Па рацэ часу

Рака часу ўвасабляецца ў інтэр’ерах 4-й гродзенскай гімназіі. Калідоры другога паверха каля музейных памяшканняў тут упрыгожылі выявамі архітэктурных каштоўнасцей горада. І зрабілі гэта, як кажуць, уласнымі сіламі. А яшчэ ў гімназіі з’явілася традыцыя: дакранешся да маёлікавага крыжа, такога, як на Каложы, — і будзе табе шчасце, добрая адзнака на ўроку забяспечана. Але аб усім па парадку.

— Наша гімназія пабудавана ў вельмі знакавым месцы — калісьці тут знаходзілася адна з рэзідэнцый апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага — Аўгустовак, — расказвае настаўніца гісторыі і кіраўнік гімназічнага музея Вольга Грамыка. — З першых дзён існавання нашай навучальнай установы мы з дзецьмі сталі вывучаць гэтае месца. У 2009 годзе быў створаны музей “Аўгустовак: гісторыя і лёсы”.

За дзесяць гадоў пашырылася не толькі тэматыка экспазіцый. Музей выйшаў за прасторы сваіх памяшканняў. Калектыўная думка педагогаў падказала рашэнне — аформіць рэкрэацыю другога паверха выявамі старажытнага Гродна. А ўвасобіў ідэю ў жыццё, стварыў фрэскі, барэльефы настаўнік біялогіі гімназіі Віктар Радыёнаў, які вядомы і як мастак Віктар Вечар.

Аляксандр Кулевіч, Вольга Грамыка, Віктар Радыёнаў і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ларыса Сеўрукова.

— Каб стварыць стылізаваную выяву нашай знакамітай Каложы, не адзін раз там пабываў, — гаворыць Віктар Яўгенавіч. — І кожны раз царква адкрывалася з іншага боку. Так з’явілася выява Каложы, такія ж цэглы і маёлікавы крыж. Такія ж крыжы да нашага часу ўпрыгожваюць царкву і надаюць ёй тую адметнасць, якую ўсе ведаюць.

Зараз у гімназіі можна ўбачыць архітэктурныя помнікі, якія захаваліся ў Гродне і якія, на жаль, ужо страчаны. Рака часу нясе сучасных гімназістаў ад помніка да помніка, ад стагоддзя да стагоддзя, дапамагае ім убачыць іх прыгажосць і непаўторнасць.

А Віктар Яўгенавіч працягвае працаваць над чарговым мастацкім творам — Фарным касцёлам, адной з самых вядомых архітэктурных славутасцей Гродна. А вакол заўсёды віруюць дзеці, і часам малыя атрымліваюць дазвол узяць у рукі пэндзлік. А старшакласнікі падчас летніх канікул дапамагалі ў больш значных работах — рыхтавалі сцены для стварэння кампазіцый, выконвалі чарнавыя аб’ёмы барэльефаў. Спонсарскую дапамогу аказала гродзенскае прадпрыемства “Тайфун”, якое прадаставіла будаўнічыя матэрыялы — шпаклёўку, тынк.

— Гэты была сапраўды калектыўная работа: хтосьці прапаноўваў ідэі і канцэпцыю, а Віктар Яўгенавіч гэта ўвасабляў, — гаворыць дырэктар гімназіі Аляксандр Кулевіч. — І работа гэтая працягваецца. Плануем, што з’явяцца імітацыя гродзенскай брусчаткі, ліхтары, лаўкі. Ужо ёсць стылізаваныя інфармацыйныя стэнды, напрыклад, пра Стэфана Баторыя, дабавяцца яшчэ стэнды з аповедам аб Антонію Тызенгаўзе, Элізе Ажэшка і іншых знакамітых гродзенцах. Тут будуць працягвацца экскурсіі, якія пачынаюцца ў гімназічных музейных экспазіцыях.

А ў сакавіку іх можна будзе наведаць з дапамогай ЗD-тура — зараз ідзе алічбоўка экспазіцый. Дарэчы, удзельнікі гімназічнай школы экскурсаводаў праводзяць экскурсіі на чатырох мовах — беларускай, рускай, англійскай і польскай.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.