Галаўны боль — адзін з самых распаўсюджаных сімптомаў, з якім пацыенты звяртаюцца да ўрача. Прычын, якія яго выклікаюць, мноства. Але праводзіць самадыягностыку і падбіраць варыянты лячэння на аснове парад сяброў не лепшы варыянт: часта нават бяскрыўдныя сімптомы могуць указваць на сур’ёзныя паталогіі.
Пра тое, чаму ўзнікае галаўны боль, на што часцей за ўсё скардзяцца школьнікі і ў якіх выпадках трэба звяртацца да ўрача, расказвае ўрач-неўролаг, кандыдат медыцынскіх навук, старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі Ігар Ігаравіч ЗАЙЦАЎ.
— Ігар Ігаравіч, з якімі скаргамі пацыенты часцей за ўсё прыходзяць да ўрача-неўролага?
— Самая частая прычына, па якой людзі звяртаюцца да ўрача-неўролага ў развітых краінах, — галаўны боль. Гэта характэрна і для нас таксама. На жаль, галаўны боль шчыльна ўвайшоў у жыццё як дарослых, так і дзяцей, стаў хваробай цывілізацыі. У сувязі з гэтым Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла эпідэмію галаўнога болю ў людзей развітых краін. У чым жа сэнс гэтай з’явы? Зразумела, што мозг сам па сабе балець не можа. Непрыемныя адчуванні арганізму перадаюць сасуды галаўнога мозгу, яго абалонкі і ўсё тое, чым ён закрыты і абараняецца ад знешніх пагроз.
Сёння большасць галаўных боляў, ад якіх пакутуюць людзі, гэта класічныя болі напружвання, вянозны застой, які звязаны з нашым ладам жыцця. Калі паглыбляцца ў пытанне, то варта нагадаць, што чалавек — гэта індывід, якому заўсёды трэба рухацца. Мільёны гадоў эвалюцыі, у выніку чаго сфарміраваўся чалавек разумны, указваюць на тое, што тады людзі знаходзіліся ў пастаянным руху. У іх развівалася мышачная сістэма, сістэма крывяносных сасудаў, яны знаходзіліся ў пастаянным руху, безупынным развіцці. Сёння мы ўсё больш сядзім, менш рухаемся. Пры дапамозе транспарту пераадольваем любыя адлегласці і пры гэтым не прыкладаем ніякіх намаганняў. Сярод людзей прагрэсіруе гіпадынамія — біч XXI стагоддзя. У нас з’явіліся тэлефоны, планшэты і г.д. Усё гэта аблягчае жыццё, без іх яно не ўяўляецца, але гэта статыка. Калі раней ад статычнай нагрузкі пакутавалі дальнабойшчыкі, касіры, то сёння — праграмісты, работнікі інжынернай сферы, якія прыкаваны да тэхнікі, з якой працуюць.
— На галаўны боль таксама часта пакутуюць школьнікі. Што з’яўляецца прычынай яго ўзнікнення?
— Справа ў тым, што сучасныя школьнікі, як і дарослыя, пакутуюць ад статыкі. Хто-небудзь можа ўявіць сучаснага навучэнца без тэлефона? Гэта немагчыма. Раней, гадоў 15—20 назад, мы хадзілі гуляць, дамаўляліся загадзя з сябрамі, дзе сустрэнемся. Сёння ж дзеці пастаянна на сувязі адно з адным. Увогуле, школьніку таксама неабходны інтэрнэт: гэта не толькі магчымасць знайсці неабходную інфармацыю, але і адпачыць, пагуляць у што-небудзь. Сучасныя дзеці вельмі камфортна адчуваюць сябе ў інтэрнэце, цудоўна ўмеюць усім карыстацца. Але гэта забірае ў іх фізічную актыўнасць. Зараз мы падышлі да пытання наконт таго, як гэта звязана з галаўнымі болямі. У нашым арганізме сістэма прытоку крыві — гэта магутныя артэрыі, магістральныя праспекты, а кроў забіраецца ў тонкую слабую сістэму — вены. Парадаксальна, але кроў будзе заўсёды прыцякаць, бо працуе сэрца, а адцякае яна пасіўна, у вены. Гэта адбываецца, нават калі мы перавернемся галавой уніз. У той час, калі артэрыі спраўляюцца з гэтымі нагрузкамі, вены не спраўляюцца з адпаведным становішчам. Калі мы сядзім, крываток блакіруецца, вянозная кроў застойваецца. Прафіцыт крыві, які атрымліваецца, пачынае давіць на мозг. Звычайна так адбываецца ў канцы рабочага дня. Калі сіметрычна баляць скроні, лоб, патыліца і нават мускулатура, гэта класічны боль шыі. Ён не нясе пагрозы жыццю, але сапсаваць можа, калі будзе часта паўтарацца. Чым лячыць? У гэтым выпадку таблеткі — ужо крайняя мера. Лячэнне павінна заключацца ў наладжванні ладу жыцця. Прывяду прыклад. Калі чалавек парэзаў палец і заклеіў яго самым лепшым пластырам, але пры гэтым згінае і разгінае палец, кроў усё роўна будзе прасочвацца. Таму з галаўнымі болямі напружання, ад якіх сёння пакутуюць амаль усе школьнікі і студэнты, трэба змагацца пры дапамозе фізічнай актыўнасці. Калі будзе адсутнічаць фізічная актыўнасць, то нават Гіпакрат не дапаможа.
