Ох ужо гэты насмарк!

Складана знайсці чалавека, які б хоць раз у жыцці не адчуў сімптомы вострага рыніту (насмарку). Часцей за ўсё дарослыя людзі ставяцца да яго несур’ёзна, лічачы, што ён пройдзе самастойна, і пачынаюць турбавацца толькі тады, калі на гарызонце з’яўляюцца сімптомы гаймарыту. Гэтага нельга сказаць пра дзяцей. Для іх бацькоў насмарк ледзь не самае сур’ёзнае захворванне ў жыцці дзіцяці, прычына  бясконцых паходаў да ўрача, абвінавачванняў у бок дзіцячага сада, суседскіх дзяцей, медыцынскіх работнікаў і г.д.

Як бы многім не здалося дзіўным, але менавіта носу адведзена вельмі важная задача па абароне нашага арганізма ад чужародных арганізмаў і рэчываў, што трапляюць у яго з паветрам, якое мы ўдыхаем. І калі гэтая сістэма нейкім чынам выходзіць са строю, мы рызыкуем быць абяззброенымі перад бактэрыямі і вірусамі, якія бесперапынна нас атакуюць, я ўжо не гавару пра той бруд, якім мы дыхаем.

Адкуль бярэцца насмарк?

Найбольш частай прычынай гэтага захворвання з’яўляюцца вірусы, якія выклікаюць вострую рэспіраторную вірусную інфекцыю, вядомую нам як ВРВІ. Бактэрыі пашкоджваюць слізістую поласці носа, як правіла, пасля вірусаў. Вірус, як бульдозер, зносіць усё жывое на сваім шляху, а потым ужо сярод разбураных вірусамі клетак пачынаюць актыўна размнажацца бактэрыі, якія часта становяцца прычынай ускладненняў ВРВІ.

Канечне, мы не заўсёды безабаронныя перад гэтымі арганізмамі. Часцей за ўсё яны каварна чакаюць, пакуль арганізм пад уплывам тых ці іншых фактараў аслабее. І ў гэтым выпадку развіццю захворвання спрыяе пераахаладжэнне арганізма, працяглае знаходжанне ў памяшканнях з хворымі людзьмі, траўмы слізістай абалонкі носа іншароднымі целамі ці маніпуляцыі з насавой поласцю (пастаяннае калупанне ў носе, закапванне ў нос рэчываў, якія раздражняюць слізістую, хірургічныя маніпуляцыі), прафесійныя шкодныя фактары (пыл, дым, вельмі пахучыя рэчывы і г.д.).

Трапляючы з паветрам, якое ўдыхаецца, на слізістую абалонку носа, вірусы пранікаюць у паверхневыя клеткі, якія маюць раснічкі, і там развіваюцца на працягу аднаго-трох дзён. Часцей за ўсё гэта адбываецца для чалавека непрыметна, можа быць аднаразовае падыманне тэмпературы, а потым ужо ­ідуць асноўныя праяўленні захворвання. Здавалася б, навошта гэта ўсё ве­даць? Вельмі проста. Калі мы ведаем, што ў носе ў нас ліхадзейнічаюць вірусы, то навошта мы тады капаем антыбіётыкі ў нос? Калі наша дзіця пастаянна калупаецца пальцамі ў носе, то якім сродкам мы хочам вылечыць бясконцы насмарк? Ці не прасцей адвучыць дзіця ад шкоднай звычкі.

Праяўленні вострага рыніту

Востры рыніт, як правіла, пачынаецца знянацку. Дарослыя ў першыя дні могуць адчуць сухасць і пякоту ў носе, з’яўляецца чханне, пяршэнне ў горле. Для дзяцей такія сімптомы застаюцца незаўважанымі. Уважлівыя бацькі могуць звярнуць увагу, што дзіця пачало сапці ў сне, змяніўся пах з рота. Могуць узнікнуць галаўны боль, слабасць, млявасць, зніжэнне працаздольнасці. Праз 1—2 дні з’яўляецца многа выдзяленняў з носа, спачатку вадкія і празрыстыя, потым больш густыя, жоўта-зялёнага колеру. Часам павышаецца тэмпература цела. Слізістая абалонка носа разбухае, робячы цяжкім дыханне, нюх знікае, пагаршаецца ўспрыманне смаку. У некаторых выпадках далучаюцца слёзавыдзяленне, шум і паколванне ў вушах.

Чым небяспечны востры рыніт?

