Гісторык моды Аляксандр Васільеў: “Прыгажосць могуць ацаніць усе!”

Вядомы расійскі і французскі гісторык моды, мастацтвазнаўца і калекцыянер, а для большасці жанчын, заўзятарак блакітнага вока, найперш нязменны вядучы тэлепраграмы “Модны прысуд” Аляксандр Васільеў — нярэдкі госць нашай краіны. У Беларусь ён не раз прыязджаў са сваімі лекцыямі і семінарамі, быў прэзідэнтам конкурсу мадэльераў-дызайнераў “Белая амфара” ў Віцебску, супрацоўнічаў з нашым Вялікім тэатрам. І сюды яго прыцягваюць не толькі ўдзячныя слухачкі і глядачкі з паспалітага люду, надзейныя калегі з ліку прафесіяналаў, але і… родавыя карані: дзед Аляксандра Васільева, народны мастак РСФСР Аляксандр Паўлавіч Васільеў, нарадзіўся ў Маладзечне, а мама, драматычная актрыса Таццяна Ільінічна Васільева-Гулевіч, нарадзілася ў Магілёўскай вобласці, у сяле Шацілкі.

А нядаўна Аляксандр Васільеў завітаў у Мінск, як кажуць, усур’ёз і надоўга, дакладней кажучы, надоўга — ажно да 10 студзеня наступнага года: пасялілася ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь унікальная выстава касцюмаў і аксесуараў з яго калекцыі “Моднае стагоддзе”. Прывезеныя А.Васільевым экспанаты храналагічна ахопліваюць перыяд, роўны прыблізна 100 гадам — ад 1900-х да 2000-х. У экспазіцыі можна ўбачыць выкшталцоныя рэчы з гардэробаў Ліліі Брык, Любові Арловай, Маі Плісецкай, Настассі Вярцінскай, Лідзіі Смірновай, Наталлі Гундаравай, Валянціны Талкуновай, Нані Брэгвадзэ, Лаймы Вайкуле, Алёны Свірыдавай, Любові Успенскай, Анжалікі Агурбаш і многіх іншых зорак стылю — усяго каля 106 касцюмаў і сукенак і больш за 380 аксесуараў, у тым ліку ад такіх выбітных майстроў, як Поль Пуарэ, Марыяна Фартуні, Како Шанэль, Іў Сен-Ларан, П’ер Кардэн.

Перад адкрыццём выставы “Моднае стагоддзе” ў Мінску Аляксандр Васільеў меў гутарку з журналістамі, з вытрымкамі з якой у выглядзе яго адказаў мы знаёмім сёння нашых чытачоў.

“Сярод прадстаўленых у Мінску экспанатаў, якіх я дамагаўся больш за ўсё па часе, — туфлі Любові Арловай, якія я кленчыў 25 гадоў. Але ў мяне ў запасе многа часу і многа цярпення. Гэта вельмі важная якасць калекцыянера. Я ніколі не кідаю задуманага. Ёсць людзі, якія любяць адмахвацца, маўляў, не атрымалася, ну і бог з ім. Я ж у такіх выпадках мыслю інакш: не атрымалася цяпер — атрымаецца на наступны год, не атрымалася на наступны год — атрымаецца праз пяць гадоў”.

“Я працую з 12 рэстаўратарамі-прафесіяналамі, якія шчыруюць з маёй калекцыяй каля 10 гадоў. Гэта менавіта мае рэстаўратары, якія дасягаюць вельмі добрых вынікаў. Праблема рэстаўрацыі сёння не столькі ў тэхніках, колькі ў матэрыялах. Справа ў тым, што за апошнія два стагоддзі, а ў маёй калекцыі ёсць рэчы пачатку ХVІІІ стагоддзя, моцна змянілася вытворчасць і многія дэталі больш не вырабляюцца, напрыклад, паеткі, бісер, шаўковы цюль. Многім здаецца: дык вунь жа бісер у магазіне прадаецца! Але гэты бісер не такога фармату і не такога тону. Я гавару пра бісер памерам з пясчынку, металічныя, пазалочаныя ці сярэбраныя, а не пластыкавыя паеткі, пра шаўковы цюль, які нават у Францыі, яго сталіцы, знялі з вытворчасці. Натуральна, сёння яго робяць у Кітаі, але кітайскі цюль не таго памеру і якасці, якія трэба. Мы працуем выключна з вінтажнымі матэрыяламі. Мы проста не карыстаемся нейкімі там ліпучкамі, маланкамі, лайкрай, спандэксам, паліэстравымі падкладкамі і г.д. Таму нас і бяруць ва ўсе музеі, у нашай калекцыі музейны ўзровень”.

