Дабрыня ад усіх

На працягу двух гадоў вучні нашай школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў займаліся даследчай работай “Другое жыццё поліэтылену”. Дзеці даведаліся шмат цікавага не толькі пра выкарыстанне поліэтылену, але і ўзнялі важную праблему забруджвання гэтым матэрыялам навакольнага асяроддзя.

Вучні ўдзельнічалі ў доследах, назіраннях, занятках-практыкумах. Адбываліся майстар-класы, анкетаванне як вучняў школы, так і мясцовых жыхароў. У выніку праведзенай работы ў 2016/2017 навучальным годзе школьнікі занялі 2-е месца ў раённым конкурсе даследчых работ. У 2017/2018 навучальным годзе вынікам работы дзяцей стаў не толькі ўдзел у чарговым раённым конкурсе. Дзякуючы падрабязнаму вывучэнню праблемы поліэтылену, школьнікі навучыліся з яго рабіць карысныя рэчы. Рэчы атрымаліся вельмі прыгожыя. Але на гэтым не хацелася спыняцца. Так узнікла ідэя рэалізаваць згаданыя вырабы і накіраваць атрыманыя сродкі на лячэнне хворых дзецяй.

У рамках даследчай работы “Другое жыццё поліэтылену” ў Дварэцкай сярэдняй школе прайшла дабрачынная выстава-продаж “Дабрыня, даступная кожнаму”, мэтай якой стала прыцягненне грамадскасці да праблем забруджвання навакольнага асяроддзя, маральнае выхаванне дзяцей і моладзі. Галоўная ідэя — збор ахвяраванняў на аказанне дапамогі дзецям, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых умовах, удзел у іх лёсе. На выставе-продажы былі прадстаўлены цікавыя работы, выкананыя з поліэтылену вучнямі 2—4 класаў.

Менш чым за гадзіну было рэалізавана вырабаў на суму 100 рублёў 31 капейка, усе іх купілі педагогі і школьнікі. Самай першай пакупкай стаў букет кветак, які каштаваў 20 рублёў.

Падобную акцыю мы правялі ўпершыню і, гледзячы на актыўнасць і зацікаўленасць дзяцей, вырашылі ладзіць такія мерапрыемствы кожны год.

Вялікі дзякуй Ганне Аляксандраўне Кухарчык, якую часта наведвае наш валанцёрскі атрад. Гэтай чулай і добрай жанчыне 87 гадоў, і яна ўнесла свой уклад у нашу дабрачынную акцыю. Такі факт яшчэ раз даказвае, што дабрыня даступна кожнаму.

Усе грошы, атрыманыя ад рэалізацыі вырабаў з поліэтылену, былі пералічаны на рахунак Міжнароднай дабрачыннай арганізацыі UNIHELP.

Святлана ГАЙДУК,
настаўніца пачатковых класаў;
Вольга СЯМАШКА,
выхальнік групы прадоўжанага дня Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*