Майстар пэндзля і іголкі

Аліна Аляксандраўна Ігнацюк працуе бібліятэкарам у Дарапеевіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Маларыцкага раёна. У вольны час любіць вышываць крыжыкам і маляваць карціны. Падчас сёлетняй жнівеньскай нарады педагогаў Маларытчыны адбылася першая выстава работ А.А.Ігнацюк.

— Н іколі не думала, што настолькі сур’ёзна захаплюся маляваннем, — гаворыць Аліна Аляксандраўна. — Я часта любавалася і захаплялася карцінамі вядомых мастакоў, не ўяўляючы, як можна стварыць рукамі такую прыгажосць. Вырашыла паспрабаваць сама. Першай карцінай стала “Эйфелева вежа”, у якой увасобіла сваю мару пабываць у Парыжы. Намаляванае спадабалася. Захацелася стварыць яшчэ што-небудзь. За напісаннем карціны магу прасядзець да 4 гадзін. Творчая праца захапляе, акрыляе, прыносіць задавальненне, заспакаенне і радасць.

Аліна Аляксандраўна Ігнацюк — самавучка. Спецыяльнай мастацкай адукацыі ў яе няма. Усе таямніцы і сакрэты творчага працэсу спрабуе раскрыць сама. У свой час скончыла Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе набыла спецыяльнасць інжынера садова-паркавага будаўніцтва. Вярнулася ў родную вёску, уладкавалася ў бібліятэку.

— Школы мастацтваў у Дарапеевічах няма, — расказвае Аліна Аляксандраўна. — Пэўныя веды набыла ва ўніверсітэце. Шмат давялося вучыцца самой. Разам з напісаннем карцін на палатне займаюся вышыўкай карцін крыжыкам. Гэта больш карпатлівая і напружаная праца, якая патрабуе ўседлівасці, цярпення, уважлівасці і часу.

Вышываць крыжыкам жанчыну навучыла яе бабуля. У дзіцячыя  гады будучая мастачка некалькі гадоў наведвала школьны гурток “Умелыя ручкі”.

— Звычайна творчыя задумы рэалізоўваю пасля работы ці на выхадных, — гаворыць А.А.Ігнацюк. — Бывае, маляванне ці вышыўка так захапляюць, што сяджу за палатном ці з іголкай у руках паўночы.

У Аліны Аляксандраўны шмат планаў. Ёй хацелася б пабываць на майстар-класе вядомага сучаснага мастака, зазірнуць у яго творчую майстэрню, арганізаваць персанальную выставу сваіх карцін, напрыклад, у гарадскім Доме культуры.

— На дасягнутым не спыняюся. Буду натхнёна і шмат працаваць, удасканальваць майстэрства і развівацца, — прызнаецца А.А.Ігнацюк.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.