Час адкрыццяў без слёз

У мэтах прафілактыкі дзіцячага траўматызму, а таксама ў сувязі з заканчэннем навучальнага года і наступленнем летніх канікул, у прэс-цэнтры Дома прэсы днямі адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам старшага інспектара па асобых даручэннях аддзела арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху ДАІ МУС Ганны Банадык, прадстаўніка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталя Навіцкага і старшага навуковага супрацоўніка РНПЦ траўматалогіі і артапедыі дзіцячага артапеда-траўматолага Аляксандра Мухлі.


Летнія канікулы — гэта доўгачаканая пара года для дзяцей, таму хочацца ў чарговы раз нагадаць дарослым пра адказнасць у гэты перыяд. Па словах Ганны Банадык, за апошнія 10 гадоў у Беларусі ўстойліва зніжаюцца паказчыкі дзіцячага траўматызму, але, тым не менш, гэтая лічба застаецца дастаткова высокай. За кожнае жыццё неабходна змагацца і заклікаць дзетак да максімальнага ведання бяспечных паводзін на дарогах, у транспартным сродку, дома.

За 4 месяцы ў Беларусі на дарогах у 90 транспартных здарэннях загінулі 5 дзяцей і 97 атрымалі раненні. На сённяшні момант за 2018 год налічваецца ўжо 6 дзяцей, якія загінулі, 125 параненых.

Дзеці ведаюць правілы дарожнага руху і выконваюць іх, таму што прафілактыкай дарожна-транспартнага траўматызму займаюцца ўсе зацікаўленыя: бацькі, педагогі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў. У параўнанні з паказчыкамі, якія былі 10 гадоў назад, можна адзначыць, што 76% здарэнняў адбываюцца па віне дарослых. З 25 мая па 5 чэрвеня пройдзе чарговая акцыя “Увага, дзеці!”. У дні яе правядзення аўтамабілі ў светлы час сутак павінны рухацца з уключаным блізкім святлом фар. Робіцца гэта для таго, каб прыцягнуць увагу ўсіх удзельнікаў дарожнага руху, перш за ўсё маленькіх пешаходаў, да якіх набліжаецца транспартны сродак.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца бяспечным перавозкам груп дзяцей на экскурсіі, у летнікі і на мерапрыемствы. Дзяржаўтаінспекцыя павінна быць папярэджана за 3 дні да паездкі, калі дзецям не споўнілася 16 гадоў і група скадаецца з 8 і больш чалавек.

Як паведаміў Віталь Навіцкі, яшчэ адной праблемай з’яўляецца пажарная бяспека. Усе ведаюць, што дзяцей нельга пакідаць без нагляду, але часам не прытрымліваюцца гэтага. Так, у Асіповіцкім раёне загінула дзіця ў час пажару, які пачаўся з-за кароткага замыкання электрапрыбораў. 14 дзяцей былі выратаваны супрацоўнікамі падраздзяленняў МНС.

Віталь Уладзіміравіч нагадаў, што з 28 па 31 мая ў дзіцячых дамах і дамах сямейнага тыпу пройдзе акцыя “Не пакідайце дзяцей адных”. А 1 чэрвеня да Дня абароны дзяцей адбудуцца мерапрыемствы, якія спадабаюцца і дзецям, і дарослым.

Як адзначыў Аляксандр Мухля, дзіцячы артапед-траўматолаг, у параўнанні з 2006 годам у нас значна знізіўся паказчык інвалідызацыі пасля дзіцячай траўмы. Медыцына не стаіць на месцы, а развіваецца з кожным годам. Калі параўнаць паказчыкі інваліднасці пасля траўмы, то ў 2006 годзе гэты паказчык складаў 78% на 10 000 чалавек, а ў 2017 — 0,3 % на 10 000.

Набліжаюцца летнія канікулы, таму бацькам неабходна больш сачыць за сваімі дзецьмі, вадзіцелям аўтамабіляў — прытрымлівацца правіл дарожнага руху, а вучням — быць уважлівымі. Тады лета стане для ўсіх нас незабыўным часам новых адкрыццяў, здароўя і адпачынку.

Анжаліка СЕРГЕЕВІЧ.