“Нашы выставы пастаянна мяняюцца, бо рэчы хутка стамляюцца: вялікую небяспеку для іх уяўляе, напрыклад, асвятленне (ад магутнага напалу лямпаў рэчы хутка выцвітаюць), насякомыя (асабліва для футра), дый наогул рознае здараецца. У нас неяк была выстава ў адным буйным музеі, у якім падчас моцнага ліўню працёк дах — і ўвесь тынк прасыпаўся канкрэтна на калекцыйную сукенку. Хто ж мог такое ўявіць?! Яе, праўда, рэстаўрыравалі потым. Але гэта было ўжо не тое. Адрэстаўрыраваная рэч ніколі не зможа быць такой жа цудоўнай, якой яна была тады, калі яе толькі-толькі зрабілі”.

“Некаторыя сукенкі нашай калекцыі на мінскіх манекенах нават не закрыліся — па той простай прычыне, што аб’ём таліі ХІХ стагоддзя — гэта 48—50 сантыметраў, і манекены такога фармату вырабляюцца спецыяльна. А ў нас былі выставы і напалеонаўскай эпохі, у якую сукенкі былі настолькі малымі, што не падыходзілі нават падлеткавыя манекены! Людзі ж вельмі выраслі за апошнія 200 гадоў, мы сталі так добра харчавацца, столькі з’елі гармонаў усякіх, што цяпер фарматы жанчын, дый мужчын, вельмі змяніліся. Асабліва гэта відавочна ў ЗША, дзе ўжываецца вельмі многа гарманальнай ежы. Нармальны памер сённяшняга амерыканскага падлетка мужчынскага полу — 47, нармальны памер жаночай нагі там — 41. Мы сталі зусім іншымі”.

“Гісторыя — гэта тое, што было, а не ёсць. І выстава ў Мінску — гэта гісторыя. А выстава сучаснай моды — гэта магазін. Вы ідзяце ў буцік Zara — там усё сучаснае выстаўлена. Туды не трэба купляць білет, а сюды — трэба, таму што гэта музей, а не магазін. Выстава “Моднае стагоддзе” разлічана на самую шырокую публіку. Прыгажосць могуць ацаніць усе”.

“Гэта толькі здаецца, што інтэрнэт вызваляе чалавека ад патрэбы напружвацца і ісці ў музей, маўляў, усе выдатныя музейныя калекцыі сёння алічбаваны і іх можна ўбачыць, не ўстаючы з-за камп’ютарнага стала. Але прамога кантакту з рэччу інтэрнэт ніколі не дасць. У любым выпадку сусветная павуціна будзе скажаць колер. Інтэрнэт не існуе без фоташопа. Ніколі не думалі пра гэта? А я як аўтар многіх кніг па гісторыі моды скажу больш: на тыя пытанні, якія мяне цікавяць, я не магу знайсці адказаў у Google. Там ёсць адказы толькі на папулярныя пытанні”.

“Я прадстаўляю і калекцыі мужчынскага касцюма, як, напрыклад, на выставе “Прыгажун мужчына” ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Але з мужчынскімі ўборамі, сапраўды, ёсць праблема, бо мужчыны такія неахайныя, што зношваюць свае рэчы да дзірак. І, як правіла, усе мужчынскія штаны не дажываюць да выставачных кандыцый. Яшчэ жакеты тады-сяды можна знайсці… А ва ўсіх мужчынскіх штаноў праседжана адно месца, таму што яны носяць іх спачатку неяк так, потым па-іншаму, яшчэ потым на дачы, затым у гаражы, і ў выніку ад штаноў нічога не застаецца. А жанчына з-за какецтва часта носіць рэчы толькі адзін раз — для таго каб паказаць, што ў яе ёсць яшчэ і іншыя ўборы. Многія рэчы жанчыны захоўваюць з-за сентыметальных меркаванняў: вось гэтая сукенка, у якой я хадзіла з ім у тэатр, вось у гэтай сукенцы я першы раз пацалавалася, а калі я была вось у гэтым, ён зрабіў мне прапанову, вось гэтая была маёй выпускной сукенкай і г.д. Такія памятныя ўборы многія жанчыны перадаюць нават у спадчыну сваім нашчадкам, асабліва ў краінах, у якіх у многіх людзей ёсць асабістыя дамы з вялікай жылой плошчай. Напрыклад, у Вялікабрытаніі, ЗША, дзе людзі жывуць ва ўласных маёнтках ці нават невялікіх дамах, але з гарышчам або падвалам, у якіх можна ў куфрах трымаць касцюмы-рэліквіі. А вось у той жа Францыі, на радзіме моды, людзі жывуць пераважна ў малагабарытных кватэрах, дзе няма нават антрэсоляў. І таму французы, нягледзячы на свой статус заканадаўцаў моды (асабліва ў мінулым), страшэнна негатыўна ставяцца да старамоднага адзення. Нешта выйшла з моды — выкідаем, аддаём, не трэба нам. Амерыканцы ж і англічане ў гэтых пытаннях вельмі педантычныя: захоўваюць адзенне сваіх родных дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі, пішуць і прымацоўваюць да іх цыдулачкі, маўляў, гэта шкарпэтачкі майго прапрапрадзядулі, які насіў іх у 1843 годзе… І рэчы менавіта з такімі анатацыямі часта трапляюць на аўкцыёны. Аўкцыёны — гэта, насамрэч, самае лепшае месца для набыцця каштоўных рэчаў. Ні на якіх блышыных рынках вы ніколі ў жыцці не знойдзеце нічога нават з перыяду 20-х гадоў! З 70-х, 80-х — можа быць. Але гэта ўжо часцей за ўсё серыйны выпуск і сінтэтычныя матэрыялы. Немузейны ўзровень”.

