Начныя лінзы, прэпараты з чарніцамі і лазерная хірургія

Які спосаб карэкцыі зроку найбольш перспектыўны і бяспечны?

Каля 90% інфармацыі, з якой сутыкаемся ў жыцці, мы атрымліваем з дапамогай органа зроку. Па выглядзе вачэй, бегу зрэнак суразмоўніка можна вызначыць, хлусіць ён ці гаворыць праўду, шчыра радуецца ці зайздросціць нам. А што па нашых вачах можа вызначыць афтальмолаг? З якімі скаргамі і паталогіямі на прыём часцей за ўсё прыходзяць дзеці? І ці сапраўды кампот з чарніц дапаможа захаваць востры зрок?

Адказы на гэтыя пытанні дапамагла знайсці доктар медыцынскіх навук, прафесар, галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя Вікторыя Леанідаўна КРАСІЛЬНІКАВА.

— Вікторыя Леанідаўна, якая роля ў развіцці паталогій вока належыць спадчыннаму фактару? Ці абавязкова, калі нехта з бацькоў носіць акуляры, яны будуць патрэбны і дзіцяці таксама?

— Вядома, спадчынны фактар выключаць нельга. Галоўнае, што нам перадаецца ў спадчыну, — гэта анатамічныя асаблівасці будовы вока і пэўная схільнасць да з’яўлення той ці іншай паталогіі. Так, калі ў бацькоў высокая ступень гіперметрапіі, то вельмі высокая верагоднасць, што ў дзіцяці бу­дзе такая ж рэфракцыя: у такім выпадку дзіця нараджаецца з пэўнай рэфракцыяй, але тым не менш можна прадухіліць усе ўскладненні гіперметрапіі пры раннім назначэнні адэкватнай карэкцыі. Пры міяпіі, як правіла, яе ступень не перадаецца ў спадчыну, але схільнасць да яе з’яўлення — так! Дарэчы, ёсць верагоднасць, што дзіця не будзе насіць акуляры, але толькі пры ўмове правільнай арганізацыі яго работы і адпачынку.

— Калі гаварыць пра блізарукасць і дальназор­касць, якая з паталогій часцей сустракаецца і перадаецца дзецям? Ці можа захворванне перадацца праз пакаленне?

— Гіперметрычная рэфракцыя — гэта асноўная рэфракцыя пры нара­джэнні дзіцяці, якая па меры росту вачэй пераходзіць у эметрапію ці рэшткавую невялікую гіперметрапію. Яна доўгі час не адбіваецца на зрокавых функцыях чалавека, і пра яе мы ўспамінаем ужо ў сталым узросце, у той час, як у больш раннім узросце з’яўляюцца прэсбіяпічныя праблемы (цяж­касць падчас работы на блізкай адлегласці, напрыклад, пры чытанні). З прыроджанай міяпіяй нараджаецца ўсяго 4% дзяцей, астатняя міяпія набытая і адносіцца да захворванняў, якія можна прадухіліць. Што тычыцца перадачы праз пакаленне, то гэта не выключаецца.

— Тым не менш, згодна з вашымі назіраннямі, што больш вінавата ў дрэнным зроку — генетыка ці лад жыцця?

— Генетыка нам усяго толькі дае схільнасць да таго ці іншага стану (у такім выпадку мы гаворым толькі пра міяпію), а лад жыцця, умовы пражывання прыводзяць да развіцця паталагічнага стану і яго кульмінацыі.

— Калі дзеці саромеюцца насіць акуляры, як іх пераканаць у тым, што гэта неабходная і, магчыма, часовая мера?

— Нашэнне акуляраў — гэта, як правіла, ужо не часовая, а пастаянная мера, якая можа быць з узростам заменена на рэфракцыйную хірургію або на нашэнне кантактных лінз. Калі дзіця разумее, што ў акулярах яму зручна, яно бачыць і навакольны свет становіцца больш яркім і прыгожым, яго не трэба бу­дзе ўгаворваць да нашэння акуляраў. Гэта будзе яго выбарам. Калі малыш вельмі не хоча насіць акуляры, то на гэты выпадак ёсць кантакт­ныя лінзы. Іх не трэба баяцца, гэта добры спосаб карэкцыі зроку, які можа быць альтэрнатывай: носім і тое, і тое. Яшчэ ёсць вельмі перспектыўны спосаб карэкцыі анамалій рэфракцыі — ортакераталогія — нашэнне нач­ных лінз. Дарэчы, яны даступныя ўжо і ў нашай краіне.

Нашэнне акуляраў — гэта не часовая, а пастаянная мера, якая можа быць з узростам заменена на рэфракцыйную хірургію або на нашэнне кантактных лінз. Сёння ў нашай краіне ўжо даступны новы і перспектыўны спосаб карэкцыі анамалій рэфракцыі — ортакераталогія — нашэнне начных лінз.

— На форумах ад бацькоў даводзіцца чытаць, што дзецям нельга насіць лінзы, можна толькі акуляры. Праўда гэта ці не? Калі гэта памылковае меркаванне, то з якога ўзросту можна насіць лінзы? Ці можна карыстацца каляровымі лінзамі?

