Экалогія і прыгажосць

Беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў ужо сталі патрэбай нашага жыцця. Прыярытэтным з’яўляецца не толькі ўзровень дасведчанасці вучняў у гэтым пытанні, але і фарміраванне практычных уменняў і навыкаў рэсурсазберажэння, а значыць, і беражлівых адносін да прыроды.

Для фарміравання ключавых кампетэнцый вучняў у галінах энерга- і рэсурсазберажэння, для развіцця ўменняў прагназаваць, знаходзіць шляхі вырашэння экалагічных праблем, а таксама для выхавання актыўнай грамадзянскай пазіцыі па ахове прыроды ў гімназіі № 3 Віцебска працуе аб’яднанне па інтарэсах “Энергія і навакольнае асяроддзе”. Яго заняткі наведваюць навучэнцы 6—7-х класаў.

У рамках работы аб’яднання ў маі на базе гімназіі праводзіўся экалагічны фестываль “Захаваем чысціню роднага краю”. Ён запаліў у гімназістах агеньчыкі ведаў і імкненняў. Паказаць узровень сваёй экалагічнай свядомасці змаглі вучні 6-х класаў падчас віктарыны “Экалогія і мы”. Яскрава праявіць сябе мелі магчымасць вучні 7-х класаў пры правядзенні гульні “Экалагічны калейдаскоп”.

Трэба адзначыць, што сярод шматлікіх мерапрыемстваў, праведзеных мной, асабліва цікавай аказалася выстава “Экалогія і прыгажосць”, у якой прынялі ўдзел вучні 6—7-х класаў. На выставе дэманстравалася, як з адходаў (пластыкавых бутэлек, пакетаў, кавалачкаў паперы, драўніны, саломы, тканіны) можна зрабіць вырабы, што радуюць вока. Удзельнікі выставы прыйшлі да высновы, што другаснае выкарыстанне прыродных рэсурсаў дазволіць захаваць чысціню, а значыць, і прыгажосць роднага краю.

На выставе гледачам спадабаліся работы вучняў 6-х класаў: “Лілея” Ільі Памешчыкава, “Беларускія матывы” Лізаветы Ягоравай, “Пунсовая кветачка” Аляксандра Лапунова, “Мудрая сава” і “Чароўны куфэрак” Аліны Чаплінскай. Не засталіся ўбаку і вучні 7-х класаў: Аляксандра Мядзведзева прадставіла “Успаміны пра дзяцінства”, а Аляксандра Шапурава — “Надзею”. Цэлую серыю работ прэзентавала вучаніца 7 класа Настасся Рыбакова: “Веснавы букет”, “Жавароначкі прыляцелі”, “Вясёлка фарбаў”.

На адкрыцці выставы прагучалі вершы на экалагічную тэму ў выкананні вучняў 7-х класаў, былі прадстаўлены экалагічныя плакаты. Вучаніца 6 класа Настасся Гаўрыкава прадэманстравала гледачам экакасцюм з пластыкавых пакетаў пад назвай “Веснавая фантазія”. А шасцікласніца Юлія Каваленка зачытала сваю памятку “Як паменшыць колькасць адходаў”. Некаторыя яе парады гучаць так:

1. Купляйце толькі тыя тавары, якія на самай справе вам патрэбны.

2. Аддавайце перавагу якасным рэчам, якія можна доўгі час выкарыстоўваць.

3. Перш чым выкінуць рэчы, падумайце, ці можна іх выкарыстаць паўторна.

4. Аддавайце перавагу кантэйнерам для асобнага збору смецця.

5. Непатрэбныя рэчы аддавайце тым людзям, якія маюць у іх неабходнасць (адзінокія людзі, мнагадзетныя сем’і).

6. Удзельнічайце ў зборы сыравіны, якую ў нашай краіне можна перарабляць і такім чынам берагчы прыродныя рэсурсы: збірайце макулатуру, металалом.


Наведвальнікі выставы адзначылі, што навучэнцы гімназіі з году ў год развіваюць свой экалагічны погляд на прыроду, свае творчыя здольнасці. Экспазіцыя працавала на працягу некалькіх дзён, таму пабываць на ёй маглі як навучэнцы, так і педагогі і госці гімназіі.


На экалагічным фестывалі былі падведзены вынікі распрацаваных экалагічных праектаў навучэнцаў, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Энергія і навакольнае асяроддзе”. Так, у намінацыі “Экалагічны праект” пераможцамі сталі вучаніцы 6 класа Настасся Гаўрыкава з работай “Энергааўдыт майго дома”, Дар’я Мураль (“Запатрабаванасць электрычных батарэек і іх небяспека”), вучні 6 класа Вольга Казлоўская і Улад Шарфін (“Другаснае выкарыстанне апалага лісця”), вучань 7 класа Ціхан Ягораў (“Эканомія вады ў побыце”).

Мерапрыемствы, якія прайшлі ў рамках экалагічнага фестывалю, сталі пляцоўкай для фарміравання навыкаў рэсурсазберажэння, развіцця даследчых уменняў і творчых здольнасцей вучняў гімназіі.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*