Дзіця і мабільны тэлефон

Сучаснае жыццё немагчыма ўявіць без мабільнага тэлефона. Сучасны мабільны тэлефон — гэта персанальны камп’ютар, які можа служыць як крыніцай інфармацыі, кінатэатрам, так і цацкай з захапляльнымі гульнямі.


Купляючы дзіцяці мабільны тэлефон, бацькі не задумваюцца аб тым, наколькі гэтая рэч дзіцяці неабходна. Яны і не думаюць, што галоўная небяспека, якая пагражае дзіцяці з боку мабільніка, заключаецца ў тым, што сам прынцып карыстання супярэчыць стану дзіцячай свядомасці. Бо ў асноўным для дзяцей мабільны тэлефон — гэта цацка. Для дзіцяці няма большага пакарання, чым нерухомасць. Тэлефон прымушае замерці не толькі цела, але і вочы. Прычым час, які праводзіцца за гэтым заняткам, на жаль, павялічваецца.

Уздзеянне тэлефона на дзіця перашкаджае правільнаму фарміраванню прасторавага і светлавога ўспрымання. Паток “штучнага” маўлення, якое ідзе не ад жывога чалавека, а ад механізма, не развівае пачуцця мовы, што потым выяўляецца ў праблемах з пісьменнасцю, вобразнасцю мыслення і маўлення, неўспрымальнасцю да культуры. Гасяцца творчыя здольнасці школьнікаў, бо творчае мысленне ўзбагачаецца толькі на аснове ўласнай актыўнасці, увагі і жывой цікавасці да рэальнага свету.

Даступнасць інтэрнэту дазваляе бескантрольна глядзець ролікі, якія прапагандуюць насілле, жорсткасць і г.д. Паказы сцэн насілля ў любых яго формах запускаюць у дзяцей тыя ж псіхічныя механізмы, пры дапамозе якіх прафесійных салдат вучаць забіваць. У якасці галоўных умоў фарміравання ўмоўнага рэфлексу называюцца выпрацоўка жорсткасці і бяздушнасці.

Варта спыніцца яшчэ на адным негатыўным баку пастаўленай праблемы. На працягу тысячагоддзяў жывое маўленне было для людзей такім жа натуральным, як паветра. Дзіця арганічна ўваходзіла ў моўнае асяроддзе і асвойвала яго. На жаль, сёння тое, што з’яўляецца такім натуральным, катастрафічна хутка знікае. Вуснае слова замаўкае, бацькі вельмі мала размаўляюць з дзецьмі, замяняючы зносіны ў раннім узросце праглядам мультфільмаў, а ў школьным узросце — планшэтам або мабільным тэлефонам.

Безумоўна, сучаснаму чалавеку мабільны тэлефон неабходны. Аднак для школьніка асноўная роля мабільніка — гэта сродак сувязі. Набываючы мабільны тэлефон для першакласніка, бацькі павінны дакладна разумець неабходнасць гэтай рэчы для дзіцяці, яе карысць і шкоду.

Ірына СКАЛЬЗКОВА,
педагог-псіхолаг Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна 
Магілёўскай вобласці.