Узамбарская фіялка, ці сенполія

Пра сваю любоў да белых калаў я расказала чытачам мінулы раз. У сваім чарговым артыкуле я хачу падзяліцца двухгадовым вопытам знаёмства з адной з самых папулярных хатніх раслін — узамбарскай фіялкай, ці сенполіяй.

На працягу многіх гадоў я мела магчымасць назіраць, як фіялка цудоўна зарэкамендавала сябе ў кветкавых вазонах маіх калег. Аднойчы я нават пагадзілася выпрабаваць фартуну, узяўшы 2 лісткі дадому і паставіўшы іх у шклянку з вадой. Але, на жаль, тады ўсё скончылася безвынікова. А восенню 2015-га жанчына, купляючы ў мяне чарговую калу, прынесла мне лісток фіялкі са свайго фіялкавага царства. Я ёй ветліва падзякавала і запэўніла, што абавязкова паспрабую ства­рыць відавую разнастайнасць на сваім падаконніку, а сама ў спешцы паклала лісток фіялкі ў кішэньку дзіцячай каляскі, бо ў той момант гулялі з дачкой на вуліцы. Павінна сказаць, што ў мяне і ў думках ніколі не было выкідаць хатнія расліны. Нават дзетак калаў, якіх у мяне штогод вельмі многа, я заўсёды з вялікай радасцю аддаю дарма праз сацыяльныя сеткі. Таму я цвёрда вырашыла, што, прыйшоўшы дадому, пастаўлю гэты лісток у ваду, а там ужо  што будзе, тое будзе.

Але ў мітусні штодзённых спраў я забыла пра гэты падаруначак і толькі вечарам, знайшоўшы яго ў калясцы, хутка ўваткнула ў першы, што трапіўся, вазон з каламі. Не ўспа­мінаючы пра яго, я проста, як звычайна, палівала маіх падапечных, заадно вільгаць даставалася і гэтай малышцы. Праз тыдзень я высветліла, што лісток фіялкі зусім не слабенькі, як было папярэдні раз, а цвёрды. Я ўзрадавалася, бо зразумела, што ён прыжыўся і расце. Мінула ўжо шмат часу з той пары, і я магу з упэўненасцю сказаць, што фіялка шпіёнкай пракралася ў царства калаў. За гэты час я ўжо вельмі многае даведалася пра гэтую па-свойму па­трабавальную расліну. Адразу ж хацелася б заўважыць, што ўсё, пра што я буду зараз пісаць, спасцігла на асабістым вопыце, а не “барознячы прасторы інтэрнэту”. Але пра ўсё па парадку. Пачнём з размнажэння.

Многія кветкаводы-аматары лічаць, што лісткі для размнажэння з уласнай фіялкі прыжываюцца і ўкараняюцца лепш і хутчэй. Па-мойму, гэта міф. Тут справа ў звычайнай арыфметыцы. Тлумачу. У кожнага, хто спрабуе размножыць фіялку са свайго падаконніка (і я ў свой час была не выключэннем), ёсць свой паддоследны матэрыял, якога многа, а таму не так шкада, гэта значыць, мы ў любы час можам адломліваць ад нашага дарослага донара лісткі і эксперыментаваць, размнажаць іх самымі рознымі спосабамі. Такім чынам, атрымліваецца, што ў нас ёсць вялікая колькасць спроб укараніць (прарасціць) лісток, таму мы заўсёды можам разлічваць на добры вынік. Іншая рэч, калі мы купляем адзін лісток ці разетачку. У гэтым выпадку ў нас толькі адзі­н шанс на тое, прыжывецца ён (яна) ці не. На маім фота выдатна ві­даць, што фіялетавых фіялак у мяне вялікая коль­касць — гэта дзеткі менавіта той фіялкі, якую мне далі. А астатніх фіялак толькі два вазончыкі (пакуль!).

За многія гады са сваёй фіялетавай фіялкай я выпрабавала два асноўныя віды размнажэння: укараненне ў вадзе і ўкараненне адразу ў грунце. Спынюся падрабязней на кожным са спосабаў, а потым, на правах аўтара артыкула, паведамлю пра свае перавагі.

Першы спосаб — гэта ўкараненне лістка непасрэдна ў вадзе. Пачынаецца ўсё са зразання здаровага лістка. Я ніколі не задумвалася над тым, які лісцік для ўкаранення трэба зразаць у дарослай расліны. Адны гавораць, што трэба браць ніжнія, другія — што цэнтральныя, а некаторыя і зусім ра­яць не зразаць лісткі фіялкі, якая цвіце. Я ў гэтай справе заўсёды прытрымліваюся эстэтычных меркаванняў: зразаю тыя лісткі, адсутнасць якіх не паўплывае на прыгажосць дарослага куста. Часам, калі раблю перастаноўку ці прыбіраю на падаконніку, выпадкова магу зламаць лісток (і часам у фіялкі, якая цвіце). Яго ніколі не выкідаю, а заўсёды даю яму шанс на жыццё.