“Аўтэнтычнага рускага стылю сёння няма, бо ён не можа існаваць у краіне, у якой няма народнага касцюма. У Расіі народны касцюм забілі. Ён існуе выключна ў танцавальных і песенных ансамблях, і выкананы ён з сучасных матэрыялаў, пашыты на машынцы. Гэта не мае ніякіх адносін да нацыянальнага адзення як такога. Нацыянальнае адзенне жыве толькі там, дзе ёсць тыя, хто яго носіць. Напрыклад, у Іспаніі, Аўстрыі, Японіі, Індыі, Шатландыі. Там ёсць наладжаная вытворчасць нацыянальнага адзення, і яго рэальна носяць. А ў Расіі, калі вы знойдзеце хоць аднаго мужчыну, не чарнасоценца, які носіць касаваротку, зрабіце яго фотаздымак і пакажыце мне, каб я памыліўся. Ці жанчыну, не проста звар’яцелую модніцу ў сарафане, якая носіць яго, таму што гэта такі модны павеў з Мілана, не адэптку царквы старавераў, а рэальную расійскую жанчыну, якая носіць яго ў штодзённым жыцці… Я з задавальннем на гэта пагляджу, але я ўпэўнены, што гэта за межамі фантастыкі. Зрэшты, дзякуй богу, што дзе-нідзе сёння хоць для шлюбу надзяваюць не ганконгскія кветачкі, а вышыты жэмчугам какошнік. Між іншым я гэтага доўга дабіваўся і цяпер радуюся, бо какошнік для рускай нявесты сапраўды больш адэкватны за кветачкі з Ганконга. І да вышымаек, якія сёння вельмі папулярны ў Беларусі, я стаўлюся толькі станоўча”.

“Асабліва важны трэнд гэтага сезона — стыль бежанкі: падраныя джынсы з вялікай колькасцю дзірак ва ўсіх месцах… Гэтакая беднасць, узведзеная ў ранг элегантнасці. Можна па-рознаму ставіцца да такога трэнду, але менавіта па ім мы праз гады і дзесяцігоддзі будзем пазнаваць, што вось гэтая рэч — рэч 2017 года. А ўвогуле, мода мае цыклічны характар. Сёння ў модзе гранж, які быў актуальны ў 90-я гады, а зараз вярнуўся зноў. І высокая талія многа разоў забывалася, а потым вярталася. І нізкая талія, і накладныя плечукі, і палоскі, і гарошак, і клетачкі, і абутак на агромністых платформах… Вы хочаце нечага новага? Ніякіх прынцыповых навінак ад моды не чакайце. Яны ўжо ўсе прыдуманы. Новага нічога не будзе. Акрамя паранджы. Гэта тое, што нас чакае… праз гадоў так дваццаць”.

“Стыль унісекс — гэта данасць нашых дзён. Вось вы зараз перада мной седзіце — вы ўсе апрануты ў трыкатаж: і дзяўчаты, і хлопцы. Трыкатаж можа насіць чалавек любога полу, бо гэты матэрыял расцягваецца на выпукласцях. Футболка, пуловер, світар — гэта ўсё трыкатаж… А джынсы — гэта апрыёры ўнісекс. І вось часам гавораць з абурэннем: “Як гэта так, што прадаецца ўсё аднолькавае?!” А хіба жанчыны не ўкралі ўсё ў мужчынскім адзенні? Уключаючы падцяжкі! А цяпер жанчыны бядуюць з-за таго, што забралі ў мужчын. Дык а навошта забіралі? А мужчынам, у сваю чаргу, стала таксама сумна ад таго, што ў іх усё забралі. І цяпер многія модныя дызайнеры шыюць для мужчын, напрыклад, шаўковыя сукенкі. Я не думаю, што гэта будзе папулярна, але такіх калекцый я бачыў штук дзесяць”.

“Не трэба засмучацца з-за таго, што ў модзе ўсё ўжо прыдумана. Заўсёды можна будзе зрабіць новую кампазіцыю з таго, што ёсць. Гэта як у кулінарыі: можна прыдумаць новы салат, дабавіўшы туды чагосьці менш, а чагосьці больш… і заправіўшы яго якім-небудзь новым соусам. І гэтак жа суп мы варым. Быццам бы ведаем усё, што ў каструлю кідаем. А пакаштуем — і новы смак!”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.