Універсальная агародніна

Шпінат — гэта суперпрадукт. Ён напоўнены тонамі пажыўных рэчываў у нізкакаларыйнай упакоўцы. Цёмная ліставая зеляніна, такая як шпінат, важная для здароўя скуры, валасоў і касцей. Ужыванне шпінату нармалізуе колькасць цукру ў крыві ў людзей з дыябетам, зніжае рызыку развіцця раку і паляпшае здароўе касцей. А яшчэ шпінат дае арганізму мінералы і вітаміны, якія забяспечваюць шэраг розных функцый арганізма.

У першую чаргу ўражвае нізкая каларыйнасць шпінату. Усяго 23 ккал на 100 г прадукту дазваляюць гэтую зеляніну выкарыстоўваць у харчаванні тых, хто жадае скінуць лішнія кілаграмы. Лісце шпінату здольна нармаліза­ваць абменныя працэсы і паскорыць метабалізм, спрыяе палепшанаму абмену рэчываў і вываду з арганізма таксінаў, пры гэтым абараняючы слізістыя тканкі ўсяго страўнікава-кішачнага тракту. Нягледзячы на невялікую каларыйнасць, у складзе агародніны ёсць усе неабходныя чалавеку рэчывы, але колькасць іх невялікая: 2,9 г бялку, прадстаўленага як заменнымі, так і незаменнымі амінакіслотамі (больш яго толькі ў бабовых культурах); 0,3 г тлушчаў, якія складаюцца з насычаных і ненасычаных тлустых кіслот;

2 г вугляводаў, якія ўключа­юць мона- і дыцукрыды, і невялікую колькасць крухмалу; 1,3 г харчовых валокнаў. Асноўная каштоўнасць шпінату — мінералы і вітаміны. Гэтая зялёная траўка можа забяспечыць чалавека амаль поўнай дзённай нормай вітаміну А (бэта-караціну), чатырохразовай нормай вітаміну К.

100-грамовая порцыя шпінату змяшчае 28,1 мікраграма вітаміну С, што складае 43% ад штодзённай нормы гэтага вітаміну.

А яшчэ ёсць вітаміны групы В, РР, Е і Н, праўда, ужо не ў такой значнай колькасці. Багаты і мінеральны састаў. У першую чаргу гэта жалеза. Дастаткова з’есці 150 г шпінату, каб цалкам атрымаць яго дзённую норму. Ёсць і такі неабходны сэрцу калій — 1/3 ад сутачнай патрэбы, а кальцый, якога ў агародніне 10% ад дзённай нормы, дапамагае падтрымлі­ваць касцявую сістэму. Ёсць у гэтай агародніне селен, медзь, марганец і іншыя мікраэлементы.

 Для людзей, якія працуюць за камп’ютарам і з вялікай колькасцю дакументаў, зялёная агародніна з’яўляецца панацэяй для вачэй. Яна прадухіляе атрафію сятчаткі, зніжае стамляльнасць вочнай мышцы і павышае вастрыню зроку. Агародніна валодае антыаксідантнымі і супрацьпухліннымі ўласцівасцямі, нармалізуе работу кішэчніка і падстраўнікавай залозы. Лісты шпінату не павінны пакідаць меню мужчын, бо гэтая зеляніна самым дабратворным чынам уплывае на мужчынскую палавую сферу — паляпшае патэнцыю.

А чым карысны шпінат для жанчын? Гарманальныя збоі, парушэнні нармальнай работы шчытападобнай залозы і правільнага абмену рэчываў — усе гэтыя праблемы можа зменшыць шпінат, дзякуючы свайму багатаму прыроднаму саставу.

Ужыванне гэтай зеляніны пры цяжарнасці, дзякуючы наяўнасці мікраэлементаў, фоліевай і аскарбінавай кіслаты, дапаможа будучаму дзіцяці правільна развівацца.

Касметолагі рэкамендуюць не толькі выкарыстоўваць шпінат у складзе вонкавых сродкаў (масак, тонікаў, крэмаў), але і прымаць яго ўнутр, каб кампенсаваць недахоп жалеза, фоліевай кіслаты, ненасычаных тлустых кіслот і вітамінаў.

Нягледзячы на ўсе свае карысныя якасці, шпінат мае пэўныя супрацьпаказанні: шчаўевая кіслата, якая ў вялікай колькасці прысутнічае ў шпінаце, спрыяе ўтварэнню вельмі кіслага асяроддзя ў арганізме, што небяспечна для людзей, якія ма­юць захворванні нырак, печані, мачавога пузыра і інш. У той жа час у маладых лістах шпінату шчаўевая кіслата змяшчаецца ў вельмі малой колькасці, таму патроху яго можна ўжываць тым, хто хварэе на вышэйпералічаныя захворванні. Таксама з-за наяўнасці пурыну ўжыванне шпінату не рэкамендавана людзям з захворваннямі органаў СКТ (язва, хвароба дванаццаціперснай кішкі), жоўцевыводзячых шляхоў, з падаграй. Магчыма праяўленне алергічнай рэакцыі (звычайна ў першыя некалькі гадзін пасля ўжывання).

Шпінат — гэта ўніверсальная агародніна, якую можа есці сырой ці згатаванай. Ён даступны ў свежым, замарожаным ці кансерваваным выглядзе.

Аксана БАЯРКІНА,
урач-эпідэміёлаг супрацьэпідэмічнага аддзялення Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.