Цыбуля-парэй — гэта двухгадовая расліна. На другі год яна зацвітае і дае сваё насенне. Лісце ўтвараецца да позняй восені, бо ў гэтай расліны практычна адсутнічае перыяд спакою. Нягледзячы на змену пары года, лісце ў цыбуліпарэю застаецца сакавітым, мясістым і прыемным на смак. Толькі ў познеспелых гатункаў лісце больш цвёрдае, але затое гэтыя расліны больш марозаўстойлівыя.
Цыбулю-парэй можна назваць адной з самых каштоўных агароднінных культур. У ёй вялікае ўтрыманне вітамінаў C, B1, B2, B3, E, PP і правітаміна A. Яна выдатна захоўвае свае ўласцівасці доўгі час. Пры пастаянным ужыванні парэю ў ежу павышаецца імунітэт да прастудных захворванняў.
Уборку цыбулі-парэю хутчэй за ўсё трэба будзе пачаць або ў канцы лістапада, або нават у снежні. Галоўнае, прыбраць яе да першых сур’ёзных замаразкаў.
Выкапаўшы цыбулю-парэй, трэба стрэсці з каранёў зямлю, затым выдаліць пашкоджанае і забруджанае лісце, а вось астатняе лісце пакараціць на дзве трэці і напалову падрэзаць карэнне.
Захоўваць зімой парэй можна ў склепе. Для гэтага мы бяром скрыні і вертыкальна ставім у іх кусцікі цыбуліпарэю, а затым засыпаем іх пяском. Калі ў кагосьці няма склепа, захоўваць парэй можна на лоджыі, злёгку прыкрыўшы яго, калі тэмпература апусціцца да мінусавых адзнак. Праўда, варта ўлічваць, што не ўсе гатункі прыдатныя для працяглага захоўвання.
Яўген САЛАНОВІЧ.
Утульная Хатка Інтэрнэт-версія дадатку да "Настаўніцкай газеты"
