Педагогі Пагранічнай сярэдняй школы Камянецкага раёна лічаць, што павысіць якасць адукацыі можна праз здароўезберагальную прастору, створаную ва ўстанове. Сістэмная работа па захаванні і ўмацаванні здароўя накіравана на мінімізацыю шкоднага ўздзеяння на дзяцей асноўных школьных фактараў рызыкі.
— Неабходнасць арганізацыі дзейнасці ў гэтым напрамку ўзнікла не на пустым месцы, — тлумачыць дырэктар школы Жанна Іванаўна Аўдзей (на здымку: на парозе школы разам з намеснікам па вучэбна-выхаваўчай рабоце Галінай Рыгораўнай Ілейка). — Па выніках паглыбленага медыцынскага агляду, праведзенага ў 2010 годзе, 37% вучняў мелі пэўныя захворванні (15% — захворванні апорна-рухальнага апарату, 9% — органаў зроку). Гэтая праблема не магла застацца незаўважанай. У выніку пачалася планамерная работа па здароўезберажэнні дзяцей. За 7 гадоў у школе склалася шматузроўневая сістэма дзейнасці па захаванні і ўмацаванні здароўя вучняў.
У здароўезберагальным адукацыйным працэсе задзейнічаны адміністрацыя, настаўнікі, педагог-псіхолаг, медыцынскія работнікі, урачы-гігіеністы, вучні і іх бацькі, якія разам вырашаюць агульныя задачы і адказваюць за вынікі. Усё пачалося з вывучэння таго, як педагогі валодаюць здароўезберагальнымі тэхналогіямі. Па выніках гэтага прайшлі вучэбныя семінары і практыкумы па тэмах, абумоўленых захворваннямі дзяцей (“Улік асаблівасцей вышэйшай нервовай дзейнасці школьнікаў у пабудове ўрока”, “Асаблівасці арганізацыі зрокавай работы”, “Гігіенічныя патрабаванні да арганізацыі вучэбных заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій”, “Эрг-практыкаванні”, “Выкарыстанне гульнявых методык на ўроках здароўезберажэння”). Перад педагогамі былі пастаўлены задачы, звязаныя з абавязковым выкарыстаннем даных медыцынскіх аглядаў школьнікаў для характарыстыкі іх здароўя і дыферэнцыяцыі вучэбнага матэрыялу на ўроках, укараненнем у вучэбны працэс гігіенічных патрабаванняў і рэкамендацый, прадугледжаных санітарнымі нормамі і правіламі, з прымяненнем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Настаўнік павінен умець выяўляць прыметы стомленасці вучняў і дыферэнцыраваць адпаведную вучэбную нагрузку.
— Спецыялісты службы здароўя школы разам з участковым педыятрам і фельчарам мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта прапанавалі педагогам спецыяльную сістэму практыкаванняў для вучняў канкрэтных класаў, — расказвае Ж.І.Аўдзей. — Так, для дзяцей з парушэннямі зроку і прафілактыкі блізарукасці быў прапанаваны комплекс карэкцыйных практыкаванняў з выкарыстаннем метак (смайлікаў) на акне і апорных канспектаў. Для прафілактыкі парушэнняў зроку і развіцця дробнай маторыкі вучаніцы з ДЦП настаўнік-дэфектолаг выкарыстоўвае спецыяльна падрыхтаваны дыдактычны матэрыял з выразным контурам выяў у павялічаным памеры. Для каардынацыі рухаў дзяўчынкі прымяняюцца адзінкавыя і парныя агульнаразвіццёвыя практыкаванні без прадметаў і з прадметамі. Гэта павялічвае рухальны вопыт вучаніцы.
Для дынамізацыі рабочай позы дзяцей на ўроках вучэбныя кабінеты пачатковых класаў абсталяваны канторкамі, якія рэгулююцца па росце. Па словах Ж.І.Аўдзей, пры сістэматычным і метадычна правільным выкарыстанні канторак жыццеўстойлівасць дзіцячага арганізма павялічваецца ў 2—3 разы, шчыльнасць рухальнай актыўнасці на занятках павышаецца да 80—85% (пры традыцыйным рэжыме за партай — толькі 10—18%). Акрамя таго, у дзяцей, якія займаюцца за канторкамі, у 5—6 разоў менш праяўляюцца нервова-псіхічныя зрывы, агрэсія і задзірыстасць, у 2—4 разы зніжаецца захваральнасць, звязаная з апорна-рухальным апаратам, сардэчна-сасудзістай і рэпрадуктыўнай сістэмамі.
З мэтай прафілактыкі плоскаступнёвасці праводзіцца карыгіруючая гімнастыка з выкарыстаннем спецыяльных масажных дыванкоў. Для паляпшэння паставы на ўроках прымяняюцца спецыяльныя практыкаванні з эрг-аэробікі, якія павышаюць трываласць і прадукцыйнасць работы за камп’ютарам. Гэтыя практыкаванні можна выконваць у любы час і ў любым месцы.
Для паляпшэння кровазвароту ў перыферычных сасудах і зніжэння стомленасці даволі эфектыўным з’яўляецца самамасаж, які можна арганізаваць акурат на рабочым месцы.