Вітаміны і біядабаўкі таксама не дапамогуць, калі не будзе выконвацца галоўная ўмова — пастаянны рух, фізічная актыўнасць. Няхай гэта будзе проста размінка ці масаж каўняровай зоны. Але гэта павінна быць.
Такім чынам, пешыя прагулкі, ЛФК, а для школьнікаў — размінка і фізкультура павінны стаць неад’емнай часткай жыцця. Згадзіцеся, сядзець на ўроку 45 мінут, а потым 5 мінут “вісець” у тэлефоне замест таго, каб рухацца, — гэта фіяска. Так не павінна быць. Перапынкі ў школе даюцца выключна для таго, каб арганізм адпачываў. А правільны адпачынак — гэта фізнагрузка.
— Ці часта ў вашых пацыентаў, у прыватнасці школьнікаў, дыягнастуецца мігрэнь?
— Мігрэнь адрозніваецца ад звычайнага галаўнога болю тым, што падчас яе баліць палова галавы. Падчас мігрэні ўзнікае моцны пульсуючы боль, які можа суправаджацца паніжэннем зроку ў адным воку, можа быць поўная слепата або так званыя “мушкі”. Таксама можа ўзнікаць цяжкасць або часовы параліч у адной руцэ і назе, але ў дзяцей гэта назіраецца вельмі рэдка.
Мігрэнь суправаджаецца тым, што чалавеку становяцца непрыемнымі гук і святло, можа назірацца рвота. Безумоўна, у лячэнні і прафілактыцы мігрэні таксама значная роля адводзіцца ладу жыцця, але неўролагі назначаюць сваю супрацьрэцыдыўную тэрапію.
Калі паглядзець на міжнародныя пратаколы лячэння, то яны часта выкарыстоўваюць такі тэрмін, як чырвоныя сцяжкі: тое, на што не прафесіянал, а звычайныя людзі павінны звяртаць увагу. Такім чынам, які галаўны боль павінен нас насцярожваць? Безумоўна, той, які паўтараецца дзень пры дні, прычым ён не звязаны ні з фізічнай, ні з разумовай нагрузкай. Разам з гэтым інтэнсіўнасць болю нарастае, з’яўляецца пачуццё млоснасці. Нас павінна непакоіць, калі млоснасць і боль з’яўляюцца яшчэ і ноччу. Найгоршы варыянт — калі ў дадатак да гэтага ўзнікаюць эпілептычныя прыпадкі. Усё вышэй пералічанае — агульнамазгавая сімптаматыка падчас анкалогіі. Безумоўна, не трэба падчас галаўнога болю адразу ж бегчы і рабіць камп’ютарную тамаграфію. Такія меры прымальныя, калі чалавеку з кожным разам становіцца ўсё горш і горш, свежых прамежкаў, калі галава не баліць, няма. У заходніх краінах гэта называюць musthave: калі чалавек пакутуе ад галаўнога болю, трэба звярнуцца да ўрача, каб высветліць неўралагічны статус. Таксама абавязковым з’яўляецца наведванне акуліста, бо вочы — гэта не толькі люстэрка душы, гэта яшчэ і адлюстраванне нашага мозгу: мікрацыркуляторнае рэчышча — вены і сасуды вока — гэта паталагічнае люстэрка мозгу. Залаты стандарт даследаванняў — МРТ і КТ — робяць па паказаннях, у той час як агляд акуліста — абавязковы крок у дыягностыцы захворванняў мозгу. Увогуле, неўролагі — песімісты: лепш абследаваць 100 здаровых, чым прапусціць 1 хворага. Для мяне, як для супрацоўніка РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, пухліны ў дзяцей, парокі развіцця сасудаў не з’яўляюцца рэдкасцю.
