Пытанні харчавання дзяцей заўжды выклікаюць шмат дыскусій. І зразумела чаму. У аддзелах дзіцячага харчавання прадстаўлена мноства прадуктаў. А якія з іх больш бяспечныя? Так, некаторыя аддаюць перавагу замежнай прадукцыі, лічачы яе больш якаснай. Але ёсць бацькі, якія давяраюць здароўе дзяцей выключна беларускім вытворцам. Такі выбар матывуецца тым, што айчынная прадукцыя больш натуральная і чыстая, у ёй змяшчаецца менш хімікатаў. Дык чыя ж усё такі праўда?
Для таго каб абмеркаваць тэму дзіцячага харчавання, у Доме прэсы днямі была арганізавана канферэнцыя “Беларускі рынак дзіцячага харчавання: пытанні якасці, асартыменту і імпартазамяшчэння”.
Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення мясной і малочнай прамысловасці галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Алена Мікалаеўна Мацко, у краіне на ўзроўні дзяржавы ўдзяляецца вялікая ўвага вытворчасці і рэалізацыі прадуктаў для дзіцячага харчавання. Для вытворчасці прадуктаў дзіцячага харчавання за прадпрыемствамі замацаваны спецыялізаваныя сыравінныя зоны. Ацэнку і атэстацыю гэтых сыравінных зон праводзяць міжведамасныя камісіі, створаныя пры камітэтах па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў. У іх склад уваходзяць прадстаўнікі санітарных, ветэрынарных службаў, а таксама прадпрыемстваў—вытворцаў дзіцячага харчавання. У краіне дзейнічаюць стандарты на асноўныя віды прадуктаў: мясныя прадукты, дзіцячыя малако, кефір. Малочны асартымент, дарэчы, таксама даволі багаты. Для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту малочныя прадукты выпускаюць практычна ўсе прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на гэтым кірунку.
Што тычыцца сухіх малочных прадуктаў, якія прызначаны для харчавання дзяцей ранняга ўзросту, у краіне на гэтым спецыялізуецца толькі ААТ “Беллакт”, які ў сваім асартыменце мае поўную лінейку прадуктаў. Акрамя гэтага, “Беллакт” выпускае сумесі лячэбнага і прафілактычнага прызначэння. У рамках вытворчасці імпартазамяшчальных тавараў за 2017 год было выраблена 428 т гіпаалергенных сумесей, а гэта на 152% больш, чым у 2016 годзе. Для неданошаных дзяцей было выпушчана 33 т спецыялізаванай сумесі. Калі гаварыць пра пладова-агародніннае харчаванне, яно сёння ўсё імпартазамяшчальнае.
Як расказала Віялета Віктараўна Бразоўская, начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманамольнага рэгулявання і гандлю, “Беллакт”, які з’яўляецца адзіным вытворцам сухіх малочных прадуктаў для дзяцей, уключаны ў Дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на рэспубліканскім таварным рынку. Для яго ўстаноўлены метад цанавога рэгулявання — дэклараванне адпускных цэн. У маі бягучага года загадам міністра МАРГ былі зарэгістраваны дэкларуемыя адпускныя цэны з павелічэннем на 4% на 44 найменні сухіх малочных сумесей, каш і напіткаў для дзіцячага харчавання, вытворчасцю якіх займаецца “Беллакт”.
— Запатрабаванасць рынку дзіцячага харчавання — 22—27 тысяч т прадукцыі ў год, — расказвае Віялета Бразоўская. — Найбольшую долю рынку, а гэта каля 80% ад усёй прадукцыі, складаюць прадукты прыкорму — пюрэ, кашы і сокавая прадукцыя. Астатняя частка — гэта заменнікі малака. Продаж прадуктаў для дзіцячага харчавання здзяйсняюць практычна ўсе харчовыя магазіны, а гэта больш за 46 тысяч, і 741 інтэрнэт-магазін. Дарэчы, яны займаюцца не толькі продажам прадуктаў для дзіцячага харчавання, але і прапаноўваюць пакупнікам іншыя рэчы дзіцячага асартыменту. Згодна з пастановай МАРГ № 28, сёння ўсе суб’екты гандлю павінны вытрымліваць пэўны асартымент тавараў і дзіцячага харчавання. Гэты асартымент вар’іруецца ад 6 да 130 найменняў тавараў дзіцячага харчавання. Напрыклад, у буйных супермаркетах асартымент перавышае 50 найменняў, у ліку якіх кашы, пюрэ, мясныя кансервы, малочная прадукцыя і інш. Безумоўна, у краіну дзіцячае харчаванне імпартуецца. У асноўным гэта тая прадукцыя, якая вырабляецца альбо ў недастатковай колькасці, альбо ўвогуле не вырабляецца. Сюды можна аднесці рыбныя, мясныя кансервы, а таксама кансервы з трапічнай садавіны, апельсінавы сок. Дарэчы, калі разглядаць цэны на дзіцячае харчаванне, айчынная прадукцыя ў 2 і больш разы таннейшая за імпартную.
Алена Міхайлаўна Маргунова, намеснік генеральнага дырэктара па стандартызацыі і якасці прадуктаў харчавання РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па харчаванні”, заўважыла, што ў краіне выпускаецца канкурэнтаздольнае, бяспечнае і якаснае дзіцячае харчаванне. Сёння 85% рынку дзіцячага харчавання — гэта айчынная прадукцыя, якая вырабляецца на аснове ўласнай сыравіны.
— Тут вялікая роля належыць менавіта навуковаму складальніку, — патлумачыла Алена Маргунова. — Вучоныя НАН і ў тым ліку Цэнтра па харчаванні, а таксама Інстытута мяса-малочнай прамысловасці, навукова-вытворчага прадпрыемства “Белтэхнахлеб” займаюцца распрацоўкай новых відаў прадукцыі для дзіцячага харчавання, распрацоўкай нарматыўна-прававой дакументацыі для гэтай прадукцыі, а таксама дзяржаўных стандартаў, якія рэгламентуюць якасць і бяспеку дадзенай прадукцыі.
Са слоў Алены Маргуновай, уведзены ў вытворчасць больш за 350 найменняў прадукцыі дзіцячага харчавання. Гэта менавіта тыя віды харчавання, якія распрацавалі работнікі цэнтра. Сярод прадукцыі — пюрэ, кандытарскія вырабы, малочныя прадукты, сухія малочныя сумесі і інш. Акрамя гэтага, сёння вядзецца работа па пашырэнні лінейкі прадуктаў спецыялізаванага прызначэння для дзяцей, якія пакутуюць на фенілкетанурыю і цэліякію.
Наталля САХНО.