Усміхайцеся на здароўе!

Ніколі не адмаўляйся ад таго, што прымушае цябе ўсміхацца — з гэтым правілам могуць не пагадзіцца бадай што тыя, хто саромеецца сваёй усмешкі з-за відавочных праблем з зубамі. Паход да стаматолага для многіх з’яўляецца выпрабаваннем нават у выпадку лячэння простага карыесу. Але каб зубы былі не толькі здаровымі, але і прыгожымі, без дапамогі артадонта не абысціся.

Пра тое, з якімі праблемамі часцей за ўсё прыходзяць пацыенты, як даглядаць зубы ў перыяд артадантычнага лячэння і чаму так важна мець прыгожую ўсмешку, расказала ўрач-стаматолаг-артадонт вышэйшай катэгорыі Вольга Леанідаўна Каваленка.

— Вольга Леанідаўна, з якімі праблемамі да вас звяртаюцца пацыенты? Ці можаце расказаць, што часцей за ўсё турбуе дзяцей, а што — дарослых? Чым дзіцячае артадантычнае лячэнне адрозніваецца ад дарослага?

— Часцей за ўсё да артадонта пацыенты прыходзяць з жаданнем мець прыгожую, гарманічную ўсмешку, — гэта калі гаворка ідзе пра дарослых. Што тычыцца дзяцей і падлеткаў, іх прыводзяць бацькі.

Дзяцей, якія не дасягнулі падлеткавага ўзросту, на артадантычнае лячэнне накіроўваюць дзіцячыя стаматолагі ці лагапеды. Але часта і самі бацькі няўзброеным вокам заўважаюць, што пастаянныя зубы праразаюцца няроўна, і гэта выклікае ў іх неспакой, таму яны прыходзяць да артадонта. І гэта вельмі правільна. Чым раней заўважыць праблему, тым лягчэй і эфектыўней яе можна вырашыць.

 Дзяўчынкі старэйшага школьнага ўзросту гэтак жа, як і дарослыя дзяўчаты, самі хочуць змяніць становішча некаторых зубоў і тым самым палепшыць усмешку, каб выглядаць больш прывабна. Калі гаварыць пра пацыентаў супрацьлеглага полу, яны складаюць не менш за 40% ад усёй колькасці пацыентаў артадонта. Толькі матывацыя да выпраўлення прыкусу ў іх больш звязана з нармалізацыяй функцыі жавання, чым з эстэтыкай усмешкі.

Выпраўленне прыкусу ў дзяцей і дарослых прынцыпова адрозніваецца падыходам да выбару артадантычнага апарата. Калі ў дзяцей да 12 гадоў выкарыстоўваюцца апараты, здольныя паўплываць на рост і развіццё сківіц (у большасці выпадкаў гэта здымныя артадантычныя апараты), то ў пацыентаў, якім 12 і больш гадоў, выпраўленне анамалій прыкусу адбываецца за кошт змянення становішча асобных зубоў і карэкцыі формы зубных радоў пры дапамозе брэкет-сістэмы, таму што са сталеннем дзіцяці патэнцыял росту шкілета твару вычэрпвае сябе.

Ці ведалі вы, што…

Брэкеты — гэта прыгожа

Раней у артадантыі самым пікам крэатыўнасці лічыўся выбар колеру гумкі на брэкетах. Сёння выбар стаў больш багатым. Можна, напрыклад, скарыстацца артадантычнай методыкай выраўноўвання зубоў, пры якой лінгвальныя брэкеты хаваюцца ўздоўж унутранай паверхні зубоў.

8 гадоў назад японскі магазін адзення Laforet Harajuku ў якасці рэкламнай кампаніі стварыў брэкеты са святлодыёдамі. Рэкламныя  брэкеты толькі свяціліся рознымі колерамі, але не выраўноўвалі зубы.

— Вызначыць, правільны прыкус ці не, можна толькі на прыёме ў спецыяліста ці ёсць нейкія спосабы заўважыць парушэнні ў хатніх умовах?

— Несумненна, нейкія асобныя анамаліі прыкусу кожны чалавек можа заўважыць самастойна. Да іх адносяцца цесната разцоў ці ярка выяўленыя неадпаведнасці ў памерах верхняй і ніжняй сківіц. Але дакладны і поўны артадантычны дыягназ можа паставіць толькі спецыяліст пасля клінічнага агляду пацыента і правя­дзення дадатковых дыягнастычных метадаў.

