Тыгровая фаўкарыя — наш лепшы хатні “гадаванец”

У еўрапейскім кветкаводстве фаўкарыя культывуецца не так даўно, але ўжо заваявала вялікую папулярнасць і любоў кветкаводаў. Гэты ліставы сукулент выдатна глядзіцца ў спалучэнні з іншымі сукулентамі. А яшчэ фаўкарыя добрая ў монапасадцы. Сваім незвычайным знешнім выглядам фаўкарыя тыгровая зачароўвае і захапляе.

Гэтую прадстаўніцу сямейства аізавых лёгка пазнаць па завостраным мясістым лісці (у форме ромба або трохкутніка) з краямі, пакрытымі мяккімі калючкамі-валасінкамі.

Незвычайнае лісце гэтай расліны сабрана ў шчыльную прыкаранёвую разетку вышынёй да 10—12 см. З цэнтра разеткі распускаецца жоўтая ці белая кветка з тонкімі іголкападобнымі пялёсткамі.

Даглядаць у кватэры фаўкарыю, як і іншую пустынную флору, нескладана. Яна мае патрэбу ў рэдкім паліве, гарачым сухім паветры, беднай глебе і вялікай колькасці сонца, таму расліне можа спатрэбіцца дадатковае асвятленне, але і без гэтага сукулент добра зімуе ў кватэры.

Фаўкарыя — цеплалюбівая. Улетку ёй камфортна пры тэмпературы ад 25 да 30°С. Расліна не адчувальная да летніх перападаў тэмператур, зімой жа аддае перавагу прахалодзе: тэмпература не вышэй за 10—12°С. З цёплай зімоўкі фаўкарыя выходзіць аслабленай — з бледнымі лісцем і выцягнутым сцяблом. Пасля такой зімы расліна не цвіце.

Фаўкарыя не мае патрэбы ў апырскванні або дадатковым увільгатненні. Пры павышанай вільготнасці паветра на лісці можа з’явіцца чарната і маршчыністасць.

Пры добрым доглядзе фаўкарыя не хварэе і не паражаецца шкоднікамі.

Гаршчок для такіх кветак павінен быць вялікім і плоскім, з адту­лінамі ў дне. На дно гаршка важна вылажыць пласт дрэнажу і толькі потым укладваць спецыяльны грунт. Для пасадкі пады­дзе звычайная зямля для сукулентаў і кактусаў, якая прадаецца ў магазінах, або самастойна прыгатаваная сумесь, якая складаецца з аднолькавых частак ліставой і дзярновай зямлі і буйнога (рачнога) пяску. Зямля для фаўкарыі павінна быць лёгкай і паветрапранікальнай.

Яўген САЛАНОВІЧ.