— Што такое абузусны галаўны боль?
— Сёння многія дзеці і іх бацькі злоўжываюць лекамі. Гэта і называецца абузусным галаўным болем. Ён выклікаецца некарэктным ужываннем лекаў для купіравання галаўнога болю. Класіка жанру — прыём нестэроідных супрацьзапаленчых лекавых сродкаў, асабліва камбінаваных. Цытрамон і яго аналагі ўтрымліваюць у сваім складзе кафеін. Уявіце, падчас галаўнога болю бацькі давалі дзецям гэтыя таблеткі. Дзеці рэжым не мянялі, і разам з гэтым у іх развілася медыкаментозная залежнасць, ад якой пазбавіцца вельмі цяжка. Хочацца папярэдзіць, што таблеткамі злоўжываць нельга, таму што абузусныя (медыкаментозныя) болі — гэта катастрофа. У краінах Еўрапейскага саюза, каб людзі не злоўжывалі нават бяскрыўдным, як нам здаецца, цытрамонам, прадаваць яго пачалі па рэцэпце.
— Як часта ў маладых жанчын і дзяцей дыягнастуецца недасканаласць сістэмы крыватоку? Вынікам чаго яна з’яўляецца?
— Так, насамрэч, асобная група пацыентаў — дзяўчаты. Жаночы арганізм больш падвержаны галаўному болю. Зараз маю на ўвазе сасудзісты тонус. А сучасныя дзеці развіваюцца хутчэй, чым іх бацькі. Увогуле, па ўсім свеце ідзе акселерацыя: тэмпы фізічнага развіцця паскорыліся, некаторыя дзеці ў 15 гадоў выглядаюць на 20, раней адбываюцца гарманальныя перабудовы.
Калі паглыбляцца ў развіццё арганізма, то мы расцём непрапарцыянальна. У сучасных дзяцей цела, рукі і ногі — мясакасцявая сістэма — апярэджваюць сістэму жыццезабяспячэння. Калі пераводзіць з урачэбнай мовы на простую, то сэрца і сасуды не могуць забяспечыць мышцы і цела той сістэмай крыватоку, якой бы хацелася. Таму ў класіцы гэта называецца вегетасасудзістая дыстанія — недасканаласць сістэмы крыватоку ў маладога арганізма, што расце.
Дзяўчаты з нізкім ціскам, бледнай скурай, а таксама тыя, хто схільны губляць прытомнасць ці заўважае за сабой выпадкі ліпатыміі — гэта ўсё вегетасасудзістая дыстанія. Што рабіць, калі ўстаў і пацямнела ў вачах ці калі рэзка ўстаў і страціў прытомнасць? Гэта лечыцца фізічнымі нагрузкамі. Сэрца — вялікая мышца. Калі мы ходзім на фізкультуру, у нас растуць не толькі біцэпс і трыцэпс. У нас расце і мацнее мускулатура сістэмы кровазвароту. Самая няправільная парада, якую можна даць гэтым дзяўчатам, гэта забыць пра любую фізічную нагрузку. Безумоўна, да прафесійнага спорту яны не гатовы, ён ім толькі нашкодзіць, але рухацца трэба заўсёды.
Часта сутыкаюся з тым, што ў бальніцы прыходзяць людзі, якія стаміліся ад болю галавы, але горш ім стала пасля таго, як перасталі займацца спортам.
Таму відавочна: спорт заўсёды павінен прысутнічаць у жыцці. Кожны павінен займацца тым, што яму падабаецца. Няхай нагрузка не будзе вялікай, галоўнае, каб яна ўвогуле была і прыносіла задавальненне.