— Самыя распаўсюджаныя на сённяшні дзень зуба­сківічныя  анамаліі — гэта якія? Як часта за выпраўленнем прыкусу звяртаюцца дарослыя? Ці можна ім у гэтым дапамагчы? Наколькі эфектыўныя ў дачыненні да іх брэкет-сістэмы? І ці ёсць у гэтым сэнс — ставіць брэкеты чалавеку ва ўзросце 30 гадоў і больш?

— На сённяшні дзень да найбольш частых зуба­сківічных анамалій адносяцца дыстальны прыкус, глыбокі прыкус і нейтральны прыкус са скучанасцю зубоў. Дарослыя пацыенты з дыстальным і нейтральным прыкусам са скучанасцю зубоў звяртаюцца менавіта з просьбай выраўнаваць іх становішча. А вось пацыентаў з глыбокім прыкусам часта накіроўвае стаматолаг-тэрапеўт. Справа ў тым, што ў такіх пацыентаў становішча верхніх разцоў цалкам прымальнае і не моцна ўплывае на эстэтыку ўсмешкі. Не варта, вядома, забываць пра дарослых пацыентаў, якія рыхтуюцца да пратэзавання зубных радоў. У выпадках, калі асобныя зубы былі выдалены год назад і раней да моманту пратэзавання, урач-стаматолаг-артапед не мае магчымасці правільна запратэзаваць пацыента, таму што побач стаяць зубы, якія імкнуцца запоўніць прастору ад выдаленага зуба шляхам ссоўвання ўдоўж зубнога рада альбо нахілу каронкі.

Што тычыцца ўзросту пацыентаў, гэта не з’яўляецца супрацьпаказаннем да артадантычнага лячэння ў цэлым, і ў прыватнасці гэта не супрацьпаказанне да брэкет-сістэм. Менавіта выкарыстанне брэкет-сістэмы дазваляе артадонту якасна правесці лячэнне зубасківічных анамалій у дарослых.

— Пасля лячэння брэкет-сістэмамі артадонты праводзяць лячэнне рэтэйнерамі. Што гэта такое і ў якіх выпадках прымяняецца? Каму яны паказаны?

— Прызначэнне і выраб рэтэнцыйных апаратаў з’яўляецца абавязковым пунктам у плане лячэння кожнага артадантычнага пацыента. Гэта звязана з тым, што зубы пад уплывам сіл артадантычных апаратаў перамяшчаюцца значна хутчэй, чым адбываецца перабудова тканак апорна-ўтрымліваючага апарату зуба, а менавіта — касцявой тканкі, перыядантальных звязак і дзяснаў. Таму ў выпадку, калі пацыент не выкарыстоўвае рэтэйнеры, той вынік, які быў дасягнуты ў працэсе артадантычнага лячэння, будзе нядоўгатэрміновым.

— Ці могуць брэкеты сапсаваць зубную эмаль альбо змяніць яе колер? Як правільна даглядаць зубы, у прыватнасці дзіцячыя, у перыяд артадантычнага лячэння?

— Самі па сабе брэкеты не могуць сапсаваць стан эмалі і выклікаць развіццё карыесу. Аднак менавіта гэтая боязь часцей за ўсё спыняе многіх пацыентаў пачаць артадантычнае лячэнне пры дапамозе брэкетаў. Растлумачу, чаму так адбываецца. Брэкет-сі­стэма складаецца з брэкетаў-“замочкаў”, якія фіксуюцца на кожны зуб артадантычнай дугі, што злучае ўсе зубы ў зубным радзе, і лігатур, пры дапамозе якіх дуга замацоўваецца ў пазе кожнага брэкета. Такім чынам, гладкая паверхня зуба, якая дагэтуль не стварала цяжкасці падчас чысткі зубной шчоткай і па­стай, ператвараецца ў цэлую сістэму рознаўзроўневых пляцовак.

