Імбір не толькі надае пікантны смак шматлікім стравам, але і дапамагае пры прастудзе. Карысныя ўласцівасці кораня імбіру вызначаюцца вітамінамі і пажыўнымі рэчывамі, якія ўтрымліваюцца ў гэтай расліне. У склад кораня імбіру ўваходзяць кальцый, алюміній, хром, жалеза, магній, а таксама нікацінавая кіслата, фосфар, крэмній, калій, вітамін C. Корань імбіру пры прастудных захворваннях і грыпе таксама незаменны — ён паніжае тэмпературу цела, павышае тонус і надае жыццёвую энергію.
На садовым дачным участку імбір можна вырошчваць як аднагадовую расліну. Для гэтага трэба ўзяць свежы, гладкі, без плям і пашкоджанняў корань. Для вырошчвання імбіру спатрэбяцца ўсяго толькі 2—3 карэньчыкі з жывымі пупышкамі. Саджаць імбір мы будзем прыкладна так, як бульбу. Калі раптам корань імбіру ў вас крыху падсох, то яго трэба патрымаць у цёплай вадзе (+ 30—35°С) на працягу некалькіх гадзін, каб набрынялі пупышкі. Часам у цяпле ці на святле корань імбіру сам пускае зялёныя парасткі. Дзе-небудзь у красавіку ці нават у маі мы возьмем корань імбіру і гарызантальна, пупышкамі ўверх апусцім у шырокі гаршчочак ці моцную пластмасавую скрыню, запоўненую якасным грунтам для агародніны з дабаўленнем арганікі. Прыкопваць корань імбіру варта не глыбока, толькі на 3—4 см. Пакуль не з’явяцца першыя ўсходы, паліў імбіру павінен быць мінімальным, толькі для падтрымання грунту ў злёгку вільготным стане. Добры дрэнаж — абсалютна неабходная ўмова для росту імбіру. Пры застоі вады ў гаршку корань імбіру будзе загніваць, а вось пасля з’яўлення першых усходаў і да канца лета трэба падкормліваць імбір выспелым кампостам. Падкормку трэба рабіць адзін раз у 2—3 тыдні, гэтага цалкам дастаткова.
Калі мы вырошчваем імбір у якасці дэкаратыўнай расліны, то мы саджаем корань імбіру ў невялікі па аб’ёме гаршчок і не выкопваем корань на зіму пасля завядання верхняй часткі расліны. Падчас зімоўкі ў гаршку ў цяпліцы корань імбіру патрабуе мінімальнага паліву для падтрымання глебы ў злёгку вільготным стане. А вось пры аднаўленні росту вясной трэба будзе зноў забяспечыць паліў і падкормкі ўгнаеннем для цвітучых хатніх раслін з высокім утрыманнем калію. Можна таксама выкарыстоўваць звычайнае ўгнаенне для раслін і цвітучых кустоў.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.