— Нашэнне кантактных лінз можна пачынаць прама з нара­джэння дзіцяці. Напрыклад, пасля выдалення прыроджанай катаракты ў першыя 6 месяцаў жыцця дзіцяці лепшым варыянтам карэкцыі з’яўляецца кантактная лінза. Не трэба баяцца насіць кантактныя лінзы. Трэба выконваць усе правілы па іх доглядзе і замене, якія рэкамендуе ўрач-афтальмолаг. У кантактных лінз ёсць шэраг пераваг перад карэкцыяй акулярамі: яны не разбіваюцца, не абмяжоўваюць перыферычны зрок, малюнак на сятчатцы мае звычайны памер (пры нашэнні акуляраў для міяпіі — выява памяншаецца, пры нашэнні акуляраў для гіперметрапіі — павялічваецца), а яшчэ дзяцей не дражняць батанікамі. Што тычыцца каляровых лінз, гэта не самы лепшы выбар, але тым не менш іх нашэнне не супрацьпаказана, а пры некаторых станах нават яшчэ больш паказана.

— Якімі відамі спорту мо­гуць займацца дзеці са зрокавымі паталогіямі? Якія віды спорту і пры якіх захворваннях вачэй супрацьпаказаны і дазволены навучэнцам?

— На гэтае пытанне коратка адказаць вельмі цяжка. Галоўнае, што трэба разумець: ёсць спорт аматарскі і прафесійны. Да кожнай з гэтых катэгорый прад’яўляюцца свае па­трабаванні, якія падрабязна пералічаны ў загадзе Міністэрства аховы здароўя па допуску дзяцей да заняткаў рознымі відамі спорту. Яшчэ ад зін важны момант: дзеці і дарослыя павінны разумець, што адмова ад фізічнай актыўнасці (гіпадынамія) можа нават пагаршаць зрокавыя парушэнні. Асабліва гэта тычыцца спазма акамадацыі, міяпіі слабой ступені. Выдатнымі відамі спорту для дзяцей са зрокавымі паталогіямі з’яўляюцца плаванне, настольны тэніс, бадмінтон.

— Ці патрэбны дзіцяці сонечныя акуляры? Як іх правільна выбіраць?

— Сонечныя акуляры — гэта спосаб абароны сятчаткі ад залішняга ўздзеяння святла, і больш ад ультрафіялетавага выпраменьвання, якое ў першую чаргу згубна ўплывае на структуру крышталіка і фотарэцэптары сятчаткі. Засцерагчы вочы ад лішку сонечнага святла можна капелюшом ці кепкай. Што тычыцца акуляраў для дзяцей, іх нашэнне не з’яўляецца неабходнасцю: ахоўныя механізмы вока самастойна спраўляюцца з гэтай праблемай. Сонечныя акуляры патрэбны, калі ёсць якія-небудзь праблемы, напрыклад святлабоязь. Падбіраць акуляры можна толькі ў спецыялізаваных оптыках і па рэкамендацыі ўрача.

— Ці праўда, што прэпараты з чарніцамі здольны палеп­шыць зрок? Якія міфы па тэме аднаўлення зроку вам даводзіцца абвяргаць, размаўляючы з бацькамі?

— Гэта вельмі філасофскае пытанне, і адказ на яго можа быць таксама доўгім. Чарніцы, безумоўна, карысныя для вачэй, бо змяш­чаюць пэўныя рэчывы, якія паляп­шаюць кантраснасць бачання. Пытанне ў тым, колькі іх трэба з’есці. І тут варта ўспомніць, што ва ўсім трэба ведаць меру. Міфы могуць быць рознымі, гэта нават не міфы, а адсутнасць інфармаванасці насельніцтва аб карысці ці шкодзе якіх-небудзь спосабаў лячэння. Многія бацькі, напрыклад, лічаць, што нашэнне акуляраў або кантактных лінз — гэта дрэнна, а заняткі фізкультурай строга забаронены пры з’яўленні першых прыкмет зніжэння зроку. Тут можна сутыкнуцца з чым заўгодна, і часам не знойдзеш патрэбнага адказу.

— Настаўнікі — гэта яшчэ адна катэгорыя людзей, вочы якіх часта знаходзяцца ў напружанні: напісанне планаў, праверка сшыткаў, перачытванне твораў і вучэбных параграфаў здольны знізіць вастрыню зроку. Якія парады можаце даць настаўнікам, каб зберагчы вочы?

— Рэкамендацыі для настаўнікаў будуць такімі ж, як і для дзяцей. У першую чаргу трэба выконваць гігіену зроку, не чытаць у транспарце, калі ён рухаецца. Дарэчы, чытаць лежачы таксама не рэкамендуецца. Рабіць гэта трэба се­дзячы. У чытанні трэба рабіць перапынкі. Акрамя гэтага, станоўча не толькі на зроку, але і на нашым агульным стане адбіваюцца заняткі спортам. Таму не забываем пра гэта і вядзём актыўны лад жыцця!