Не ва ўсіх культурах прамыя зубы лічацца прыгожымі

Большасць з нас прывыклі лічыць прамыя белыя зубы прывабнымі. Аднак ёсць краіны, у якіх прывабнымі лічацца зубы няправільнай формы. У Японіі крывыя зубы, так званыя “аіба” (yaeba), лічацца неверагодна папулярнымі. Жанчыны з ідэальнымі зубамі спецыяльна перакрыўляюць іх, каб палепшыць сваю ўсмешку. Японцам здаецца, калі ў цябе рот, поўны такіх зубоў, зна­чыць, ты малады, модны і стыльны.

Але гэта не з’яўляецца перашкодай. Для пацыентаў з брэкетамі існуе вялікі асартымент дадатковых сродкаў і метадаў гігіены поласці рота (аднапучковыя шчоткі, ёршыкі, ірыгатар), пры выкарыстанні якіх ім не пагражае ні развіццё карыесу, ні змяненне колеру эмалі зубоў. Што тычыцца дзяцей, якія выкарыстоўваюць артадантычныя пласцінкі, гігіена поласці рота ў іх не адрозніваецца ад той, якой прытрымліваюцца дзеці без пласцінак. Пласцінка з’яўляецца здымным артадантычным апаратам, які дзіця любога ўзросту ў стане зняць самастойна, каб пачысціць зубы.

— Якія дзіцячыя хваробы, анамаліі развіцця негатыўна адбіваюцца на развіцці сківіц?

— У сувязі з тым, што дзіцячы арганізм мяняецца вельмі хутка, любое парушэнне анатоміі або функцыі сківічна-тварнай вобласці можа негатыўна адбіцца на росце і развіцці сківіц. Так, кароткая вуздэчка языка перашкаджае яго правільнаму становішчу на паднябенні і тым самым спрыяе звужэнню верхняга зубнога рада, што спрыяе развіццю дыстальнага прыкусу. Наяўнасць жа павялічаных паднябенных і насаглотачнай  міндалін спрыяе фарміраванню ў дзіцяці ротавага дыхання, зніжэнню тонусу кругавой мышцы рота і развіццю адкрытага прыкусу.

— На што бацькам трэба звяртаць увагу, каб зубкі ў дзяцей заўсёды былі здаровымі? Пры якіх сімптомах трэба звяртацца да артадонта?

— Асноўнае, на што бацькам сапраўды варта звяртаць увагу, — гэта на наяўнасць у дзіцяці фактараў рызыкі развіцця зубасківічных анамалій. Да такіх фактараў адносяцца дыханне ротам, няправільнае глытанне, млявае жаванне, наяўнасць у дзіцяці шкодных звычак (напрыклад, смактанне пальца, прыкусванне вуснаў і шчок). Немалаважным фактарам развіцця зубасківічных анамалій з’яўляецца наяўнасць малочных зубоў з карыесам, таму іх неабходна своечасова лячыць, каб пазбегнуць іх заўчаснага выдалення задоўга да фізіялагічнай змены зубоў.

— Вольга Леанідаўна, якія агульныя рэкамендацыі па доглядзе дзіцячых зубоў можаце даць бацькам? І якія асноўныя рэкамендацыі існуюць для дарослых?  Ня­гледзячы на шматлікія заклікі, што здаровыя зубы і прывабная ўсмешка — гэта важна, многія лічаць, што тым, хто паўжыцця прахадзіў з крывымі зубамі, можна так жыць і далей.

— Бацькам маленькіх дзяцей хацелася б пажадаць старанна чысціць дзіцячыя зубкі з моманту праразання першага зуба і своечасова наведваць дзіцячага стаматолага, бо менавіта ён адзін з першых можа заўважыць наяўнасць у дзіцяці фактараў рызыкі развіцця зубасківічных анамалій. Дарослым пацыентам незалежна ад узросту рэкамендую не баяцца пачынаць артадантычнае лячэнне. У многіх з іх жыццё мяняецца ў лепшы бок. Гэта ў першую чаргу звязана са змяненнем самаацэнкі. У тых, хто прайшоў лячэнне брэкетамі, з’яўляецца ўпэўненасць у сваіх сілах, назіраецца адкрытасць у зносінах з навакольным светам. І не забывайце, што шчырая адкрытая ўсмешка — гэта заўсёды крок насустрач да таго, з кім вы кантактуеце ці хочаце падтрымліваць зносіны.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.