“Мы не спаборнічалі за тое, хто з нас лепшы, — мы гаварылі аб раўнапраўі”

Прэс-канферэнцыя з удзелам 23-гадовай мінчанкі Аляксандры Чычыкавай — “Міс свету — 2017 на інваліднай калясцы” — прайшла днямі ў галерэі TUT.BY. У міжнародным конкурсе, які праходзіў у Варшаве, спаборнічалі 24 прадстаўніцы — з Канады, Чылі, Польшчы, Украіны, Францыі, Індыі і Беларусі. Ад нашай краіны, акрамя Аляксандры Чычыкавай, у ім удзельнічала яшчэ Ангеліна Уэльская, дзяўчына з ДЦП. У ходзе сустрэчы з журналістамі Аляксандра падзялілася ўражаннямі ад спаборніцтваў, расказала пра свае далейшыя творчыя планы.

— Рашэнне прыняць удзел у конкурсе прыйшло да мяне спантанна, — падкрэсліла Аляксандра. — Спадабалася яго асноўная ідэя (канцэпцыя), якая цалкам супала з маімі поглядамі і чаканнямі, з маім жаданнем мяняць стэрэатыпы ў адносінах да людзей з інваліднасцю. Сваім удзелам у гэтым мерапрыемстве (не магу назваць яго конкурсам) мне хацелася ўзняць сацыяльныя праблемы людзей з інваліднасцю, зрабіць акцэнт на іх праве на дастойнае жыццё, на раўнапраўны ўдзел ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Менавіта сацыяльнай накіраванасцю адрозніваўся гэты конкурс ад традыцыйных конкурсаў прыгажосці, у большасці з якіх галоўнай з’яўляецца канкурэнцыя. Мы не спаборнічалі за тое, хто з нас лепшы, прыгажэйшы і разумнейшы. І на сцэне, і за кулісамі панавала добразычлівая атмасфера.

Дзяўчаты, якія падавалі дакументы на ўдзел у спаборніцтвах, павінны былі адказаць на тры пытанні: ці лічаць яны, што каляска з’яўляецца для іх абмежаваннем; што стануць рабіць у выпадку сваёй перамогі; чаму кожная з іх дастойна перамогі. Што тычыцца апошняга пытання, то я лічу, што менавіта ўсіх дзяўчат, якія вырашылі ўдзельнічаць у конкурсе, можна назваць пераможцамі. У Варшаве кожная з нас расказвала пра самае галоўнае ў сваім жыцці. Адно з пытанняў, адрасаваных дзяўчатам, было такім: “Што такое прыгажосць на ваш погляд?” Я асабіста неаднойчы разважала на гэтую тэму, адкрывала інтэрнэт і чытала азначэнне слова “прыгажосць”. Яно складалася ў асноўным з акрэсленых рамак і крытэрыяў. Для мяне ж прыгажосць — гэта тое, што не мае ніякіх абмежаванняў і крытэрыяў. Яе немагчыма апісаць, таму што кожны чалавек прыгожы па-свойму, нельга гаварыць пра прыгажосць па шаблоне. Знешняй прыгажосці без унутранай для мяне проста не існуе.

Падчас конкурсу мы расказвалі пра важныя праблемы, якія ёсць у дзяўчат на інвалідных калясках з тых краін, прадстаўніцы якіх прыехалі на конкурс. Я вылучыла наступныя: па-першае, праблема медыцынскага абслугоўвання дзяўчат з абмежаваннямі; па-другое, праблема стварэння сям’і (многім дзяўчатам на інвалідных калясках складана зацяжарыць), існуе і праблема з усынаўленнем, таму што лічыцца, што мама з інваліднасцю не можа паўнацэнна выхоўваць дзіця); па-трэцяе, медыкі пры нараджэнні дзіцяці жанчынай з інваліднасцю ставяцца да яе з недаверам: ці зможа яна забяспечыць належны догляд немаўляці. У выніку на аснове медыцынскага заключэння маці з абмежаваннямі могуць нават пазбавіць бацькоўскіх правоў.

У размовах з канкурсанткамі Аляксандра даведалася пра тое, як у іншых краінах складваецца сітуацыя з сацыялізацыяй людзей з інваліднасцю. У Еўропе і Амерыцы ўжо даўно адышлі ад стэрэатыпа, што чалавек з інваліднасцю не можа мець дастойнае жыццё, сацыяльная палітыка ў гэтых краінах накіравана на паўнацэннае ўключэнне ўсіх людзей у жыццё грамадства. А ў такіх краінах, як, напрыклад, Індыя, Ангола, яшчэ шмат трэба працаваць у гэтым кірунку.


Чаму перамагла менавіта Аляксандра? Можна меркаваць, што журы пакарыла яе шчырасць і адкрытасць, а таксама імкненне не да знешняй папулярнасці, а да таго, каб хаця б крыху змяніць свет да лепшага. Неабходна адзначыць адзін з важных момантаў падчас конкурсу, калі ўсе дзяўчаты ўзяліся за рукі і кожная з іх расказала, для чаго яна прыехала на гэтае мерапрыемства. Аляксандра адзначыла, што яе галоўная місія — гаварыць пра людзей з інваліднасцю як пра сацыяльна актыўных, прыгожых і знешне, і ўнутрана. На шляху многіх дзяўчат, якія перамяшчаюцца на калясках, ёсць шмат унутраных бар’ераў, якія перашкаджаюць ім жыць паўнацэнна і якія яны не могуць самастойна пераадолець. Сваім выхадам на вялікую сцэну падчас конкурсу дзяўчаты даказалі, што каляска на самай справе не з’яўляецца абмежаваннем для таго, каб быць шчаслівым. Чалавек з інваліднасцю можа быць самадастатковым, яго не трэба шкадаваць, звяртаць увагу на яго недасканаласць. У людзей з парушэннямі такія ж жаданні, пачуцці і памкненні, як і ў астатніх. Нікому не падабаецца, калі да яго адносяцца з жалем і спачуваннем, як да пакрыўджаных лёсам. У кожнага чалавека ёсць тыя або іншыя парушэнні, людзей з неабмежаванымі магчымасцямі ўвогуле не існуе. Таму лепш садзейнічаць жыццёвым перспектывам кожнага чалавека.