Найбольш частымі ўскладненнямі вострага рыніту з’яўляюцца такія захворванні, як:

•  Сінусіт (раней гэта называлі гаймарытам, франтытам) — запаленне слізістай абалонкі прыдаткавых пазух носа.

• Атыт — вострае запаленне сярэдняга вуха, якое выклікаецца мікраарганізмамі, якія трапляюць у барабанную по­ласць праз слыхавую трубу.

Менавіта страх ускладненняў часцей за ўсё падганяе нас заняцца лячэннем захворвання.

Як жа лячыць?

У гэтым пытанні ёсць вельмі многа падводных камянёў. Першае, што мы павінны разумець: мы лечым не нос, мы лечым прастуду (ВРВІ) і насмарк як яе праяўленне. Такое ж праяўленне, як і тэмпература, боль у горле, кашаль. Калі мы будзем толькі капаць нос, баюся, што поспеху не атрымаем, а вось кашаль, боль у горле, асіпласць голасу і прагрэсіраванне хваробы ў наступныя дні нам будуць забяспечаны.

Мы з вамі дакладна разумеем, што ў першыя дні мы часцей за ўсё маем справу з вірусам. А з вірусам лепш за наш арганізм не зможа справіцца ніхто. Яму трэба толькі ў гэтым дапамагчы.

Не ігнаруйце старое добрае правіла: пры насмарку трымаць ногі ў цяпле і пазбягаць холаду. Халадовае раздражненне скуры ступняў рэфлекторна павышае пранікальнасць сасудаў верхніх дыхальных шляхоў, аблягчаючы пранікненне інфекцыі ў арганізм. Таму лепш за ўсё, калі вы не хварэеце на ларынгіты, спачатку зрабіць гарачую нажную ванну (вада да каленяў) пры тэмпературы вады 40—45°С на працягу 10 мінут з дабаўленнем гарчыцы. Пасля такой працэдуры не адмаўляйце сабе ці дзіцяці ў кубку гарачага чаю з лімонам, ліпавым цветам ці малінавым варэннем, адвары шыпшыны, чорных парэчак. Можна таксама прыняць умерана гарачую ванну і легчы ў пасцель. Гэтыя метады асабліва эфектыўныя ў самыя першыя дні хваробы.

Як яшчэ адзін варыянт лячэння, можна надзець цёплыя шкарпэткі, насыпаўшы ў іх гарчыцы. Паколькі падэшвы ног — гэта багатая рэфлексагенная зона, менавіта на яе ў гэтым выпадку і накіравана тэмпературнае і раздражняльнае ўздзеянне гарчыцай.

Таксама ў гэтай сітуацыі дапаможа вітамін С у таблетках ці ў натуральным выглядзе, ён валодае супрацьпрастудным дзеяннем і стымулюе імунітэт.

Вам гэтыя метады здаюцца смешнымі і старымі? Канечне, паддаўшыся рэкламным трукам, можна падумаць, што прасцей даць дзіцяці таблетку ці проста закапаць нос. Але калі мы думаем пра будучыню, паверце — не прасцей. Не спяшайцеся пры самых малых прыметах прастуды і вострага насмарку шчодра ўліваць у нос сасудазвужальныя каплі, якія назойліва рэкламуюцца вытворцамі “для насоў і носікаў”. Ацёк слізістай носа — гэта бар’ер, набыты падчас эвалюцыі, ён перашкаджае пападанню віруса далей у арганізм праз слізістую носа.

Канечне, не варта цалкам адмаўляцца ад гэтых сродкаў. Калі вельмі заложаны нос і без гэтага ніяк немагчыма абысціся, калі высокая тэмпература, ёсць з’явы ларынгіту ці бранхіту, 3—4 дні гэта можна будзе зрабіць, але не больш. Працяглае выкарыстанне такіх сродкаў вядзе да пашкоджання слізістай абалонкі носа, залежнасці ад прэпаратаў і, як вынік, насмаркі становяцца часцейшымі. І памятайце! Гэтыя сродкі не лечаць хваробу, і ад іх больш шкоды, чым карысці.

