У свеце папяровай творчасці

Амаль 25 гадоў працую ў сярэдняй школе № 1 Лунінца. Апошнія 15 — выхавальніцай групы прадоўжанага дня. З дзяцінства імкнулася ствараць прыгажосць сваімі рукамі. Спачатку вопратку для лялек, якую шыла з усяго, што можна было разрэзаць: старога адзення, кавалачкаў тканіны і футра. Потым захапілася маляваннем, кіравала школьнай рэдкалегіяй па выпуску розных плакатаў, насценгазет, тэматычных малюнкаў і г.д.


Падчас вучобы ў педагагічным вучылішчы прачытала кнігу “Урокі вязання на прутках і кручком”. Гэта стала новым захапленнем і, як паказала жыццё, яшчэ і вельмі карысным заняткам. З дапамогай пруткоў і кручка стварала абноўкі для родных і сяброў. У школе кіравала гуртком “Вязанне кручком”, у якім пяцікласнікі вязалі сурвэткі, цацкі, каўнерыкі, шапкі, шалікі і нават пледы. Гурток наведвалі не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі.

У сучасных дзяцей ужо няма патрэбы ствараць для сябе адзенне сваімі рукамі. Крамы прапаноўваюць шырокі выбар тавараў на любы густ. Але жаданне ствараць прыгожыя вырабы ёсць у кожнага дзіцяці. Дарослым застаецца толькі заўважыць яго, раскрыць і навучыць сакрэтам майстэрства.

Групу прадоўжанага дня наведваюць вучні 2—3 класаў. Трэба бачыць, як запальваюцца іх вочкі і з якім жаданнем яны адгукаюцца на прапанову зрабіць прыгожую паштоўку, аплікацыю, кветку ці цацку, калі я дэманструю ім гатовы выраб і кажу, што ў кожнага таксама атрымаецца. Чую пытанні: “А з чаго гэта зроблена?”, “А вы мне пакажаце, як трэба?”, “А вы мяне навучыце?”, “Я хачу зрабіць падарунак маме. Можна?” і г.д.


Вядома, можна. І мы пачынаем ствараць маленькія шэдэўры з паперы, бо менавіта яна з’яўляецца найлепшым матэрыялам для дзіцячай творчасці. Паперу можна рэзаць, згінаць, згортваць, камячыць, рва ць, размалёўваць, склейваць, мачыць і сушыць. Папера розная па таўшчыні, колеры, структуры і г.д. Папера і фантазія даюць амаль неабмежаваныя магчымасці для творчасці, таму маё аб’яднанне па інтарэсах так і называецца — “Папера і творчасць”.

Заняткі ў аб’яднанні праходзяць па суботах. Іх наведваюць вучні 3—4 класаў, пераважна тыя, хто захапіўся папяровай творчасцю яшчэ ў групе прадоўжанага дня. Тут дзеці ствараюць больш складаныя вырабы з паперы. Вучні засвойваюць тэхніку модульнага арыгамі, дзе з маленькіх папяровых трохвугольнікаў-модуляў атрымліваюцца вельмі прыгожыя аб’ёмныя вырабы: вазы і кветкі, стылізаваныя выявы жывёл і птушак, рыб і земнаводных, мультыплікацыйных і казачных персанажаў і шмат чаго іншага.

У тэхніцы квілінгу атрымліваюцца цудоўныя аб’ёмныя аплікацыі, з дапамогай якіх можна стварыць арыгінальную паштоўку, пано, сувенір і г.д. Старэйшыя дзеці засвойваюць пляценне з папяровай лазы. Гэты від творчасці самы працаёмкі ў плане падрыхтоўкі матэрыялаў для работы, іх афарбоўвання і дэкаратыўнай апрацоўкі гатовых вырабаў. Але гэта нікога не пужае, бо атрыманае вельмі падабаецца дзецям і іх бацькам. З папяровай лазы мы ствараем падстаўкі для алоўкаў, скарбонкі, куфэркі, кошыкі і вазы розных форм і памераў, кашпо для пакаёвых кветак, стылізаваныя навагоднія ёлкі, мэблю для лялек, а таксама ўсё, што падкажа фантазія ці інтэрнэт.


