У падарунак — уражанні

Мае сябры здзіўляюцца: “Як зноў Новы год на носе? Не можа быць!” Вось і можа, вось і зноў. Радасны клопатны час настаў. І можа так здарыцца, што ён запомніцца і ўразіць гэтак жа, як само свята. Новы год — гэта пошук падарункаў ці стварэнне іх сваімі рукамі. Мы любім атрымліваць падарункі, але і дарыць іх не меншае, а часам і большае задавальненне. Калі падарунак ад нас спадабаўся чалавеку, значыць мы аддалі частку сваёй душы, выбіраючы яго. Каб у гэтым годзе атрымалася менавіта так, неабходны час для пошукаў. А ён у нас ёсць — цэлы месяц наперадзе.

Разбяромся спачатку, што ж такое падарунак, у чым яго сэнс? Падарунак — гэта тое, што аддаеш, а, уручаючы, хочаш прынесці радасць іншаму чалавеку, бязвыплатна, без асабістай выгады для сябе. Невыпадкова ў казках самую вялікую карысць герою прыносяць прадметы падораныя.

Як узнікла традыцыя ўручаць падарункі? На гэтае пытанне, бадай, няма адназначнага адказу. Кожны народ ствараў традыцыю дарэння самастойна. Гэтыя традыцыі  ў Расіі маюць сур’ёзны размах. Падарункі­гасцінцы падносілі з любой нагоды. Пры гэтым выказванне пра тое, што найлепшы падарунак — гэта той, які зроблены сваімі рукамі, мае гістарычныя карані. У сялянскім асяроддзі было прынята дарыць суседзям ці сваякам пірагі, кулічы, пернікі, саматканыя абрусы ці адзенне, дзецям — лялек­берагінь.

У Японіі ці Кітаі прынята дарыць парныя рэчы: рамкі для фотаздымкаў, наборы для чаю. У Кітаі важна пазбягаць дарэння чатырох прадметаў, таму што назва лічэбніка ў некаторых дыялектах супадае па гучанні са словам “смерць”. У любым дарэнні галоўную ролю адыгрывае сімвалізм, а не кошт. Ва ўсходніх краінах найлепшым колерам для ўпакоўкі падарунка ці канверта для грошай лічыцца чырвоны. У Кітаі ён сімвалізуе дабрабыт, а японцы вераць, што чырвоны адпужвае дэманаў і ахоўвае дамашні ачаг. У Кітаі не прынята дарыць ежу: гэта лічыцца намёкам на беднасць гаспадароў, а ў Японіі — абдарыць шакаладам ці морапрадуктамі лічыцца добрым тонам. Ва ўсходніх краінах вялікая ўвага ўдзяляецца не падарунку, а працэсу яго ўручэння. Падарункі прынята падносіць і прымаць дзвюма рукамі, крыху нахіліўшыся ў знак павагі. Дзякаваць не разгортваючы. Упакоўка, дарэчы, нават у самай сціплай рэчы са старажытных часоў павінна была быць бездакорнай.

Для беларусаў быў характэрны абмен пачастункамі, гэта значыць, пачастунак выступаў у якасці падарунка. З пустымі рукамі ісці ў госці было не прынята, нормамі народнага этыкету забаранялася хадзіць “на чужое”. У беларусаў на працэсе дарэння ніколі не акцэнтавалася ўвага з пункту гледжання асаблівага кінетычнага рытуалу. Але абавязкова трэба было дзякаваць за прынесеныя падарункі ці пачастункі. Калі госць прыходзіў да шляхціца і штосьці хваліў, гаспадар павінен быў прапанаваць яму гэта ў падарунак. Пахваліш каня ці шафу — вельмі магчыма, што іх прыйдзецца забраць дадому. Ад такога падарунка нельга адмаўляцца: гэта было б непачціва. Калі вам штосьці дораць, вы абавязаны падарунак прыняць.

Чалавецтва ў сваім юнацтве лічыла любы падарунак пасланнем. Здаралася, што ад правільнага ці няправільнага выбару падарунка залежала вайна ці мір паміж плямёнамі, дзяржавамі. Царскія двары мелі прафесійных саветнікаў па тлумачэнні сэнсу падарункаў. Дарэчы, у дыпламатычнай службе да гэтай пары надаюць майстэрству падарунка вялікае значэнне.

Выбіраючы падарунак для дарагога, прыемнага, значнага, роднага чалавека, падумайце, што іменна ў гэтым пасланні будзе зашыфравана. Сфармулюйце, якімі ўласцівасцямі павінен валодаць прадмет ці дзеянне, каб яго можна было назваць падарункам. Магчыма, да гэтага прадмета павінна падысці слова “самы”: самае новае, самае дасканалае, самае магутнае, самае прэстыжнае, самае дарагое, самае неабходнае, самае моднае, самае арыгінальнае, самае прыгожае, самае прыемнае, самае смешнае, самае адпаведнае сітуацыі.

Першыя калядныя падарункі апісаны ў Бібліі і вядомы як дары вешчуноў — золата, ладан і смірна, прынесеныя ў гонар з’яўлення на свет Ісуса Хрыста. На Захадзе Каляды прыходзяць раней за Новы год і лічацца галоўным зімовым святам.

