Якім павінен быць летні адпачынак?

Летнія канікулы — доўгачаканая пара для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак пасля напружанага навучальнага года. Не трэба рана ўставаць, хадзіць у школу і рабіць дамашнія заданні. Цэлыя тры месяцы вольнага часу! Як правільна размеркаваць час на канікулах?

Асноўная праблема ў тым, што дзеці дрэнна ўсведамляюць магчымасці і перавагі вольнага часу, а бацькі забываюць, што самі калісьці былі дзецьмі. Пакуль дзеці радуюцца свабодзе, бацькі сур’ёзна падумваюць аб тым, як сваіх дзяцей не страціць у гэты перыяд. А прыдумляць нічога і не трэба. Куды больш эфектыўна даверліва пагутарыць з уласным дзіцем.

Я пагутарыла з некаторымі дзецьмі, і з размовы стала зразумела, што многія мараць схадзіць у кіно, сустрэцца з сябрамі, пасядзець з імі або з бацькамі ў кафэ, пахадзіць па магазінах, пагуляць у камп’ютарныя гульні, пакатацца з татам на машыне, адпачыць у аздараўленчым лагеры ці проста нічога не рабiць, валяючыся на канапе. Адзін з вучняў (14 гадоў) прызнаўся: “Канікул заўсёды так доўга чакаеш, а потым яны заканчваюцца раней, чым разумееш, што яны сапраўды наступілі”.

Сучасная вучэбная нагрузка даволі вялікая. Вучэбны дзень нярэдка доўжыцца даўжэй працоўнага дня дарослых. Ад таго, як дзіця адпачне на канікулах, у многім будуць залежаць яго далейшыя поспехі ў школе. Задача бацькоў — арганізаваць дзіцяці адпачынак і пры гэтым не нашкодзіць яму залішняй апекай.

Лічыцца, што адпачынак — гэта калі нешта робіш і ніхто не паказвае, ніхто не стаіць над душой. Таму на час канікул можна крыху забыцца пра рэжым. Спаць — колькі хочацца, музыку слухаць — таксама. Няхай дзіця ў двары ў футбол ганяе да знямогі і з сябрамі сустракаецца, пакуль не надакучыць. Дзеці шмат працавалі і зараз маюць права пагарэзіць і расслабіцца. А ваша задача — зразумець і не перашкаджаць, але і не выпускаць іх дзеянні з-пад кантролю.

Звычайна планы, якія дзеці будуюць перад канікуламі, грандыёзныя. Гвалтоўна змяніўшы іх, вы, несумненна, пакрыўдзіце сваё дзіця такім аўтарытарным абмежаваннем волі. Таму, перш чым браць пуцёўку ў летні лагер адпачынку або за мяжу, добра падумайце, абмяркуйце з дзіцем, тым больш з падлеткам. Бывае, ніякія райскія месцы не заменяць яму доўгачаканай вылазкі з сябрамі на прыроду.

Ёсць дзеці, якія не рвуцца на вуліцу, а вельмі чакаюць канікул, каб правесці іх разам з бацькамі. Такое дзіця будзе скакаць ад радасці, прадчуваючы адпачынак разам з вамі.

Бацькам вельмі часта не хапае часу для зносін з дзецьмі. Па статыстыцы, толькі 15% часу ў дзень мы праводзім з дзіцем, звычайна гэтыя зносіны фармальныя. Для шчасця і здароўя ваша любоў, увага і падтрымка патрэбны ім пастаянна. Прысвяціце дзіцяці адну гадзіну ў дзень. Але належаць пры гэтым трэба толькі яму. Пагуляйце на прыродзе, згатуйце разам вячэру, схадзіце ў кафэ, паглядзіце тэлевізар, пакатайцеся на веласіпедзе, пагуляйце ў футбол, валейбол, настольныя гульні.

Не забудзьцеся пасвяціць дзіця ў вашы планы загадзя — візіт да вашых сяброў наўрад ці даставіць яму столькі ж задавальнення, колькі вам. “Прыляпляць” да сябе сваё падрастаючае дзіця таксама не варта. Калі падлетак выявіў жаданне схадзіць на дыскатэку, у кіно ці музей без вас, са сваімі аднагодкамі, то адпусціце яго. Проста нагадайце яму пра час, у які ён павінен вярнуцца дадому, а таксама пра паводзіны ў грамадскім месцы. Галоўнае, каб вы ведалі, дзе і з кім знаходзіцца ваша дзіця. Шануйце яго самастойнасць.