Падчас работы вельмі цікава і карысна назіраць за вучнямі. У кожнага з іх свой характар і тэмперамент. Адзін імкнецца выканаць усё як мага хутчэй, каб першым завяршыць работу. Як правіла, вынік такой работы даволі няўдалы. Другі, наадварот, не спяшаецца, усё робіць старанна і акуратна. І тут ужо вынік зусім іншы. Трэці стараецца, але ў яго не атрымліваецца. Некалькі разоў пачынае спачатку — і ўсё нешта не так, у вачах адчай. Вельмі важна своечасова заўважыць гэта і дапамагчы такому вучню, каб абараніць ад няправільнай самаацэнкі, пераканаць у сваіх здольнасцях, у тым, што і ў яго ўсё абавязкова атрымаецца. Памятаю словы адной дзяўчынкі, якая сказала, што яе маці ніколі не паверыць, нібыта гэта яна сама зрабіла, бо лічыць, што ў дачкі няма творчых здольнасцей. Крыўдна за такіх мам, якія не вераць у сваіх дзяцей і сваімі словамі руйнуюць намаганні педагога. Хочацца верыць, што, убачыўшы творчыя работы дзяцей, бацькі абавязкова пахваляць і падтрымаюць іх. Гэта вельмі важна.

На занятках у аб’яднанні дзеці вучацца розным прыёмам работы з паперай: шматразоваму згортванню, згінанню, разрэзванню, скручванню, склейванню і інш. Акрамя таго, школьнікі знаёмяцца з асноўнымі геаметрычнымі паняццямі, узбагачаюць слоўнікавы запас новымі словамі і тэрмінамі. У дзяцей развіваецца дробная маторыка. Яны вучацца чытаць чарцяжы і ўяўляць па іх гатовыя вырабы ў аб’ёме. Дзякуючы ўзнікненню гульнявых сітуацый, у дзяцей развіваюцца камунікатыўныя здольнасці. Неабходнасць запамінання паслядоўнасці работы развівае ўвагу і памяць. У вучняў фарміруюцца навыкі культуры працы, стараннасці і акуратнасці. Дзеці вучацца эканомна выкарыстоўваць паперу, фарбу, лак і іншыя матэрыялы. Дома школьнікі складваюць з паперы модулі, круцяць на прутках папяровую лазу, прычым часта з бацькамі ці сябрамі. І гэта выдатна, бо нішто так не аб’ядноўвае, як сумесная творчасць ці гульня.


Дзіцячыя вырабы ўдзельнічаюць у розных творчых конкурсах, дзе заўсёды адзначаюцца дыпломамі. Перамогі стымулююць развівацца і рухацца наперад. Я пастаянна цікаўлюся навінкамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, аналізую іх з мэтай выкарыстання ў рабоце з дзецьмі. Калі пэўны від творчай дзейнасці з’яўляецца цікавым і даступным, абавязкова засвойваю яго і перадаю свае веды і ўменні вучням. А каб навучыць іх творчасці, трэба самому “захварэць” на яе. Гэтая “хвароба” суправаджае мяне ўсё жыццё. Не разумею, як можна сядзець і глядзець тэлевізар і пры гэтым нічога больш не рабіць. Гэта ж колькі часу дарэмна прападае, за які можна нарыхтаваць гару модуляў, накруціць папяровай лазы, зрабіць арыгінальны кошык ці кветку, звязаць цёплы шалік ці шкарпэткі і шмат чаго яшчэ.

Хачу пажадаць калегам “захварэць” на творчасць разам з дзецьмі. Гэта дапаможа вам стаць сапраўднымі сябрамі.

Валянціна ХАНДРЫКА,
выхавальніца групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 1 Лунінца.