— У якіх выпадках і каму можна выкарыстоўваць прэпараты, якія замяняюць слязу? Ці можа да іх узнікнуць прывыканне?

— Часцей за ўсё слёзазамяняльнікі назначаюцца пры сіндроме сухога вока. Гэта такі стан, калі залозы вока, якія выпрацоўва­юць слёзы, не здольныя выпрацаваць якасную слязу. Прывыкання да такіх прэпаратаў не ўзнікае. Дадатковыя паказанні для прымянення слёзазамяняльнікаў могуць быць наступнымі: працяглая работа за камп’ютарам, работа ў сухім памяшканні, падчас кандыцыянавання памяшкання, нашэнне кантактных лінз, пасля перанесеных запаленчых захворванняў пярэдняй паверхні вачэй (рагавіцы, кан’юнктывы).

У дзяцей самай распаўсюджанай пухлінай сятчаткі з’яўляецца рэцінабластома. Таму прафілактычныя агляды дзіцяці ўрачом-афтальмолагам з аглядам дна вока, асабліва ва ўзросце да 5 гадоў, павінны быць абавязковымі.

— З якога ўзросту дзецям можна праводзіць лазерную карэкцыю зроку? Гэтая працэдура абсалютна бяспечная ці ў рэдкіх выпадках можа нанесці шкоду?

— Згодна з клінічнымі пратаколамі, лазерную карэкцыю робяць пацыентам, якім споўнілася 18 гадоў. Але ёсць і выключэнні, калі неабходна зрабіць лазерную карэкцыю дзецям, якія не дасягнулі гэтага ўзросту. Такім чынам, карэкцыя тым, каму не споўнілася 18 гадоў, робіцца ў тым выпадку, калі назіраецца вялікая розніца ў рэфракцыі паміж парнымі вачыма, дыягнаставаны высокі астыгматызм з немагчымасцю адэкватнай карэкцыі акулярамі і кантактнымі лінзамі. Сама працэдура лазернай карэкцыі бяспечная. Але, як і ва ўсёй хірургіі, могуць быць ускладненні, толькі яны сустракаюцца вельмі рэдка. У дзіцячым узросце альтэрнатывай лазернай карэкцыі могуць быць кераталагічныя лінзы.

— Вікторыя Леанідаўна, з якімі паталогіямі да вас часцей за ўсё звяртаюцца дарослыя пацыенты?

— Паколькі мая асноўная спецыялізацыя — гэта катарактальная хірургія, то дарослыя пацыенты часцей за ўсё звяртаюцца з катарактай (асацыяваная з узростам, траўматычная, ускладненая). Тым не менш дарослыя пацыенты могуць звяртацца з любой паталогіяй органа зроку, і я як урач ім абавязкова дапамагаю.

— Як часта ў насельніцтва дыяг­настуюцца злаякасныя захворванні вачэй? У якім узросце часцей за ўсё гэта адбываецца? Ці можа сам чалавек западозрыць, што з вачыма нешта не так?

— На шчасце, анкалагічныя захворванні вока не з’яўляюцца вельмі частымі і складаюць не больш за 1% ад агульнай колькасці афтальмалагічных паталогій. Клінічныя праяўленні мо­гуць быць вельмі разнастайнымі, і ўсё залежыць ад месца лакалізацыі пухліны. На даступных да простага агляду частках прыдатачнага апарату вачэй і на самім воку гэта можа заўважыць і сам пацыент ці яго родныя. Але калі працэс ідзе ўнутры вока (на сятчатцы або сасудзістай абалонцы), ён доўга можа заставацца незаўважным.

У дзяцей самай распаўсюджанай пухлінай сятчаткі з’яўляецца рэцінабластома. Таму прафілактычныя агляды дзіцяці ўрачом-афтальмолагам з аглядам дна вока, асабліва ва ўзросце да 5 гадоў, павінны быць абавязковымі. У дарослых можа дыя­гнаставацца меланома сасу­дзістай абалонкі вока. Новаўтварэнне можа быць незаўважным доўгі час, калі лакалізуецца не ў цэнтральных аддзелах і не зніжае вастрыні зроку. Толькі прафілактычныя агляды дапама­гаюць у гэтых выпадках захаваць зрок і жыццё пацыентаў.

— 21 чэрвеня адзначаўся Дзень медыцынскага работніка. Ці памятаеце свайго першага маленькага пацыента і першае дзяжурства па неадкладнай афтальмалагічнай дапамозе?

— На жаль, я не памятаю самага першага пацыента, але сваё першае самастойнае дзяжурства па неадкладнай афтальмалагічнай дапамозе, якое прайшло ў Магілёўскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, памятаю. Гэта такі момант, калі ўсе рашэнні трэба прымаць самастойна, а ў выхадны дзень страшна турба­ваць сваіх старэйшых калег. І трэба было са­брацца, не раскісаць і выконваць свой медыцынскі абавязак. У той дзень паступіў пацыент з цяжкім апёкам вачэй і пранікальным раненнем вока. Дапамога яму стала маім баявым хрышчэннем і пацвяр­джэннем таго, што прафесію я выбрала правільна.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.