Развітваемся з зімой і запасаемся вітамінамі

Вось і сыходзіць зіма. Да канца лютага засталіся лічаныя дні. Зімовы перыяд быў найбольш стрэсавым для нашага арганізма, асабліва калі моцныя маразы хутка змяняліся адлігамі. Гэта прыводзіць да зніжэння імунітэту і ўрэшце да развіцця розных захворванняў. Таму трэба звярнуць увагу на правільнае харчаванне як адзін са сродкаў умацавання нашага арганізма.

У любы час года, згодна з існуючымі правіламі і нормамі, харчаванне павінна быць паўнавартасным, збалансаваным і, вядома ж, разнастайным. Яно павінна ўтрымліваць бялкі, тлушчы, вугляводы, клятчатку, вітаміны і мінералы.

Пасля зімовага перыяду арганізм чалавека, асабліва дзіцяці, у параўнанні з іншымі порамі года найбольш уразлівы, таму ў рацыёне абавязкова павінны прысутнічаць доўга засваяльныя вугляводы. Іх шмат змяшчаецца ў кашах, бабовых, хлебе, асабліва ў суцэльназерневым, што дазваляе зарадзіць арганізм энергіяй.


Яшчэ адным важным аспектам харчавання з’яўляецца наяўнасць антыаксідантаў у ежы. Яны спрыяюць умацаванню імуннай сістэмы. Іх крыніца — садавіна і гародніна, асабліва тая, якая мае фіялетавае, чырвонае, аранжавае і жоўтае адценні. Таксама ўмацаваць імунную сістэму дапамогуць вітамінна-мінеральныя комплексы, якія змяшчаюць вітаміны А, Е, С.

Важным складнікам рацыёну з’яўляюцца бялкі, таму каларыйнасць ежы варта павялічваць за кошт нятлустага мяса, марской рыбы, морапрадуктаў, печані. Абаронным дзеяннем для мікрафлоры страўнікава-кішачнага тракту валодаюць малочныя і кісламалочныя прадукты.

У рацыёне павінны прысутнічаць і тлушчы. Пажадана, каб іх крыніцай былі натуральныя раслінныя алеі, марская рыба (якая змяшчае тлустыя кіслоты амега-3). Старайцеся часцей ужываць арэхі і насенне сланечніка. Пазбягайце кандытарскіх вырабаў, якія змяшчаюць пальмавае масла, трансгенныя і раслінныя тлушчы.

Неабходным складнікам харчавання ў любы перыяд з’яўляецца вадкасць. У гэты перыяд года яе трэба менш, чым у іншыя поры, але не менш чым 1,5—2 літры ў дзень.

Асобную ўвагу заслугоўвае ўжыванне гарачай ежы. Так, напрыклад, супы дапамагаюць папаўняць водна-салявы баланс, адрозніваюцца хуткай засваяльнасцю. І, вядома ж, здаровы лад жыцця разам з правільным харчаваннем дапаможа ўмацаваць здароўе!

Кацярына КРЫЛОВА,
загадчыца аддзялення медыцынскага забеспячэння дзяцей у арганізаваных калектывах
4-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска.