Лета і дзеці

Правільныя паводзіны ў летнія гарачыя дні дапамогуць не толькі зберагчы здароўе дзяцей, але і ўмацаваць яго.

Пачнём з арганізацыі сну. Трэба свое­часова ўкладваць дзяцей спаць — для аднаўлення сіл, росту і развіцця. Летам дзеці павінны спаць пры адчыненых вокнах. Дзіўна чуць пры 28 градусах цяпла, што вокны толькі што зачынілі, таму што ўжо праветрылі пакой.

Павінен быць забяспечаны правільны пітны рэжым, бо ў спякоту дзеці пацеюць значна больш, а страту вільгаці трэба папаўняць. Не забывайце, што ў тканках дзяцей вады амаль 90%. Што п’ём? Ваду, мінеральную ваду (негазіраваную лепш), неканцэнтраваныя сокі, морсы, узвары, зялёны чай, але не каляровыя газіраваныя напоі, якія змяшчаюць вялікую колькасць цукру.

Гуляць трэба столькі, колькі атрымліваецца, па максімуме. Па санітарных правілах — не менш за 3,5—4 гадзіны.

Адзенне і абутак дзяцей павінны быць з натуральных тканін і матэрыялаў. Не забываем пра галаўны ўбор.

У меню дзіцяці абавязкова павінна быць бялковая ежа (патрэбна для росту і пабудовы клетак арганізма), шмат агародніны і садавіны, алей і сметанковае масла. Можна атрымаць кансультацыю па арганізацыі харчавання ў дашкольнай установе, якую вы наведваеце, у тэхнолага аддзела адукацыі, а таксама ў спецыяліста санітарна-эпідэміялагічнай службы.

Прафілактыка кішэчных захворванняў

 Вострыя кішэчныя інфекцыйныя захворванні з’яўляюцца самымі масавымі захворваннямі дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, асабліва ў летні перыяд.

Узбуджальнікамі вострых кішэчных інфекцый з’яўляюцца некалькі груп мікраарганізмаў: бактэрыі, вірусы і прасцейшыя. Асноўныя шляхі перадачы наступныя: кантактна-побытавы (праз забруджаныя прадметы ўжытку, цацкі, брудныя рукі); харчовы (пры ўжыванні ў ежу недастаткова апрацаваных, недабраякасных прадуктаў харчавання); водны (піццё некіпячонай вады, купанне ў адкрытых вадаёмах).

Сімптомы вострых кішэчных інфекцый у дзяцей даволі непрыемныя і пачынаюцца, як правіла, з млявасці, слабасці, зніжэння апетыту, павышэння тэмпературы і галаўнога болю. Пазней з’яўляюцца млоснасць і рвота, рэзкія болі ў жываце, дыярэя, дрыжыкі і смага. Канечне, усё гэта можа азмрочыць адпачынак.

Прафілактыка вострых кішэчных інфекцый даволі простая і не патрабуе велізарных намаганняў. Вось асноўныя рэкамендацыі:

  • Старанна мыйце рукі і твар перад ядой, пасля купання, гульні ў пяску, знахо­джанні ў месцах з вялікай колькасцю лю­дзей. Памятайце, што вільготныя сурвэткі, нават з антыбактэрыяльным эфектам, не заменяць стараннага мыцця рук з мылам!
  • Імкніцеся пераходзіць на новыя прадукты плаўна, не давайце дзіцяці прадукты пры найменшым намёку на іх нясвежасць ці сапсаванасць, устрымайцеся ад занадта экзатычных прадуктаў.
  • Піце толькі кіпячоную ваду або бутыляваную, афіцыйна вырабленую, прада­дзеную вам у закрытай бутэльцы. Калі вы сумняваецеся ў наяўнасці якаснай бутыляванай вады ў запланаваным месцы адпачынку, вазьміце некалькі бутэлек звыклай для дзіцяці вады з сабой.
  • Старанна мыйце агародніну, садавіну, ягады для маленькіх дзяцей перад спажываннем спачатку пад праточнай водаправоднай вадой, а пасля — абдавайце кіпенем.
  • У летні перыяд устрымайцеся ад ужывання кандытарскіх вырабаў з крэмам, згатаваным на свежых яйках.
  • Пры куплі мясных вырабаў аддавайце перавагу фабрычнай упакоўцы, звяртайце ўвагу на выгляд і герметычнасць упакоўкі, тэрмін прыдатнасці прадукцыі.
  • Па магчымасці не перакусвайце на вуліцы (небяспечныя піражкі з мясам, шаўрма, чабурэкі, салаты і інш.).
  • Выкарыстоўвайце толькі чыстую ўпакоўку для ежы (поліэтылен, кантэйнеры для харчовых прадуктаў).
  • Не купляйце ежу на вуліцы, на пляжах, у сумніўных установах. Не набывайце прадукты на стыхійных рынках, з рук.
  • Па магчымасці сачыце, каб дзіця не гуляла з чужымі цацкамі, як мага часцей мыйце цацкі свайго малога.
  • Праяўляйце пільнасць не толькі на месцы адпачынку, але і ў дарозе.

Марына ЛЕМЯШЭЎСКАЯ,
загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў;
Сяргей ЧЭПЕЛЕЎ,
урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.