Замяніце каплі актыўным арашэннем носа фізіялагічнымі растворамі солі, пастаянным высмаркваннем носа, ужываннем вялікай колькасці вадкасці, увільгатненнем паветра ў памяшканні. Гэта дапаможа зрабіць слізь у носе больш вадкай і эфектыўна ўстараняць яе з носа. Разам з ёй нос бу­дуць пакідаць і вірусы, якія не паспелі пранікнуць у клеткі, загінуўшыя клеткі, якія пазней могуць стаць пажыўным асяроддзем для бактэрый. Слізь, якая выцякае з носа, не такая страшная, як тая, якая ў ім засела. З гэтай жа мэтай можна актыўна выкарыстоўваць інгаляцыі праз небулайзер фізіялагічнага раствору солі. Сродкі для ўвільгатнення носа не змяшчаюць у сваім складзе рэчываў, здольных выклі­каць пабочныя эфекты. У першыя дні хваробы іх можна выкарыстоўваць даволі часта, праводзячы туалет носа.

Калі вы верыце ў водаратэрапію, для лячэння насмарку можна выкарыстоўваць інгаляцыі з аромамасламі — эўкаліптам, мятай, лімонам, лавандай, чайным дрэвам і г.д. Прынамсі, гэты метад лячэнню не нашкодзіць, але ні ў якім разе не закапвайце маслы ў нос. Часы, калі мы верылі ў лекавыя сілы аксалінавай мазі, ужо мінулі. Любое масла, якое трапіла ў нос, блакіруе рух раснічак слізістай абалонкі, запавольвае рух слізі, і мы сваімі рукамі ствараем умовы для таго, каб вірусы пранікалі ў клеткі і забівалі іх, а мікробы потым іх з’ядалі і размнажаліся.

Добры і працяглы эфект лячэння дае фізіятэрапія. Такія метады, як КУФ, УВЧ, лазератэрапія, інгаляцыі, могуць стаць добрай дапамогай у лячэнні гэтай праблемы.

Калі насмарк зацягваецца, выдзяленні становяцца густымі, мутнымі, вам спатрэбіцца кансультацыя ўрача для ўдакладнення дыягназу і назначэння лекавых прэпаратаў. Я не рэкамендую выкарыстоўваць самастойна прэпараты супрацьбактэрыяльнага дзеяння. У гэтым выпадку лёгка памыліцца. Дарэмнае выкарыстанне гэтых сродкаў зніжае ахоўныя ўласцівасці слізістай носа, выклікае алергізацыю арганізма і вядзе да развіцця ўстойлівасці мікраарганізмаў да прэпаратаў.

Памятайце! Мы дапамагаем носу самому спраўляцца з праблемай. Наша асноўная задача — стварыць умовы для работы раснічнага эпітэлію носа, зменшыць вязкасць слізі, каб, рухаючыся, раснічкі маглі самастойна ачышчаць нос ад слізі.

Што зрабіць, каб насмарк не вяртаўся?

Такім чынам, мы, здаецца, усё зрабілі правільна, а праз два дні наведвання сада ў нашага дзіцяці зноў пайшлі выдзяленні з носа. Не далячылі? Не. Яно зноў захворвае. Бо наша здаровае дзіця пайшло ў калектыў, дзе ёсць інфекцыя. Яно не ў скафандры, а імунная сістэма яшчэ недасканалая. Інфекцыя трапляе на слізістую носа, і наш нос, спрабуючы яе выгнаць, утварае вялікую колькасць слізі. Пачынаем дапамагаць. Увільгатняем нос, высмаркваем, робім інгаляцыі. А каб наша дзіця магло даўжэй пратрымацца ў садзе, навучыце яго не кранаць твар рукамі, пастаянна высмаркваць нос і мыць рукі, бо часцей за ўсё менавіта праз рукі інфекцыя пранікае ў нос.

Немалаважным з’яўляецца праветрыванне памяшканняў. Вірус у такіх умовах хутка гіне, яго канцэнтрацыя ў паветры змяншаецца і разам з гэтым змяншаецца магчымасць заразіцца.

Стварыце добрыя ўмовы для сну і быту. Вільготнасць паветра ў памяшканнях у зімовы перыяд павінна быць 50—70%, а камфортная тэмпература сну  18—20°С. У такіх умовах слізістыя абалонкі не бу­дуць перасыхаць, а мы пазбавімся ад пастаянных корак у носе, пяршэння і сухасці ў горле, боляў у горле раніцай, зменшым канцэнтрацыю алергенаў у паветры, а такім чынам і магчымасць узнікнення рыніту.

Як бачыце, усё не так ужо і складана. Трэба проста слухаць свой арганізм і жыць з ім у гармоніі. Памятайце! Лекі павінны быць сродкам дапамогі ў лячэнні хваробы, а не барацьбы з нашым арганізмам і яго абаронай.

Алег ЛЫСКАВЕЦ,
загадчык гнойна-отарыналарынгалагічнага аддзялення Барысаўскай ЦРБ.