Згодна з класіфікацыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, узрост чалавека дзеліцца на некалькі перыядаў: да 44 гадоў лічыцца маладым, 45—59 — сярэднім, 60—74 прызнаны пажылым, 75—89 — старэчым, людзі 90—100 і старэйшыя з’яўляюцца доўгажыхарамі. Пажылымі ў нас прынята называць тых, хто дасягнуў пенсійнага ўзросту, у агульнасусветнай практыцы гэты перыяд выпадае на 60—65 гадоў. Па статыстыцы, з году ў год колькасць людзей у гэтым узросце расце, таму неабходны перагляд іх ролі ў грамадстве і адносін да іх у цэлым. Агульнавядома, што медыцына можа толькі дапамагчы захаваць здароўе і бадзёрасць духу. Асноўную работу давядзецца зрабіць самастойна. І першае, што неабходна змяніць, — свой лад жыцця. Каб атрымаць здаровае і паўнавартаснае жыццё на доўгія гады, трэба зрабіць некалькі крокаў яму насустрач.
1. Правільныя суадносіны працы і адпачынку. Прытрымлівайцеся здаровай раўнавагі працы і адпачынку. Начныя перапрацоўкі і паверхневы сон — першыя крокі да нервовага і фізічнага знясілення арганізма. Напружаная праца без адпачынку і выхадных не дабавіць вам доўгіх гадоў жыцця, а хутчэй прывядзе да парушэнняў у рабоце сістэмы кровазвароту, нервовай і эндакрыннай сістэм, апорна-рухальнага апарату, да прыгнечання імуннай сістэмы. Правільнае, фізіялагічна абгрунтаванае чаргаванне элементаў цыкла “работа — адпачынак” — залог захавання здароўя на многія гады.
2. Рацыянальнае харчаванне. Пераважная большасць людзей атрымлівае залішнюю колькасць калорый і пераядае. Калі чалавек не займаецца цяжкай фізічнай працай, яму дастаткова 1500—2000 кілакалорый на дзень. Сярод доўгажыхароў няма таўстуноў, таму вельмі важна, каб быў баланс паміж ужытымі і патрачанымі калорыямі.
У людзей пажылога ўзросту харчаванне павінна быць разнастайным і збалансаваным. Аптымальнымі харчовымі якасцямі валодаюць малочныя прадукты і прадукты расліннага паходжання. Карыснымі з’яўляюцца нятлустыя рыба і мяса. Пастарайцеся не пераядаць і не галадаць. Ешце ў пэўны час, невялікімі порцыямі 4—5 разоў на дзень. Не варта захапляцца дыетамі, а разгрузачныя дні праводзьце толькі па рэкамендацыі і пад кантролем урача. Асноўны рацыён складайце з мясцовых прадуктаў, вырашчаных у сваім рэгіёне.
3. Фізічная актыўнасць. Урачы адзіныя ў меркаванні, што фізкультура карысная для ўсіх людзей. Практыкаванні па ўзросце і ў адпаведнасці са станам здароўя трэніруюць сардэчна-сасудзістую і дыхальную сістэмы, дапамагаюць захаваць і палепшыць спрытнасць, трываласць і каардынацыю. Пра ступень нагрузкі трэба параіцца са спецыялістамі, бо пажылыя людзі пакутуюць на гіпертанію, стэнакардыю, ішэмічную хваробу сэрца. У тых, хто рэгулярна выконвае фізічныя практыкаванні, ад узроствых змен мозг абаронены лепш.
4. Моцная сям’я — моцнае здароўе. Чароўных таблетак, якія прадаўжаюць жыццё, няма. Аднак ёсць добрае выказванне старажытных мудрацоў: “Мы не таму перастаём любіць, што старэем, а таму старэем, што перастаём любіць”. І пакуль чалавек любіць дзяцей, бацькоў, сяброў, тых, хто яго акружае, ён адчувае сябе патрэбным і на сваім месцы. Важным фактарам падтрымання паўнавартаснага жыцця для пажылых людзей з’яўляецца псіхалагічны камфорт, трывалыя сямейныя традыцыі, падтрымка і разуменне сваякоў. Гэта залог шчаслівага жыцця і даўгалецця.
5. “Не!” дэпрэсіі. Што такое дэпрэсія ў чалавека старога ўзросту? Гэта псіхалагічная траўма, думкі пра былыя памылкі, мукі сумлення, непакой, пачуццё бязвыхаднасці, непатрэбнасці і адзіноты, прыгнечанасць, усведамленне ўпушчаных магчымасцей. Яны аслабляюць жыццёвую энергію, змяняюць апетыт і сон, зніжаюць канцэнтрацыю ўвагі і памяць. Пазітыўны погляд на жыццё — вось што важна для паспяховага пераадолення дэпрэсіі. Пажылыя людзі павінны дарыць яго ўсім і атрымліваць ад іншых. Радуйцеся любому поспеху: калі не свайму, то дзяцей і ўнукаў. І разам з усмешкай прыйдзе добры настрой.
6. Жыццё ў гармоніі з прыродай. Вялікая частка доўгажыхароў, як правіла, жыве ў сельскай мясцовасці і не схільна да гарадскіх стрэсаў. Летам многія пенсіянеры з пыльнага мегаполіса імкнуцца на дачу, працуюць на агародзе, пераключаюцца на спакойны і мерны рытм. Праца і свежае паветра спрыяюць даўгалеццю.
7. Самаадукацыя. Прымушаючы мозг актыўна працаваць, чалавек не толькі захоўвае галаву светлай, але і актывізуе дзейнасць сэрца, сістэмы кровазвароту і абмен рэчываў. Найважнейшай умовай аздараўлення з’яўляецца духоўнае ўдасканаленне. Разгадвайце крыжаванкі, больш чытайце, вучыце замежныя мовы. Пажылыя людзі шукаюць творчыя заняткі, пачынаюць пісаць вершы, маляваць карціны, займаюцца фізкультурай, вывучаюць штосьці новае. Калі чалавек — асоба, ён у любым узросце шукае шляхі для самарэалізацыі. Вучыцца ніколі не позна.
Калі хочаце быць здаровым зараз і потым, навучыцеся жыць у гармоніі з сабой і светам, настройце сябе і навакольных на пазітыў і радуйцеся кожнаму дню!
Надзея СКРЫННІК,
загадчык аддзела грамадскага здароўя
Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.