Каса да пояса

Як спыніць выпадзенне валасоў і вылечыць акнэ?

Здароўе залежыць ад шматлікіх фактараў. Пра першыя непаладкі ў арганізме можна меркаваць па знешнім выглядзе чалавека. Як правіла, любое сістэмнае захворванне выбірае для сябе найбольш уразлівыя мішэні: скуру твару, якая становіцца бляклай і лушчыцца, і валасы — яны пачынаюць станчацца і выпадаць жменямі.

Што неабходна зрабіць, каб вылечыць гэтыя праблемы? З якімі дэрматалагічнымі захворваннямі часцей за ўсё пацыенты звяртаюцца ў скурна-венералагічны дыспансер? Пра гэта і многае іншае нам расказала ўрач дэрматолаг-касметолаг Мінскага абласнога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера Валерыя Пятроўна Селязнёва.

— Валерыя Пятроўна, з якімі дэрматалагічнымі праблемамі і захворваннямі часцей за ўсё да вас у дыспансер звяртаюцца пацыенты?

— Частымі дэрматалагічнымі праблемамі, з якімі прыхо­дзяць пацыенты, з’яўляюцца вугрыстая хвароба, постакнэ. Тут трэба зрабіць невялікую заўвагу. Калі ў чалавека ёсць актыўныя высыпанні, гнойныя высыпанні ці кісты на твары, гэтым у першую чаргу займаецца менавіта дэрматолаг. Урач здымае праявы хваробы, а пасля тварам ужо займаецца касметолаг. Калі ў лю­дзей ёсць рубцы, застойныя плямы ці гіперпігментацыя, з гэтым адразу трэба звяртацца да касметолага. Нашым пацыентам пашанцавала. У дыспансеры працуюць дэрматолагі-касметолагі, таму мы можам весці челавека ад пачатку і да канца і бачыць, калі і якую працэдуру варта прымяняць.

— Ці многа сярод пацыентаў тых, хто пакутуе на алапецыю? Якія самыя эфектыўныя спосабы ў барацьбе з выпадзеннем валасоў сёння іс­нуюць?

— Праблема алапецыі сёння вельмі актуальная. Усе хочуць выглядаць прывабнымі, а дагледжаныя валасы — гэта заўжды прыгожа. Алапецыя бывае дыфузнай і ачаговай. У барацьбе з гэтай хваробай дэрматолаг павінен працаваць сумесна з касметолагам (калі спецыялісты знаходзяцца ў розных месцах). Спачатку дэрматолаг адпраўляе на даследаванні, каб вызначыць прычыну выпадзення валасоў, а пасля, калі прычына выяўлена і назначана лячэнне, падключаецца касметолаг, які падбірае метад стымуляцыі росту валасоў і пэўныя працэдуры.

— Наколькі эфектыўным у лячэнні выпадзення валасоў з’яўляецца плазмаліфтынг?

— Плазмаліфтынг — вельмі добрая і даволі эфектыўная працэдура, але рабіць яе трэба пры пэўных умовах. Калі ў чалавека ачаговая алапецыя, валасы выпадаюць нераўнамерна і працэс знаходзіцца ў актыўнай стадыі, плазмаліфтынг увогуле не будзе дзейні­чаць і нават можа пагоршыць сітуацыю. Калі дэрматолаг разабраўся з прычынамі праблемы, кампенсаваў яе, валасы перасталі выпадаць, тады і трэба стымуляваць рост валасоў. У выпадку андрагеннай алапецыі (калі ў жаночым арганізме лішак мужчынскіх палавых гармонаў), трэба разбірацца яшчэ і з гарманальным фонам і толькі пасля гэтага рабіць плазмаліфтынг.

Сёння гэтая працэдура вельмі папулярная. Падчас яе правядзення мінімізуецца рызыка алергічных рэакцый, якіх пацыенты вельмі баяцца. Праводзіцца таксама плазмаліфтынг твару. Яго выбіраюць тыя, хто хоча падцягнуць твар, асвяжыць і выраўняць яго колер, пазбавіцца ад гусіных лапак.

— Ці ўступае плазмаліфтынг твару па папулярнасці такім працэдурам, як увядзенне філераў і ін’екцыі ботулатаксіну? І ў чым розніца паміж апошнімі дзвюма методыкамі?

