Вельмі хутка настануць школьныя летнія канікулы. Усе бацькі азадачаны тым, як жа правільна і з карысцю для здароўя арганізаваць на гэты перыяд вольны час для сваіх дзяцей. Адным з выдатных варыянтаў з’яўляецца дзіцячы аздараўленчы ці адукацыйны летнік.
Як жа адправіць сваё дзіця ў загарадны летнік?
Па-першае, трэба паклапаціцца аб пуцёўцы. Штогод перад пачаткам летняй аздараўленчай кампаніі і падчас яе правядзення ўзнікаюць пытанні пра тое, куды трэба звяртацца па пуцёўку ў летнік.
Пуцёўкі ў летнікі з кругласутачным знаходжаннем дзяцей выдаюцца:
· па месцы работы, службы аднаго з бацькоў на аснове рашэння камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні;
· дзяржаўнымі органамі кіравання адукацыяй па месцы жыхарства — для дзяцей інвалідаў вайны і ваеннаслужачых, загінуўшых (памерлых) пры выкананні воінскага ці службовага абавязку;
· спецыялістамі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ў гарадах і раёнах — дзецям, бацька і маці якіх адносяцца да катэгорыі індывідуальных прадпрымальнікаў ці тых, хто не працуе;
· упраўленнямі (аддзеламі) спорту і турызму — дзецям, якія вучацца ў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах і сярэдніх школах — вучылішчах алімпійскага рэзерву, пры накіраванні іх у спартыўна-аздараўленчы летнік з дзённым і кругласутачным знаходжаннем.
Па-другое, трэба паклапаціцца пра даведку ад раённага педыятра для дзіцяці аб стане яго здароўя.
Перш чым выбраць аздараўленчы ці спартыўны летнік, пракансультуйцеся з урачом і школьным трэнерам. Ці дастаткова добра ваша дзіця падрыхтавана фізічна, ці не мае праблем з самаадчуваннем?
У якасці падрыхтоўкі да летняга лагера арганізуйце некалькі начлегаў па-за домам. Адпраўце дзіця да бабулі і дзядулі на дачу, схадзіце ў паход з палаткамі.
Уважліва і крытычна стаўцеся да выбару рэчаў у дзіцячы летнік. Камплект адзення складзіце так, каб рэчы спалучаліся адна з адной і забяспечвалі мнагаслойнасць — гэта важна пры перападах тэмпературы.
Старайцеся прывучыць дзіця да самастойнасці. Яно павінна ўмець адзявацца адпаведна надвор’ю, чысціць зубы, збіраць свае рэчы.
Для лёгкай адаптацыі дзіцяці да летніка загадзя даведайцеся, калі ў выбраным вамі лагеры ядуць, калі прачынаюцца і засынаюць. Паспрабуйце дома арганізаваць усё гэтак жа.
Паклапаціцеся і пра лекавыя прэпараты, калі яны дзіцяці патрэбны. Калі ваша дзіця прымае нейкія таблеткі, іх неабходна аддаць дзяжурнаму ўрачу і пракансультаваць аб далейшым прымяненні.
Пераканаўча просім прывозіць дзецям у лагер такую колькасць прадуктаў, якую дзіця можа з’есці за адзін раз. Звяртайце ўвагу на тэрмін прыдатнасці, пазначаны на тавары, які вы набываеце.
Пералік падуктаў, забароненых для перадачы дзецям ва ўмовах загараднага летніка:
— газаваныя напіткі (акрамя мінеральнай вады);
— пірожныя, тарты (любыя вырабы з крэмам ці напаўняльнікам);
— малочныя прадукты;
— птушка, рыба, мяса, любая вэнджаніна, каўбасы і г.д.;
— гатаваная ежа (дамашняя, купленая ў кулінарыі — салаты, саленні, катлеты, пірагі і г.д.);
— кансервы;
— грыбы;
— супы, пюрэ, локшыну хуткага гатавання.
Марыя ЛЯХ,
загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў
Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.