуць прэтэндаваць тыя, у каго ва ўласнасці знаходзіцца некалькі жылых памяшканняў, калі здаецца жыллё па дагаворы найму (кватэра ці пакой). Субсідыя не будзе выплачана і ў тым выпадаку, калі ў кватэры ўласніка зарэгістравана ўласнае прадпрыемства.

Яшчэ адным гарачым пытаннем з’яўляецца павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Сёлета тарыфы будуць праіндэксаваны яшчэ раз — 1 снежня. Такім чынам, з 1 студзеня 2018 года камунальныя паслугі, за выключэннем расходаў на ацяпленне, будуць аплачвацца на 100%. Як паведамляе партал камунальнай дасведчанасці насельніцтва, больш давядзецца плаціць за вываз смецця. Гэтая паслуга будзе каштаваць больш на 19%. Халодная вада падаражэе на 27,7%, а каналізацыя — на 48,5%. Такім чынам, узровень пакрыцця насельніцтвам комплексу камунальных паслуг да канца года павялічыцца да паказчыка 74,8%. Да канца 2018 года гэтая лічба дасягне 85%, да 2020 года — 93,3%, і толькі ў 2025 годзе насельніцтва будзе аплачваць 100% кошту камунальных паслуг.

Наталля САХНО.