Адзежка на ножкі

Якога толькі абутку не ўбачыш на нагах у школьнікаў малодшых класаў: туфлі, красоўкі, кеды, сандалі, басаножкі! Прадстаўлены разнастайныя варыянты розных колераў і матэрыялаў. Але дасведчанаму погляду адразу заўважна, чые бацькі падышлі да пытання выбару старанна і з усёй адказнасцю, а хто запхнуў у пакет для “зменкі” пару, якая першай трапіла на вочы. Калі на нагах у школьніка чэшкі або шлёпкі, то мама, хутчэй за ўсё, проста не разумее, якой небяспецы падвяргае сваё дзіця, ствараючы ўсе ўмовы для няправільнага фарміравання ступні. Памятайце: абутак неабходна падбіраць строга па памеры і па функцыянале!

З улікам працяглага выкарыстання зменнага абутку ва ўстановах адукацыі праблема правільнага выбару яго застаецца актуальнай, асабліва для школ поўнага дня. Абутак мае вялікі ўплыў на фарміраванне ступні, паставы, ад яго залежыць самаадчуванне і настрой дзіцяці. Няправільна падабраны абутак можа стаць прычынай узнікнення плоскаступнёвасці ў дзяцей.

Плоскаступнёвасць звязана, як правіла, з парушэннем рысорнай функцыі ступні, якая спрыяе зніжэнню сілы штуршкоў і ўдараў пры хадзе, бегу і скачках. Пры гэтым дзеці часта скардзяцца на хуткую стамляльнасць, галаўны боль, боль у лытках і ступнях. З часам адбываюцца парушэнні ў хадзе.

На шчасце, плоскаступнё­васць паддаецца лячэнню, калі на яе звярнуць увагу ў час. Але хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Таму да выбару зменнага абутку для школы падыходзьце адказна. Не забывайце, што вялікую частку часу ў школе дзіця праводзіць у ім.

Які ж абутак не падыходзіць у якасці зменнага для школы?

  • З занадта мяккай падэшвай: чэшкі, кеды. Ён прызначаны для спартыўнай залы і не амартызуе нагу пры хадзе.
  • Любы абутак без задніка (тапкі, сланцы), паколькі дрэнна трымаецца на назе і пры хуткім руху можа зляцець і прывесці да падзення і траўм.
  • Спартыўны абутак (красоўкі) падыходзіць толькі для ўрокаў фізкультуры.
  • Занадта адкрыты абутак (басаножкі, сандалі). У ім нага не абаронена.

Так што і для хлопчыкаў, і для дзяўчынак у якасці зменнага школьнага абутку лепш выбіраць класічныя туфлі. Тым больш што ўрачы-артапеды таксама галасуюць за іх.

Такім чынам, якім жа павінен быць зменны школьны абутак?

  • Лёгкім. У цяжкім ногі будуць хутчэй стамляцца.
  • Зручным і адпавядаць памеру. Не лішнім будзе прыпуск 5—7 мм, які ўлічвае павелічэнне ступні за кошт росту.
  • Выкананым з натуральных матэрыялаў, хоць бы з падкладачнага боку.
  • “Дыхаючым”, але пры гэтым не вельмі адкрытым (пажаданая невялікая перфарацыя альбо ажурны верх).
  • Эластычным, які не стрымлівае рухі. Абутак не павінен быць завужаным спераду (гэта можа прывесці да дэфармацыі вялікага пальца), але і не вельмі свабодным, бо могуць з’явіцца пацёртасці, мазалі.
  • Падэшва павінна быць гнуткай.
  • Абутак павінен мець жорсткі заднік і хоць бы часткова закрыты нос — гэта дапаможа пазбегнуць дэфармацыі ступні.
  • Наяўнасць абцасіка неабходна, але не больш за 2 см.

Што тычыцца зашпілек, то найбольш на­дзейнымі будуць маланка альбо шнуркі, аднак для школьнікаў малодшых класаў выбірайце ліпучкі альбо гумкі, бо гэта зручней для малых.

Рашэнне аб выкарыстанні артапедычных вусцілак прымае выключна ўрач. Вусцілкі павінны быць індывідуальнымі і адпавядаць рэльефу падэшвеннай часткі ступні дзіцяці.

Дарагія бацькі, калі вы сабраліся ў абутковы магазін, рабіце гэта ў другой палове дня! Да вечара ступня даўжэе, нага становіцца трохі шырэйшай пад уплывам пройдзеных з раніцы крокаў.

Прымяраць пару трэба ў шкарпэтках альбо калготках той шчыльнасці, з якімі абутак будзе насіцца.

Такім чынам, падвя­дзём вынік. Правільны выбар зменнага школьнага абутку — гэта пара туфляў з натуральнай скуры з дэкаратыўнай перфарацыяй або з тэкстылю з сеткаватымі ўстаўкамі, супінатарам і гнуткай падэш­вай таўшчынёй не менш за 0,5 см, лёгкая, з акруглымі закрытымі насамі.

Кацярына АЗАРАВА,
урач-гігіеніст аддзела грамадскага здароўя
Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.