Кветкавы вецер, мядовы ўспамін…

Трыпціх у вітражнай тэхніцы ад майстроў з Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа: лаканічнасць, гармонія, дасканаласць.

Адзін з самых папулярных кірункаў пэчварку прыйшоў да нас з Аўстраліі. Вітражная тэхніка ў прыкладанні да абрэзкавага шыцця дазваляе ствараць фантастычна прыгожыя рэчы. Эфект дасягаецца з дапамогай акрэсленых цёмным колерам (звычайна касой бейкай) межаў асобных участкаў малюнка, што стварае ўражанне сапраўднага вітража. Аўтарам трыпціха “Шолах ветру”, прадстаўленага на фота, з’яўляецца майстар вытворчага навучання Таццяна Федасенка. Выконваць работу ёй дапамагала метадыст каледжа Таццяна Беражная.


Як зрабіць, каб пано на сцяне стала акном у казку, за якім шапаціць кветкавы вецер? Найперш трэба прыслухацца да голасу ўласнай фантазіі: ён падкажа, якім у канчатковым выніку атрымаецца ваш твор. Неабходна злавіць настрой і пастарацца запомніць эмацыянальны стан у той момант, калі вы сказалі сабе: “Спыніся, імгненне, ты цудоўнае!”. Яго потым будзе трансліраваць пано. Малюнак за аснову можна ўзяць адвольны. Безумоўна, аўтарскі вітаецца, але падыдзе і ўзяты з інтэрнэту, друкаваных крыніц, убачаны на шкляным вітражы, нават фотаздымак у большасці выпадкаў рэальна належным чынам апрацаваць і прыстасаваць да справы. Разам з тым майстры рэкамендуюць простыя, але буйныя формы і мяккія контуры. Наступны крок — эскіз. Тут важна прасачыць, каб кожная намаляваная лінія злучалася з другой лініяй або пераходзіла ў край вітража. У нашым выпадку быў задуманы трыпціх, таму эскіз выконваўся з разлікам, каб гарманіравалі не проста фарбы і вобразы, а нават асобныя элементы, лініі з аднаго малюнка пераходзілі на той, што знаходзіцца побач.

— Гатовы эскіз павялічваем па клетках да патрэбнага памеру, спачатку яго пераводзім на кальку, а потым з дапамогай капіравальнай паперы атрыманы малюнак — на аснову. На ёй вы станеце падбіраць кавалачкі рознай тканіны для вітража, таму тут лепш падыдзе светлы паркаль або іншы натуральны матэрыял, — адзначае Таццяна Федасенка. — Адрэз тканіны варта ўзяць крыху большы па памеры, чым пано. Кожную дэталь на малюнку, кальцы і аснове абазначаем аднолькавым нумарам. Акуратна выразаем дэталі малюнка і правяраем сябе: з дапамогай калькі збіраем з выразаных дэталей малюнак на аснове. Атрымалася? Значыць, дэталі можна выкарыстоўваць у якасці шаблонаў пры рабоце з тканінай.


На гэтым этапе ў майстроў звычайна гучыць: “Прыступаем да раскрою”. Не наш варыянт! У поўнай адпаведнасці з першапачатковай канцэпцыяй пэчварку трыпціх сабраны з адходаў, разнастайных абрэзкаў, якія засталіся пры пашыве швейных вырабаў у каледжы. Адзінае, чаго строга прытрымлівалася аўтар, — браліся выключна натуральныя матэрыялы без бляску. Дарэчы, тут назіраецца адыход ад класічнага канона: ён дыктуе выкарыстоўваць якраз атлас і тканіны з падобным да яго паверхневым эфектам. Лічыцца, што такім чынам лепш дасягаецца падабенства да працятага сонцам вітража. Задумай жа віцебскіх майстроў было наблізіцца да прыроды, стварыць пейзажны малюнак, таму і выкананне хацелася паўтарыць у прыродных матэрыялах. Падбор абрэзкаў тканін, колеравай гамы — гэта, напэўна, адзін з самых творчых этапаў работы. Усё залежыць ад аўтарскага бачання і, канечне, наяўнасці матэрыялу. Пачаткоўцам лепш прытрымлівацца малюнка, вопытныя майстры пэчварку дапускаюць некаторыя змяненні ў працэсе работы.

— Матэрыял падказвае, як іменна рабіць. Вынік можа значна адрознівацца ад папярэдняй задумы, — тлумачыць аўтар трыпціха. — Дэталі з патрэбнага колеру тканіны пажадана выразаць па кірунку долевай ніткі, але, калі прыдатны абрэзак не дазваляе, рабіце, як атрымліваецца. Галоўная ўмова: дэталь павінна быць па ўсім перыметры прыкладна на 2—2,5 міліметра большай, чым шаблон. Зноў правяраем: збіраем малюнак з тканіны на аснове. Калі ўсё задавальняе, дэталі дубліруем, каб яны трымалі форму (дублерын, флізелін — неістотна, як і ў выпадку з абрэзкамі тканін, мы бралі рэшткі, што засталіся ад вытворчасці).


Далей існуе два варыянты працы: уручную і на швейнай машыне. Трыпціх “Шолах ветру” выкананы на швейнай машыне. Атрыманыя кавалачкі стачваюцца, затым прасуюцца. Наступае час галоўнага чарадзейства — упрыгожвання вышыўкай. Для вітражнай тэхнікі яно неабавязковае, гэта аўтарская ідэя.

Да мяне пано прыйшло ў выглядзе пэчварку, — расказвае Таццяна Беражная. — Самае важнае было не сказіць яго, а ўзмацніць уражанне малюнка. Трэба было правільна падабраць колеравыя суадносіны ніцей, каб кожны кавалачак і пялёстак ажыў, зайгралі пераходы светлаценяў. Таму вышыты не ўвесь вітраж, а толькі яго пэўныя элементы. Дзякуючы гэтаму, яны выйшлі на першы план. Затым, каб падкрэсліць вітраж, кожнае шво па краях дэталей апрацоўвалася шнурам. Звычайна ў гэтым выпадку бярэцца касая бейка, але мы вырашылі спалучыць заключны этап аздаблення пано з вышывальнай тэхнікай шнурам у прыкрэп. Вынік вы можаце ўбачыць.

Засталося сабраць работу і ўставіць яе ў падабраную рамку.

З вітражным узорам вы можаце не толькі зрабіць пано, але і пашыць сумку, рукзак, камізэльку і многія іншыя прыгожыя, стыльныя і карысныя рэчы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.