— Насамрэч розніца паміж гэтымі працэдурамі каласальная. Трэба разумець, што ботакс — гэта назва арыгінальнага прэпарату, які ў нашай краіне не зарэгістраваны. У нас у касметалогіі выкарыстоўваюцца “Дыспарт” ці “Нейранокс”. Асноўным паказаннем для прымянення ботулатаксіну з’яўляюцца мімічныя марш­чыны. Часцей за ўсё згаданыя прэпараты колем у вобласць ілба ці вакол вачэй. Ботулатаксін расслабляе мышцы твару, паралізуе іх, разгладжваюцца маршчыны. Такім чынам, гэтыя ін’екцыі — добрая прафілактыка мімічных маршчын, якая апраўдана іншы раз нават у раннім узросце. Я маю на ўвазе 18 гадоў — менавіта з гэтага перыяду ў нас можна прымяняць любыя касметалагічныя працэдуры, але па паказаннях. Здараецца, мімічныя маршчыны заломліваюцца і ў 20, і ў 25 гадоў.

Калі гаварыць пра філеры, то гэта не што іншае, як шчыльны гель гіялуронавай кіслаты, якая сама па сабе з’яўляецца кампанентам нашай скуры. З гіялуронавай кіслатой мы працуем на тых участках твару, дзе назіраецца дэфіцыт аб’ёму ці даволі глыбокія маршчыны. Механізм дзейнасці філераў у тым, што яны запаўняюць прастору пад маршчынай і выпіхваюць, выраўноўваюць яе. Гэта таксама робіцца па паказаннях, як правіла, у той час, калі пачынаюць з’яўляцца першыя ўзроставыя змяненні.

Што тычыцца папулярнасці працэдур, то і ў плазмаліфтынгу, і ў філераў ёсць свае прыхільнікі. У касметалогіі ўсё індывідуальна і залежыць ад мноства фактараў.

— Якія часовыя і пастаянныя супрацьпаказанні іс­нуюць для ін’екцыйных методык? Чым пагражаюць уколы філераў і якія ўскладненні могуць выклікаць у хворых на анкалогію, якія яшчэ не ведаюць пра свой дыягназ, а таксама ў цяжарных?

— У выпадку з ін’екцыйнымі методыкамі, філерамі часовымі абмежаваннямі з’яўляюцца карыстанне любым крэмам, умыванне і макіяж. Чапаць рукамі месцы ўвядзення ўколаў таксама ні ў якім разе нельга. Твар пасля працэдур трэба праціраць антысептыкам — для гэтых мэт часцей за ўсё назначаецца раствор хлоргексідзіну. Як толькі пройдзе 12 га­дзін, можна вяртацца да прывычнага ладу жыцця.

Пасля ўвядзення “Дыспарту” рэкамендуецца не пры­маць ляжачае становішча 4 гадзіны, каб прэпарат правільна размеркаваўся пад скурай у мышцах. Непажадана таксама спа ць тварам у падушку. Зразумела, што кантраляваць становішча свайго цела ў сне вельмі цяжка, таму пацыенткам проста гавару, каб стараліся спаць на спіне.

Спортам непажадана займацца 3—4 дні пасля працэдуры, і гэта пры той умове, што пабочных рэакцый у выгля­дзе ацёкаў, сінякоў няма. Лазню, саўну і ўсё тое, што можа разагра­ваць скуру, лепш адкласці на 2 тыдні. Разагравальныя працэдуры скарачаюць тэрмін дзейнасці гіялурону і “Дыспарту”.

Такім чынам, ёсць асноўныя супрацьпаказанні, якія для ўсіх касметалагічных працэдур агульныя, а ёсць і прыватныя.

У мяне ў практыцы быў выпадак, калі дзяўчына зрабіла ўкол “Дыспарту”, а праз 2—3 дні патэлефанавала і сказала, што цяжарная. Тэарэтычна можа нічога не адбыцца, але трэба разумець, што любая працэдура мае і мясцовае, і агульнае ўздзеянне. Калі ў планах цяжарнасць ці ёсць сумненні, што яна наступіла, касметалагічныя працэдуры лепш адкласці.

Што тычыцца анкалагічных хворых, якія да працэдуры не ведаюць пра свой дыягназ, гэта, магчыма, можа неяк пагоршыць стан хворага. Калі ў чалавека ў мінулым былі аперацыі па выдаленні злаякасных пухлін, але ён хоча звярнуцца да касметалогіі, неабходна прайсці абследаванне, анкалагічны скрынінг, здаць аналізы, пракансультавацца са сваім урачом, а пасля разам з вынікамі аналізаў прыходзіць да нас. Трэба памятаць, што на першым месцы стаіць здароўе, а пасля — прыгажосць. А не наадварот.

