Своечасовы і правільны паліў — залог добрага ўраджаю капусты

Агароднікі ведаюць, што капуста вельмі любіць ваду, асабліва ў перыяд завязвання качаноў і іх налівання.

Колькі ж трэба вады? Калі завязваюцца качаны, патрабуецца па 3 вядры вады на кожны квадратны метр — чыстай вады без хімічных прымесей (жалеза, фтору і хлору). Дажджавая вада — найлепшы варыянт. Астатняя вада ў нас па большай частцы залішне “жорсткая” з-за мінералаў, што затрымлівае рост расліны. Для памякчэння вады можна растварыць 30 г лімоннай або шчаўевай кіслаты ў 1 л вады і выкарыстоўваць зроблены канцэнтрат праз суткі-двое.

Дарэчы, капуста не любіць цёплую ваду, таму варта паліваць яе злёгку прахалоднай.

У сухое і гарачае надвор’е добра паліваць капусту метадам дажджавання, а вось у прахалодныя дні — выключна пад корань. Зямля пад капустай павінна набрацца вільгаці на паўтара штыка рыдлёўкі.

Пазнейшыя гатункі варта паліваць штодня, а вось раннія — праз 2—3 дні. Калі капусце не хапае вады, то давядзецца чакаць “візіцёраў” — капусную муху і крыжакветную блошку, а лісце капусты можа пакрыцца ружавата-шызым налётам. Прыкладна за месяц да ўборкі ўраджаю перыядычнасць паліву варта скараціць.

 Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.