Пышныя і далікатныя аладкі

Многія любяць аладачкі на кефіры, як у матулі ці ў бабулі, але не ўсе ўмеюць іх гатаваць. Тут важна строга прытрымлівацца чарговасці прадуктаў, тады аладкі на кефіры будуць смачнымі і пышнымі.

Аладкі на кефіры гатуюцца без дражджэй, але атрымліваюцца не горшымі: пышнымі, далікатнымі, нібы пух.

Я падзялюся з вамі некаторымі хітрыкамі, каб вашы аладачкі атрымаліся ідэальнымі:

* цеста не трэба “забіваць” мукой, дадаём яе да патрэбнай гушчыні, арыентуемся па кансістэнцыі;

* кефір абавязкова бяром хатняй тэмпературы, а калі толькі дасталі яго з хала­дзільніка, то крыху падцяпліце, прыкладна да тэмпературы 37°С, толькі не перагрэйце: ён не павінен быць гарачым або вельмі цёплым;

* соду дадаём у апошнюю чаргу — можна пакінуць цеста на 15 мінут пастаяць, каб яно трохі адпачыла, клейкавіна набракла, а аладачкі атрымаліся яшчэ пышнейшымі;

* таксама галоўны сакрэт — гэта працэс смажання.

Такія аладачкі добрыя на снеданне або ў якасці перакусу. Дзеці любяць іх з гарбатай ці шклянкай малака. Ды і дарослыя не менш любяць іх яшчэ з дзяцінства і ядуць са смятанай, варэннем, джэмам, мёдам, згушчонкай, свежымі ягадамі. Перавага такіх аладак і ў тым, што гатуюцца яны вельмі хутка і проста.

Адны суцэльныя вартасці. Пачынайце гатаваць!

Аладачкі на кефіры “Разлятаюцца імгненна!”

Інгрэдыенты: кефір — 250 мл; яйка — 1 шт.; цукар — 1 ст.л. з горкай; ванільны цукар — 1/3 ч.л. або 0,5 ч.л. ванільнага экстракту; крыху солі; сода — 1/3 ч.л.; мука — 230 г (можна крыху менш ці крыху больш, да патрэбнай гушчыні); алей для смажання.

У міску разбіваю яйка, дадаю цукар, ванільны цукар або ванільны экстракт. Уліваю кефір, усё перамешваю.

Затым у некалькі прыёмаў дадаю прасеяную муку і добра змешваю цеста. У мяне ідзе 230 грамаў мукі, але вам можа спатрэбіцца крыху менш ці крыху больш, бо мука бывае рознай якасці і рознай вільготнасці, таксама колькасць мукі для цеста залежыць ад памеру яйка і тлустасці кефіру. Арыентуюся па кансістэнцыі: цеста павінна атрымацца не вадкім і не густым, павінна “спаўзаць” з лыжкі.

У канцы дадаю ў цеста 1/3 ч.л. соды і старанна перамешваю. Соду гасіць не трэба, гэта зробіць кефір. У гатовых аладачках смаку соды зусім няма. І яшчэ адзін момант: цеста больш не перамешваю, проста набіраю лыжкай з краю міскі, калі пачынаю смажыць аладкі.

У патэльні разаграваю алей, выкладваю лыжкай цеста. Смажу аладкі на сярэднім агні з аднаго боку, затым пераварочваю і смажу да румянасці з другога боку.

Усімі сакрэтамі гатавання цеста я з вамі падзялілася, а цяпер галоўны сакрэт пышных аладачак — ён хаваецца ў правільным смажанні.

1. Уважліва сачыце за агнём: калі нагрэў будзе аптымальным, аладачкі паспеюць добра падняцца, цалкам прапякуцца ўнутры і не ападуць пасля таго, як вы здымеце іх з агню. Калі нагрэў будзе недастатковым, аладкі слаба паднімуцца, а калі занадта моцным — падгараць, але не паспеюць прапячыся.

2. Таксама трэба прыстасавацца да сваёй патэльні. На кожнай патэльні аладкі атрымліваюцца рознымі — гэта залежыць ад матэрыялу, з якога яна зроблена, ад таўшчыні сценак.

Я расказала вам вельмі падрабязна пра ўсе тонкасці гатавання аладак, каб у вас абавязкова ўсё атрымалася, нават калі давядзецца ўпершыню іх гатаваць.

Аладачкі “Смачна, бюджэтна і хутка!”

Вам спатрэбіцца:

кефір — 0,5 л;  цукар — 3—4 ст.л.; соль — 1 ч.л.; мука — 2 шклянкі; сода — 1 ч.л.

Кефір, цукар, соль і муку старанна перамешваю, каб не засталося камячкоў. Даводжу да стану густой смятаны, дадаю соду. Выпякаю аладкі на добра разагрэтай патэльні.

Разбудзіце раніцай сваю сям’ю водарам свежых аладачак, згатаваных па гэтых рэцэптах. Усе будуць у захапленні!

Добрага настрою і смачна есці!

З павагай і любоўю, Анатольеўна.

Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.