Аляксандра выказала вялікую падзяку ўсім, хто падтрымліваў яе ў ходзе падрыхтоўкі да конкурсу і падчас яго. Святлана Кузняцова — “Місіс Зямны шар — 2017” — прыклала намаганні для таго, каб падабраць для Аляксандры і належны гардэроб, і падарункі для арганізатараў конкурсу. Сукенкі для выступлення на сцэне пашыла беларускі дызайнер адзення Кацярына Цікота. У яе ўборы Аляксандра і атрымлівала запаветную карону.

— У любы момант я магу пазваніць Кацярыне, і яна заўсёды акажа мне неабходную падтрымку, прычым зробіць гэта з адкрытым сэрцам, — расказала Аляксандра. — У яе адзенні мне зручна і камфортна, яно не проста прыгожае, перш за ўсё яно характарызуе мяне як асобу. Важны падарунак, які заўсёды знаходзіцца са мной, — гэта прыгожая новая каляска, зробленая па індывідуальным праекце, ад Аляксандра Махортава — дырэктара прадпрыемства INVATech. Акрамя таго, сталічныя салоны прыгажосці аказалі мне паслугі па доглядзе твару, зрабілі конкурсную прычоску, наша вядомая беларуская фірма пашыла для мяне паліто. Многія людзі ў той ці іншай ступені мелі дачыненне да маёй перамогі.

* * *

— Адкуль да мяне прыходзяць сілы жыць і радавацца таму, што адбываецца навокал? Часам нават не магу зразумець гэтага. Магчыма, таму што я веруючы чалавек. Калі са мной здарылася траўма (у 17 гадоў Аляксандра ў выніку падзення атрымала пералом груднога аддзела пазваночніка. — Заўв. аўт.), мне вельмі моцна дапамагла мая сям’я і мая вера. Малітвы, якія вымаўлялі блізкія людзі ў клопаце пра мяне, напэўна, і надавалі мне сілы пераадольваць усе цяжкасці. Па жыцці я іду з разуменнем таго, што ўсё, што адбываецца з кожным чалавекам, знаходзіцца перад вачыма вышэйшай сілы, што ва ўсім ёсць свой унутраны сэнс і сваё прызначэнне.

Можа здацца дзіўным, але ў мяне няма запаветнай мары, я не вельмі люблю марыць. Калі чалавек марыць, ён у пэўны момант можа адысці ад рэальнасці і акунуцца ў нерэальны свет сваёй мары, а ў выніку не дасягне яе. Я чалавек, які любіць ставіць перад сабой канкрэтныя мэты і задачы і паступова вырашаць іх. Але ні ў якім разе дзеля дасягнення свайго жадання я не пайду супраць сумлення, па галовах іншых людзей, не буду рабіць камусьці балюча. Перамога на конкурсе мяне змяніла, зрабіла больш моцнай. Пачало мяняцца і маё акружэнне, штодня я сустракаюся з рознымі людзьмі, якія жадаюць са мной супрацоўнічаць, рэалізоўваць сумесныя праекты.

Зараз Аляксандра Чычыкава наладзіла супрацоўніцтва з Нацыянальнай школай прыгажосці, стала яе мадэллю. У гэтым годзе яна атрымае дыплом аб заканчэнні БДПУ імя Максіма Танка, дзе вучылася на завочным аддзяленні на псіхолага і сацыяльнага педагога, — гэта яшчэ адзін кірунак дзейнасці, у якім яна хацела б паспрабаваць сябе. У планах Аляксандры — арганізаваць правядзенне конкурсу для дзяўчат на інваліднай калясцы ў Беларусі, накшталт такога, у якім яна перамагла. Дарэчы, такія спаборніцтвы ўжо даўно праводзяцца ва Украіне, Расіі, Польшчы. Дзяўчына ўсімі сіламі жадае дапамагаць людзям з інваліднасцю ў раскрыцці іх талентаў, у пераадоленні стэрэатыпаў, псіхалагічных бар’ераў, сарамлівасці. Яна лічыць, што абмежаванні ў здароўі не перашкода для таго, каб чалавек стаў, напрыклад, медыйнай персонай, удзельнікам модных паказаў і іншых публічных мерапрыемстваў.

* * *

Пасля прэс-канферэнцыі адбылося ўручэнне тэставых узораў штаноў для фокус-групы (для 10 мужчын і дзяўчат, якія перамяшчаюцца на інваліднай калясцы), пашытых дызайнерам Кацярынай Цікота. Нагадаем, што ў маі 2017 года Кацярына прэзентавала першую ў Беларусі калекцыю для людзей, якія перамяшчаюцца на калясках. Затым у фінале конкурсу Social Weekend яе праект “Стварэнне зручнага адзення для інвалідаў-калясачнікаў” упершыню ў гісторыі такіх мерапрыемстваў атрымаў і прыз глядацкіх сімпатый, і гран-пры конкурсу.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.