— Абавязковым элементам здароўезберагальнай дзейнасці школы з’яўляюцца арганізацыя дынамічнага назірання за станам здароўя вучняў і аказанне ім своечасовай медыцынскай і педагагічнай дапамогі, — гаворыць Ж.І.Аўдзей. — Ва ўстанове праводзяцца дні дыягностыкі, рэгулявання і карэкцыі, задача якіх заключаецца ў аператыўнай дыягностыцы праблем і выпрацоўцы мер па эфектыўным кіраванні школай. Дні ДРК заўсёды пачынаюцца з інструктажу. Кожны ўдзельнік-арганізатар складае сваю праграму. Тэрміны правядзення дзён ДРК і апрацоўкі матэрыялаў дакладна вызначаюцца ў планах школы. На аснове атрыманых вынікаў выяўляюцца тэндэнцыі, якія ўлічваюцца ў праграме па рэгуляванні і карэкцыі. Вынікі правядзення дзён ДРК абмяркоўваюцца (у залежнасці ад мэты і аб’ёму мікрадаследаванняў) на педагагічных і метадычных саветах, пасяджэннях вучэбна-метадычных аб’яднанняў.
Па словах Ж.І.Аўдзей, вялікая ўвага ўдзяляецца папярэджанню стомленасці і стрэсаў настаўнікаў на ўроках. Гэтая праблема вырашаецца шляхам фарміравання спрыяльнага псіхалагічнага клімату ў школе, асобным класе і педкалектыве. Станоўчую ролю адыгрывае пакой псіхалагічнай разгрузкі для настаўнікаў і вучняў. Кожны школьнік можа пасля вучобы ці на перапынку расслабіцца ў гэтым пакоі, паслухаць заспакаяльныя гукі прыроды. Акрамя таго, у пакоі можна зрабіць гімнастыку для вачэй, арэхавую і каштанавую гімнастыку для рук і ступняў, пагуляць з крупамі.
— Паколькі дзеці ў школе большую частку часу праводзяць на занятках, то і патрабаванні да іх арганізацыі з пазіцыі здароўезберажэння павінны быць высокімі, — адзначае Ж.І.Аўдзей. — Так, асаблівую ўвагу трэба звяртаць на колькасць відаў вучэбнай дзейнасці (норма — 4—7 відаў за ўрок). Аднастайнасць урока стамляе школьнікаў. Гэта яскрава відаць пры выкананні кантрольнай работы. А вось пры напісанні сачынення стомленасць крыху меншая. У той жа час частыя змены дзейнасці патрабуюць ад вучняў дадатковых адаптацыйных намаганняў.
Нельга абыходзіць увагай сярэднюю працягласць і частату чаргавання розных відаў вучэбнай дзейнасці (арыенціровачная норма — 7— 10 хвілін). Абавязкова трэба ўлічваць колькасць відаў выкладання: слоўны, наглядны, аўдыявізуальны, самастойная работа і г.д. (норма — не менш за 3). Варта чаргаваць віды выкладання (норма — не пазней, чым праз 10—15 хвілін). Вялікую ўвагу неабходна ўдзяляць позам вучняў і іх чаргаванню ў адпаведнасці з відам работы.
У змесце ўрокаў павінны змяшчацца пытанні, звязаныя са здароўем і здаровым ладам жыцця. Неабходна фарміраваць у вучняў патрэбу ў ім, выпрацоўваць індывідуальны стыль бяспечных паводзін, паведамляць дзецям пра магчымыя наступствы выбару пэўных паводзін.
На ўроку павінен панаваць спрыяльны псіхалагічны клімат, які ўключае наяўнасць эмацыянальных разрадак: жартаў, гумарыстычных карцінак, прымавак, афарызмаў з каментарыямі, невялікіх вершаў, музычных хвілінак і інш. Колькасць часу, затрачанага дзецьмі на вучэбную работу, павінна складаць не менш за 60% і не больш за 75—80%.
Педагогу неабходна адсочваць момант надыходу стомленасці вучняў і зніжэння іх вучэбнай актыўнасці. Гэта вызначаецца падчас назіранняў за павелічэннем колькасці рухальных і пасіўных адцягненняў у дзяцей пры выкананні вучэбнай работы (норма — не раней, чым праз 25—30 хвілін у 1 класе; 35—45 хвілін у пачатковых класах; 40 хвілін у сярэдніх і старшых класах).
Неабходна ўлічваць тэмп і асаблівасці заканчэння ўрока. Так, пры хуткім тэмпе няма часу на пытанні вучняў, дамашняе заданне запісваецца амаль без каментарыяў. Пры спакойным завяршэнні ўрока вучні могуць задаць настаўніку пытанні, ён можа пракаменціраваць дамашняе заданне, развітацца з дзецьмі.
— Здароўезберагальныя мерапрыемствы, якія рэалізоўваюцца ў школе, дазваляюць паралельна змагацца з курэннем, ужываннем алкаголю, гіпадынаміяй і атлусценнем, якія ў той ці іншай ступені з’яўляюцца фактарамі рызыкі і прычынамі пэўных захворванняў. Нягледзячы на тое, што ўзровень захваральнасці школьнікаў носіць суб’ектыўны характар з-за зменлівасці кантынгенту вучняў, усё роўна можна канстатаваць зніжэнне агульнай захваральнасці за апошнія 5 гадоў на 7%. Так, колькасць дзяцей з нізкім зрокам зменшылася на 1,3%, з захворваннямі апорна-рухальнага апарату — на 5%. На столькі ж знізілася і колькасць пропускаў заняткаў з-за хвароб. Гэтыя вынікі не могуць не радаваць, бо сведчаць, што мы на правільным шляху, — падагульняе Ж.І.Аўдзей.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ і з архіва школы.