Грып — гэта інфекцыйнае захворванне, узбуджальнікам якога з’яўляецца вірус.
Сімптомы грыпу: гарачка, тэмпература цела 37,5 — 39°С, галаўны боль, боль у мышцах, суставах, дрыжыкі, стомленасць, кашаль, насмарк або закладзены нос, боль (пяршэнне) у горле.
Магчымыя ўскладненні пасля грыпу: пнеўманія, рыніт, сінусіт, бранхіт, атыт, міякардыт і перыкардыт, міязіт, паражэнні нырак, абалонак галаўнога і спіннога мозга, сасудаў. Таксама пры грыпе часта абвастраюцца існуючыя хранічныя захворванні.
Што рабіць пры захворванні на грып або ВРІ?
Варта застацца дома, каб не толькі не заразіць іншых, але і своечасова заняцца лячэннем, для чаго неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача. Самалячэнне недапушчальнае. Неабходна своечасова прымаць лекі і выконваць пасцельны рэжым падчас хваробы, бо пры захворванні павялічваецца нагрузка на сардэчна-сасудзістую, лёгачную, імунную і іншыя сістэмы арганізма. Рэкамендуецца шмат піць. Пры кашлі і чханні прыкрывайце рот і нос сурвэткай або насавой хустачкай.
Для папярэджання распаўсюджвання інфекцыі хворага варта ізаляваць ад здаровых асоб (пажадана вылучыць яму асобны пакой). Памяшканне, дзе знаходзіцца хворы, неабходна рэгулярна праветрываць, прадметы хатняга ўжытку, а таксама падлогу праціраць дэзынфіцыруючымі сродкамі. Зносіны з хворым, па магчымасці, трэба абмежаваць. Пры доглядзе хворага на грып варта выкарыстоўваць медыцынскую маску.
Штогадовая вакцынацыя — гэта найбольш эфектыўная мера прафілактыкі грыпу. Вакцынацыя праводзіцца не пазней, чым за 2—3 тыдні да пачатку эпідэмічнага ўздыму захворвання. Своечасовая вакцынацыя зніжае верагоднасць захворвання на грып у некалькі разоў, змякчае цячэнне хваробы, скарачае яе працягласць, прадухіляе ўскладненні.
Да мер неспецыфічнай прафілактыкі грыпу адносяцца наступныя:
* У перыяд сезоннага ўздыму захворванняў на грып і ВРІ скараціце час знаходжання ў месцах з вялікай колькасцю людзей і ў грамадскім транспарце.
* Пазбягайце цесных кантактаў з людзьмі, якія маюць прыметы захворвання: чхаюць, кашляюць.
* Рэгулярна і старанна мыйце рукі з мылам, асабліва пасля кашлю ці чхання. Спіртаўтрымліваючыя сродкі для ачысткі рук таксама эфектыўныя.
* Выкарыстоўвайце індывідуальныя або аднаразовыя ручнікі.
* Рэгулярна праветрывайце памяшканне, у якім знаходзіцеся, і рабіце вільготнае прыбіранне. Пры гэтым для санацыі памяшкання рэкамендуюць прымяняць якое-небудзь эфірнае масла накшталт ядлоўцу, чайнага дрэва, эўкаліпта і хвоі (калі ў вас няма алергічных рэакцый на іх).
* Назірайце за ўзроўнем вільготнасці ў памяшканні: пры нізкай вільготнасці слізістая носа вельмі хутка высыхае і становіцца ўразлівай для нападзення вірусаў.
* Пазбягайце пераахалоджвання і перагрэву.
* Карыстайцеся маскай у месцах збору людзей.
* Павялічце час знаходжання на вуліцы (на свежым паветры).
* У перыяд эпідэміі грыпу пазбягайце абдымкаў, пацалункаў, поціскаў рук.
* Ужывайце ў ежу прадукты, якія змяшчаюць вітамін С (журавіны, брусніцы, парэчкі, лімон, ківі, кіслую капусту, салодкія балгарскія перцы і інш.), а таксама стравы з дабаўленнем часнаку, цыбулі. Піце больш вадкасці (адвары пладоў шыпшыны, узвары, вітамінізаваную гарбату, у тым ліку зялёную гарбату, сокі).
* У мэтах павышэння ўстойлівасці арганізма да рэспіраторных вірусаў выкарыстоўвайце (па рэкамендацыі ўрача) розныя прэпараты і сродкі, якія павышаюць імунітэт, у тым ліку полівітаміны.
* У выпадку з’яўлення хворых на грып у сям’і ці ў калектыве рэкамендуецца пачаць прыём супрацьвірусных прэпаратаў з прафілактычнай мэтай (па рэкамендацыі ўрача, з улікам супрацьпаказанняў і паводле інструкцыі па прымяненні прэпарату).
* Ну і вядома, вядзіце здаровы лад жыцця: паўнавартасны сон, збалансаванае, здаровае харчаванне, фізічная актыўнасць, загартоўванне, ураўнаважаны псіхаэмацыянальны стан.
Ганна САЎЧЫК,
урач-інтэрн аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.