Існуе меркаванне, што заснавальнікам традыцыі ўручаць падарункі на Новы год стаў Юлій Цэзар, рымляне. А самымі першымі падарункамі былі галіны высакароднага лаўра і манеты з выявай бога Януса. Можам лічыць Італію той дзяржавай, у якой узніклі такія любімыя намі святочныя традыцыі. У сучаснай Італіі асноўныя падарункі ўручаюцца на Каляды, а навагоднія прэзенты сімвалічныя.

Нашы продкі верылі, што жывуць не толькі ў бачным свеце, але і ў свеце духаў. Каб зрабіць літасцівымі духаў, людзі пакідалі падарункі ў раскідзістых галінах. Вось і падабенства з навагоднімі традыцыямі — пакідаць падарункі пад ёлачкай. Асабліва радуюцца магчымасці пашукаць чароўныя падарункі пад яловымі лапамі дзеці. Успомніце, што ў дзяцінстве вы самі знаходзілі пад ёлкай? Што выклікала самую вялікую радасць? Ці ёсць фотаздымкі гэтай падзеі? Калі ёсць, перагледзьце іх перад святам і адлажыце, каб паказаць сям’і і гасцям. Не забудзьце даць слова сведкам падзеі.

Падарункі на Новы год пакідаюць не толькі пад ёлкай, але і ў прыгожым, яркім, спецыяльна пашытым боце. У краінах Еўропы даўно існуе звычай выстаўляць за парог ці прыхоўваюць недалёка ад ёлкі начышчаны да бляску бот ці чаравік, каб у першы дзень новага года знайсці ў ім запаветныя падарункі. Таксама еўрапейскія жыхары вешаюць на камін ці каля дзіцячага ложачка яркую шкарпэтку с ласункамі і сувенірамі. Такой традыцыі дапамагла сфарміравацца гісторыя пра тое, як Святы Мікалай злітаваўся з бедных сясцёр, кінуў у дымаход іх дома жменю манет. Яны трапілі якраз у панчошкі, якія віселі на каміне. У памяць пра гэты цуд панчохі і чаравікі напаўняюцца навагоднімі падарункамі. Гэтая традыцыя нагадвае нам пра цуд і стымулюе захаваць веру ў яго, хаця б у святочныя дні.

Калі вы ніколі не пісалі пісьмо Дзеду Марозу, то абавязкова напішыце ў гэтым годзе. Пішыце разам з дзіцем і самі ад сябе таксама. Дзіцяці нагадайце, што спачатку трэба павіншаваць Дзядулю Мароза з надыходзячым Новым годам, потым расказаць пра сябе і сваё жыццё ў гэтым годзе. Спытаць, як справы ў Дзеда Мароза? Як яму жывецца? Які ён падарунак чакае ў Новым годзе? І толькі потым расказаць у пісьме пра свае жаданні.

Што дарылі мінчане адно аднаму ў мінулым? Як і зараз, падарункі залежалі ад матэрыяльнага стану і сацыяльнага статусу. Гэта маглі быць адрэзы тканіны, вязаныя кручком каўнерыкі, вышытыя ручнікі, сурвэткі, кнігі, упрыгажэнні, прыстасаванні для пісьма, цукеркі ў прыгожых скрыначках.

Зараз больш за ўсё нас хвалюе, што ж дарыць родным і сябрам у гэтым годзе. Можна выкарыстаць рэтрастыль пры выбары падарункаў і гасцінцаў, а яшчэ лепш фантазіраваць і прапаноўваць дары, улічваючы сучасныя рэаліі. Як вам такія ідэі: падарожжа па матывах любімага фільма; баль у Купалаўскім тэатры ці оперы і балета; білеты ў кіно на прэм’еру фільма; візіт у майстэрню керамікі, вышывання, малявання, вырабу ёлачных цацак; падпіска на год на часопіс рукадзелля, вышывання, пэчворку, вырабу лялек; прафесійная тэматычная сямейная фотасесія; музычны вечар у філармоніі; прагляд фотаздымкаў сустрэчы Новага года за палову стагоддзя, прагляд відэа радасных падзей з мінулага за апошнія 20 гадоў? А калі адрасат не бачыў і не падазраваў пра існаванне таго, што вы пакажаце, уражанне будзе грандыёзным. У якасці падарунка можна ўвесці новую традыцыю ў сям’ю: усім лыжы ці канькі (няхай нават толькі напракат) — і на каток ці лыжню сям’ёй з пікніком на снезе. Прыдумайце і апрабуйце новы від спорту — снежны бадмінтон, чэмпіянат па чытанні ці стварэнні слядоў на снезе.

Успомніце падарункі вам, якія запомніліся. Успомніце падарункі, што вы дарылі і атрымлівалі максімальнае задавальненне ад гэтага. Самыя смешныя падарункі, самыя бязглуздыя, кур’ёзныя, самыя дарагія сэрцу — і тады вы будзеце здольны зрабіць сапраўды цудоўныя дары дарагім вам людзям.

Святлана РАДЗЬКОВА.