Яшчэ адным супрацьпаказаннем да касметалагічных працэдур з’яўляюцца аўтаімунныя захворванні. Сутнасць іх у тым, што імунная сістэма пачынае працаваць не так, як трэба, і атакуе арганізм, знішчае пэўны орган. Калі ёсць клінічнае пацвярджэнне захворвання, чалавека на працэдуру мы ўзяць не можам.

Людзям з захворваннямі крыві, у прыватнасці з гемафіліяй, таксама працэдуры не робяцца, таму што пасля бу­дзе цяжка спыніць крывацёк. ­

— З якога ўзросту паказаны лімфадрэнажны масаж твару?

— Безумоўна, дакладнай мяжы няма. Калі чалавек, напрыклад, схільны да ацёкаў, яму можна пачынаць рабіць лімфадрэнажны масаж з 20—25 гадоў. Ён дапаможа падцягнуць скуру, а таксама прывесці ў тонус тыя ўчасткі, якія патра­буюць карэкціроўкі. Рабіць масаж трэба курсам, 10—12 працэдур праз дзень. У такім выпадку вынік будзе добрым. Калі на твары ўжо яскрава выяўленыя ўзрос­тавыя змяненні, адзін масаж з гэтым не справіцца, трэба будзе дабаўляць і іншыя працэдуры.

— Апошнім часам даводзіцца шмат чуць пра мезаніці. У чым іх перавага над ужо “класічнымі” ўколамі прыгажосці?

— Мезаніці — даволі маладая для нашай краіны з’ява. Яны складаюцца з полідыяксону — матэрыялу, які з часам раствараецца, і маюць шырокае прымяненне ў хірургіі. У касметалогіі мезаніці выкарыстоўваюцца для таго, каб стварыць у скуры каркас, што ўмацоўвае твар, папярэджвае апушчэнне тканак. Працэдура падцягвання ніцямі праводзіцца пад мясцовым абязбольваннем. У апошні час гэтая методыка заваёўвае ўсё большую папулярнасць, але я б рэкамендавала не забываць пра філеры, RF-ліфтынг і г.д. Тым не менш,  лепш за ўсё разам з урачом падабраць набольш падыходзячую працэдуру.

— Штодзённае выкарыстанне танальнага крэму і пудры — гэта абавязкова першая прычына заўчаснага з’яўлення маршчын і старэння скуры?

— Не, гэта не так. Сёння ёсць даволі якасныя танальныя крэмы, пудры, ВВ-крэмы. Самая галоўная ўмова іх выкарыстання — каб гэтыя сродкі падыхо­дзілі да вашага тыпу скуры. Калі пудрай карыстаецца дзяўчына, якая мае поры, то дробныя часцінкі, што змяшчаюцца ў пудры, могуць забіваць поры і адмоўна ўплываць на якасць скуры. У некаторых касметычных сродках ёсць кампаненты, якія валодаюць камедагенным эфектам. Для таго каб пазбегнуць праблем ад выкарыстання такіх сродкаў, лепш звярнуцца да дэрматолага ці касметолага, які дапаможа падабраць аналагічныя, але без шкодных кампанентаў, прэпараты.

Што тычыцца забітых пор, пра якія многія непакояцца, то іх можна пачысціць. З гэтым таксама дапаможа справіцца спецыяліст. 

— Валерыя Пятроўна, як харчаванне ўплывае на стан нашых валасоў, скуры? Ці могуць дэрматолагі для вырашэння нейкай скурнай праблемы парэкамендаваць перагледзець рацыён?

— Безумоўна, харчаванне ў пэўнай ступені ўплывае на знешні выгляд, стан скуры. У любым выпадку чалавек павінен атрымліваць з ежы неабходныя вітаміны, мікраэлементы і незаменныя амінакіслоты, якія змяшчаюцца ў прадуктах жывёльнага паходжання. З гэтага вынікае яшчэ адна праблема — вегетарыянства. З пэўных прадуктаў мы атрымліваем жалеза, якое жыццёва неабходна для правільнага функцыянавання арганізма. І яно вельмі ўплывае на стан скуры. Таму ў тых, хто захапляецца вегетарыянствам, часта могуць праяўляцца сімптомы анеміі, а таксама бледнасць.

Яшчэ адным ворагам для твару з’яўляецца салодкае, таму з цукрам і ўсім тым, што яго змяшчае, трэба быць асцярожнымі. Алкаголь, вострая і празмерна салёная ежа таксама павінны ў мінімальнай колькасці прысутнічаць у рацыёне.

Такім чынам, здаровае харчаванне — гэта заўжды многа плюсоў, а вось вегетарыянства — вельмі сумніўнае захапленне.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.