— Ці могуць ВСД і мігрэнь перадавацца ў спадчыну?
— Адназначна, можа быць сямейная схільнасць да нестабільнага сасудзістага тонусу. Часцей за ўсё гэтаму падвержаны жанчыны з-за свайго гармальнага фону і тэндэнцыі да нізкага ціску. Таксама гэта актуальна для падлеткаў (рукі, ногі і цела сталеюць хутчэй, чым гэта можа забяспечыць сэрца). Ёсць таксама сямейная схільнасць па жаночай лініі.
Што тычыцца мігрэні, то яна бывае спарадычнай (выяўленая ўпершыню), таксама ёсць яе сямейная форма (перадаецца з пакалення ў пакаленне). Апошнюю лячыць намнога складаней: мігрэнь цыркулюе і мацней праяўляецца ў кожным наступным пакаленні.
Вельмі рэдка ВСД і мігрэнь паражаюць дзяцей ранняга ўзросту. Бываюць атыпічныя формы мігрэні, якія выяўляюцца ў дашкольнікаў, але гэта рэдкасць. У большасці выпадкаў гэта хваробы падлеткаў. Не заўсёды яны праяўляюцца так, як мы чытаем у кнігах. Класічная вегетасасудзістая дыстанія можа пачынацца са слабасці, пацямнення ў вачах і толькі потым даходзіць да страты прытомнасці.
Што тычыцца мігрэні, яна таксама далёка не заўсёды развіваецца ў класічным выглядзе, з галаўным болем і млоснасцю. Гэта могуць быць прыступы кароткачасовага пульсуючага галаўнога болю. Калі іх не лячыць, то праз 1—1,5 года мігрэнь перарарастае ў класічную.
— Ці можа недасыпанне, празмерная нагрузка ў школе быць прычынай таго, што дзіця перыядычна раніцай прачынаецца з галаўным болем?
— Так, гэта магчыма. Нервовая сістэма аднаўляецца толькі ў сне. Самы каштоўны для яе аднаўлення час — з 22 гадзін да 5 гадзін раніцы. У гэты прамежак мозг максімальна актыўна аднаўляецца. Таксама не варта забываць пра тое, што ёсць “жаваранкі” і “совы”. Але і адным, і другім у 8—9 гадзін трэба быць у школе. Таму, калі дзеці сядзяць над падручнікамі да ночы і ўсё гэта суправаджаецца адмоўнымі эмоцыямі, гэта знясільвае іх нервовую сістэму. Адмоўныя эмоцыі, дарэчы, самі па сабе правакуюць арганізм на выкід стрэсавых гармонаў і працуюць на знясіленне нервовай сітэмы.
— Ігар Ігаравіч, як звязаны паміж сабой галаўны боль і нервовае знясіленне?
— Безумоўна, паміж гэтымі з’явамі прамая сувязь. У арганізме чалавека ёсць такая рэч, як другая сігнальная сістэма: калі слова можа раніць больш, чым справа. Большасць стрэсу, які мы адчуваем, псіхалагічны. Мы можам думкамі разбураць сябе: спачатку надумваем нешта, а потым круцім гэта ў галаве. Парадаксальна, але адмоўныя эмоцыі і думкі правакуюць такія ж змяненні ў арганізме чалавека, як быццам ён удзельнічае ў бойцы. Адмоўныя эмоцыі вядуць да празмернай выпрацоўкі адрэналіну, што выклікае сасудзістыя спазмы. Калі гэта адбываецца часта, пастаянна, тады знясільваецца галаўны мозг. У нервовага знясілення ёсць дзве стадыі. Падчас першай — мабілізацыі — чалавек увесь час знаходзіцца на адрэналіне. Так можна пражыць дзень-два, месяц. Пасля чалавек выгарае і пераходзіць са стадыі “плюс” у “мінус”: пачынае спаць на хаду, ён вялы, бледны, апатычны. Калі раней ён лёгка раздражняўся, то зараз нічога не хоча. Першымі прыметамі нервовага знясілення з’яўляюцца лабільнасць эмоцый, расстройства памяці, праблемы са сном, галаўны боль. Але гэта ў большасці выпадкаў характэрна для дарослых. Што тычыцца дзяцей, то ў іх на фоне нервовага знясілення праяўляюцца цікі.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.