Канікулы ў бабулі для многіх сем’яў — правераны спосаб дапамагчы дзіцяці адпачыць. Галоўнае ў адпачынку — змена абстаноўкі, асабліва для жыхароў вялікага горада. Там спакойна, нічога не прымушаюць рабіць і любяць дзіця такім, якое яно ёсць. Але варта памятаць, што непажадана сілком адпраўляць дзіця да сваякоў. Летнія канікулы доўгія, і правесці іх у некамфортных умовах — значыць, страціць дарма апошнія сілы. Таму не здзіўляйцеся пасля, калі ваша дзіця адмовіцца хадзіць у школу або запусціць вучобу.

Канікулы — гэта яшчэ і магчымасць уважліва паставіцца да здароўя вашага дзіцяці. У тыя дні, калі дзіця вучыцца, цяжка знайсці час для візіту да доктара. На жаль, не рэдкасць, калі бацькі ўпэўнены, што іх дзіця здаровае, а на самай справе гэта далёка не так. Спецыяльныя даследаванні паказалі, што сярод дзяцей, якіх бацькі лічылі здаровымі, па меркаванні ўрача здаровымі былі толькі 14%.

Нагадваю і пра тое, што пачатак школьнага жыцця даволі часта суправаджаецца абвастрэннем у дзіцяці хранічных захворванняў. Таму скарыстайцеся канікуламі, каб пракансультавацца ў педыятра, акуліста, стаматолага, артапеда або іншага спецыяліста. Не лішне будзе правесці з часта хварэючым дзіцем курс фізіятэрапеўтычных працэдур, асвоіць комплекс практыкаванняў для карэкцыі паставы.

Пераключэнне з разумовага напружання на фізічнае — выдатная “перазагрузка батарэй”. Старэйшых школьнікаў, асабліва хлопчыкаў, заўсёды грэе думка зарабіць уласныя грошы. Ад добраахвотнай працы дзеці, як правіла, не стамляюцца. Наадварот, з’яўляецца вера ва ўласныя сілы, якая дапамагае ў вучобе. Перавага такой добраахвотнай практыкі відавочная: у падлетка павышаецца самаацэнка, ён хутчэй становіцца дарослым. Бацькі могуць дапамагчы дзіцяці знайсці прыдатную па яго сілах работу або ўзяць пуцёўку ў лагер працы і адпачынку.

Не ўсіх школьнікаў трэба займаць падчас канікул. Тыя, хто сур’ёзна захоплены спортам ці танцамі, будуць пры справе і падчас заслужанага адпачынку. Трэнеры ўскладаюць на свабодныя ад вучобы дні вялікія надзеі. Да таго ж на канікулы прыпадаюць спаборніцтвы і конкурсы. Бацькам такіх дзяцей не варта крыўдзіцца на несправядлівасць. Вашаму дзіцяці падабаецца займацца ў гэтым клубе? Значыць, прыйдзецца даверыць трэнеру арганізацыю ўсіх яго канікул. У гэтым ёсць перавагі. Школьніку не прыйдзецца збівацца з рэжыму, а вам — абдумваць яго вольны час. У першую чаргу сачыце, каб ваша дзіця высыпалася і добра харчавалася.

Наўрад ці вашаму сыну або дачцэ атрымаецца абысціся без тэлевізара ці камп’ютара. Проста не трэба злоўжываць падобнымі заняткамі, лепш абмяжоўваць іх і пажадана планаваць загадзя. Можна дамовіцца з дзіцем пра час, які яно праводзіць перад тэлевізарам і камп’ютарам. Напрыклад, 1,5—2 гадзіны тэлевізара і 1 гадзіну камп’ютарных гульняў. Гэтага будзе дастаткова. А вось астатні час лепш за ўсё прысвяціць актыўнаму адпачынку.

Памятаеце, нішто не можа быць для дзіцяці больш карысным і важным, як пазітыўныя зносіны з бацькамі. Таму абавязкова размаўляйце з дзіцем і праводзьце з ім больш часу. Тэлефануйце яму з работы. На выхадныя арганізуйце сумесны адпачынак. Вось некалькі прынцыпаў, якія дапамогуць правільна арганізаваць вольны час дзіцяці на летніх канікулах:

1. Наяўнасць свежага паветра.

2. Арганізацыя максімальнай рухальнай актыўнасці дзяцей. Абавязкова наяўнасць месца, дзе можна пабегаць, паскакаць, пакатацца на веласіпедзе або роліках, паплаваць.

3. Забеспячэнне адпачынку мозга.

4. Які б від адпачынку вы ні выбралі для свайго дзіцяці, трэба памятаць, што дзіцячы адпачынак — гэта перш за ўсё аздараўленне.

Прыемнага адпачынку вам і вашым дзецям!

Зінаіда МАКСІМОВІЧ,
педагог сацыяльны Гарадзечанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*