Бяскрыўдныя траўмы? Першая дапамога пры ранках і ўдарах

Ніводнае дзіця ў працэсе свайго развіцця не мінуе траўм. Але траўма траўме няроўная. Большасць з іх з’яўляюцца лёгкімі. Сюды адносяцца ўдары, гематомы, неглыбокія ранкі, расцяжэнне звязак — гэта значыць, усе тыя пашкоджанні, якія не прыносяць страты здароўю і хутка загойваюцца.

Гэтыя пашкоджанні часцей за ўсё адбываюцца пры падзенні дзіцяці з невялікай вышыні (вышыня свайго росту, крэсла) і ўдары аб цвёрдую паверхню (падлога, зямля). Найбольш частай прычынай ранак і драпін з’яўляецца няўважлівае абыхо­джанне з рэжучымі ці колючымі рэчамі ў штодзённым жыцці і ў час гульні.

Акрамя таго, раны могуць узнікаць у выніку траўмы, праяўлення агрэсіі з боку людзей ці жывёл. Драпіны могуць быць вынікам неакуратнага абыходжання са свойскімі жывёламі, узнікаць у выніку падзенняў на бітае шкло ці расш­чэпленае дрэва.

Драпіна — пашкоджанне эпідэрмісу, якое абмежавана па плошчы і мае лінейную форму.

Ранка — больш значны па плошчы дэфект паверхневых пластоў скуры.

Рана — навылётнае пашко­джанне ўсіх пластоў скуры, якое суправаджаецца пашкоджаннем тканак, якія ляжаць ніжэй.

Метады першай дапамогі ўключаюць у сябе наступныя этапы:

  • прамыванне раны;
  • спыненне крывацёку;
  • накладанне стэрыльнай павязкі;
  • прымяненне антысептыку.

Прамыванне раны. Самае лепшае лячэнне невялікіх парэзаў і драпін — прамыванне перакісам вадароду ці іншымі антысептыкамі. Стараннае прамыванне — ключ да прадухілення інфекцыі. Лепш проста паліць рану перакісам вадароду.

Увага! Раствор перакісу вадароду не трэба ўводзіць у глыбокія раны: магчыма эмбалія — пападанне пузыркоў паветра ў крывяноснае рэчышча.

Спыненне крывацёку. Самы хуткі спосаб спыніць кроў — прыкласці непасрэдны ціск. Трэба шчыльна прыціснуць да раны павязку і як след націснуць, а калі трэба — трымаць на працягу 15 мінут. Мэтазгодна прыўзняць пашкоджаную частку цела.

Прымяненне антысептыку. Найбольш часта выкарыстоўваецца раствор ёду ці зялёнкі. Гэтыя прэпараты пры пападанні ў глыбіню раны могуць выклікаць некроз тканак, таму спіртавымі растворамі апрацоўваюць скуру вакол раны, краі раны, а таксама паверхневыя мікратраўмы.

Увага! Нельга засыпаць рану ці паверхню апёку ніякімі медыкаментамі (іх выдаленне прывядзе да яшчэ большай траўматызацыі і пашкоджання), ніколі не трэба ліць у рану ёд ці зялёнку!

Накладанне стэрыльнай павязкі. Пасля высушвання раны чыстым ватным ці марлевым тампонам трэба налажыць сухую стэрыльную павязку. Рана лепш загоіцца і магчымасць пападання інфекцыі меншая, калі яе перабінтоўваюць як мага радзей.

Ранка загойваецца хутка, калі яе пакінуць адкрытай. Але калі пашкоджана скура на значным участку, можна налажыць павязку. Прамыйце ранку і пакіньце яе адкрытай, пакуль не ўтворыцца скурачка. Калі вы забінтуеце яе адразу, то бінт прыліпне і трэба будзе яго адмоч­ваць, паліваючы перакісам вадароду. Знімаючы такую павязку без адмочвання, лёгка здзерці скурачку — працэс загойвання замарудзіцца. Перавязваць ці заклей­ваць драпінку трэба толькі ў тым выпадку, калі неабходна спыніць крывацёк — адкрытая драпіна загойваецца хутчэй.

Калі дзіця не вакцынавана супраць слупняку, то ў якасці экстраннай прафілактыкі неабходна ўвесці супрацьслупняковы імунаглабулін ці слупняковы анатаксін.

Удар — пашкоджанне, якое наносіцца скуры, падскурна-тлушчавай клятчатцы, радзей — мышцам пры ўдарах ці падзеннях. У месцы ўдару ўзнікае моцны боль, бо траўміруюцца нервовыя канчаткі. Пры больш моцным траўміруючым моманце могуць пашкоджвацца крывяносныя сасуды, якія знахо­дзяцца пад скурай — узнікае сіняк, ці гематома. Пры ўдары неабходна прыкласці да пашкоджанага месца холад.

Таццяна ЦЯСЛЕНКА,
урач — дзіцячы хірург 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.