Пасля зразання лісткоў рыхтую ёмістасць з вадой. Пажадана, каб гэтая ёмістасць не прапускала прамых сонечных прамянёў. Калі вы выкарыстоўваеце звычайную шкляначку ці аднаразовы кубачак, то проста абгарніце яго паперай (газетай). У гэтую ёмі­стасць наліваю звычайную ваду з-пад крана і кідаю адну таблетку актываванага вугалю. Змяшчаю туды ўсе зрэзаныя лісткі і спакойна забываю пра іх як мінімум на 3—4 тыдні. Ваду пры гэтым не мяняю, а толькі даліваю пры неабходнасці.

Наступным крокам воднага размнажэння з’яўляецца высадка ў грунт матэрыялу, які ўкараніўся ў вадзе. Раблю я гэта ў маленькія ёмістасці з-пад ёгурту ці дзіцячага харчавання. Пры гэтым не забываю паліць і добра ўтрамбаваць грунт каля ножкі лістка. Потым раблю для свайго міні-расадніка цяплічку з дапамогай звычайнай верхняй накрыўкі з-пад упакоўкі для тартоў. У адрозненне ад звычайнага цэлафанавага пакета, яна ніколі не правісне на лісткі, а кандэнсат, які збіраецца на яе паверхні, можна лёгка стрэсці ці выцерці папяровай сурвэткай. У такой цяпліцы лісткі зноў знаходзяцца як мінімум 3—4 тыдні, магчыма і менш, але гэта залежыць ад таго, наколькі глыбока вы змясцілі лісточкі для ўкаранення. Чым менш вы іх паглыбілі, тым яны хутчэй прарастуць. Я ж заўсёды стараюся глыбей іх пасадзіць, каб яны на­дзейна фіксаваліся да зямлі, таму і ўсходаў мне пры­ходзіцца чакаць не менш як месяц. Павінна адзна­чыць, што ўсё роўна не ўсе лісткі прыжываюцца, нягле­дзячы на наяўнасць добрых белых карэньчыкаў. Пасля таго як з глебы пакажуцца ўсе дзеткі фіялак і трошкі падрастуць, я акуратна зразаю ля зямлі дарослы стары лісток, які можна зноў паставіць у ваду для ўкаранення. Раблю я гэта для таго, каб надалей расліна не траціла свае каштоўныя сілы на гэтую дарослую расліну, якую мы ўжо выкарысталі на ўсе 100 працэнтаў. Праз 2—3 тыдні малышы падрастуць і памацнеюць. Пасля гэтага іх можна смела рассаджваць па асобных вазонах. Я рассаджваю іх як у маленькія вазончыкі па адной разетачцы, так і ў вялікія вазоны ці паддоны па некалькі разетачак адразу.

Што да высадкі разетак у вазоны, то ў гэтым выпадку трэба ўлічваць маленькія патрэбы фіялкі ў плошчы грунту, а таксама не забываць пра той факт, што каранёвая сістэма фіялкі знахо­дзіцца на самай паверхні глебы, яе карэньчыкі не паглыбляюцца ўнутр вазона. Галоўнае па­трабаванне да вазона — гэта абавязковая наяўнасць дрэнажнай адтуліны ўнізе для выхаду лішняй вады. Што да паліву фіялкі, то я раблю гэта заўсёды ў паддон ці ў сподак. Дзякуючы такому спосабу, знікае небяспека пераліць расліну. Я проста смела наліваю поўны паддон ці сподак адстоенай вады хатняй тэмпературы, а праз гадзіну-паўтары зліваю ўсю “нявыпітую” ваду.

Другі спосаб размнажэння ўзамбарскай фіялкі, які я шырока выкарыстоўваю (і аддаю яму поўную перавагу), — гэта прамое ўкараненне зрэзанага лісточка сенполіі ў грунт. Пасля гэтага шчыльна ўтрамбоўваю глебу і шчодра паліваю, а потым накрываю накрыўкай з-пад торта. Гэты спосаб для мяне больш прывабны, бо на прарастанне і далейшую рассадку лісткоў па вазонах патрабуецца менш часу.

У канцы хацелася б толькі дадаць, што кожны мае права выбіраць спосаб размнажэння сам, зыходзячы з асабістых пераваг. Галоўнае, каб вынік сваёй працы заўсёды прыносіў задавальненне.

Таццяна МІХНЕВІЧ,
выкладчыца англійскай мовы Брэсцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці.