Вэйпінг, або так званая культура паравання, распаўсюджваецца сярод падлеткаў хуткімі тэмпамі. Падлеткі далучаюцца да гэтай з’явы па розных прычынах.
Па-першае, выкарыстанне электронных парагенератараў сярод падлеткаў звязана з адчуваннем крутасці і дазваляе яўна вылучыцца сярод сваіх равеснікаў, нават тых, якія ўжо ўцягнуліся ў курэнне (толькі звычайных цыгарэт). На жаль, у падлеткавым узросце здольнасць крытычна ацэньваць свае дзеянні і фільтраваць паток інфармацыі і спакус са знешняга свету значна зніжаны. Шмат у чым ролю гэтага самага крытыка на сябе бяруць бацькі і настаўнікі.
І тут мы падыходзім да другога аспекту ўцягнення падлеткаў у вэйпінг, а менавіта ўласцівасці парагенератара не пакідаць слядоў. Многія людзі ведаюць, што пара ад электронных цыгарэт практычна не пакідае пасля сябе паху з рота і адзення спажыўца, а ў школьным туалеце або раздзявалцы не будзе стаяць непрыемны пах і дымавая заслона пасля паравання. У гэтым якраз і каварства сучаснага дэвайса — можаш параваць дзе хочаш і не турбавацца, што праз некалькі мінут мама ці настаўніца ўчуюць нядобрае.
Трэці фактар, які ўплывае на распаўсюджанасць вэйпінгу сярод падлеткаў, — гэта мода на параванне, а менавіта сцвярджэнне аб практычна абсалютнай бяспецы электронных цыгарэт. Канечне ж, па ўзроўні канцэрагеннасці парагенератары значна больш бяспечныя за звычайныя цыгарэты, таму што пара, якая ўдыхаецца, не змяшчае смол і іншых прадуктаў гарэння тытуню. Аднак лічыць электронныя цыгарэты бяспечнымі ні ў якім выпадку нельга. Інфармацыя пра шкоду паравання на сённяшні момант даволі бедная, а даследаванні ў гэтай галіне застаюцца сумніўнымі, што ў многім абумоўлена малымі тэрмінамі назірання (усяго некалькі гадоў).
На мой погляд, існуе рызыка павелічэння інфекцыйных захворванняў органаў дыхання, а таксама псіхічных расстройстваў арганічнага генезу сярод парыльшчыкаў. Тым не менш няшкоднасць парагенератараў, якую рэкламуюць, правакуе і вабіць падлеткаў абзавесціся гэтым дэвайсам, нават тых, хто ў цэлым негатыўна ставіўся да курэння. “Асаблівай шкоды не будзе” — думаюць яны, бо ў склад сумесі ўваходзяць бяспечныя кампаненты (прапіленгліколь, гліцэрына, араматызатары), а нікацін ты можаш увогуле не дабаўляць. Калі шчыра, то мне дрэнна ўяўляецца парыльшчык, які будзе з задавальненем ганяць пару па лёгкіх без нікаціну. Такім чынам, форма змянілася, а сутнасць засталася ранейшай — нікацінавая залежнасць. Прычым атручванне нікацінам ад паравання можа перасягнуць курэнне звычайных цыгарэт, таму што займацца гэтым можна ўсюды: седзячы ля камп’ютара ў пакоі, у ваннай, у туалеце, за прыёмам ежы і яшчэ многа дзе. І не трэба думаць нават пра тое, каб выйсці хаця б на балкон або ў спецыяльна адведзеныя месцы для курэння. Прычым многія вэйперы робяць гэта дэманстратыўна ў памяшканні з тымі, хто не курыць, тым самым паказваючы, што гэта быццам бы крута і бяспечна для навакольных, і не разумеюць таго, што з боку гэта на самай справе раздражняе і выглядае неразумна. Яшчэ насцярожвае той факт, што працэдура паравання электроннай цыгарэты ў многіх дзяцей займае палову светлавога дня, што гаворыць пра выяўленую псіхічную і фізічную залежнасць ад нікаціну.
Такім чынам, з’яўленне на прылаўках электронных парагенератараў створыць яшчэ адну армію нікаціназалежных маладых людзей, прычым туды ўвойдуць нават тыя, хто і не думаў пачынаць курыць, але паверыў у прынцыповае адрозненне ад звычайных цыгарэт і адносную бяспеку. На мой погляд, пераход са звычайных цыгарэт на парагенератары не настолькі апраўданы, наколькі гэта рэкламуецца, бо асноўны кампанент — нікацін — застаўся, а з ім засталася і залежнасць, а “злезці з электронкі”, магчыма, акажацца яшчэ складаней, улічваючы тыя перавагі, якія ў ёй ёсць. Вельмі хочацца спадзявацца, што мая боязь не апраўдаецца. Аднак усё пакажа час…
Ігар ЮРГЕНС,
урач-псіхіятр-нарколаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера.