Здароўе з градкі

Актывізаваць абмен рэчываў і ачысціць арганізм ад шлакаў, набытых за зіму, дапаможа ранняя вясновая зеляніна, якая асабліва мяккая, смачная і духмяная. Яна змяшчае немалы запас вітамінаў, асабліва вітаміну Е, або такаферолу, які стымулюе і падтрымлівае нармальную работу мышцаў. Зеляніна забяспечвае яшчэ сонны пасля зімы арганізм мінеральнымі рэчывамі і арганічнымі кіслотамі, непаўторны пах зялёным культурам надаюць змешчаныя ў іх эфірныя маслы. Пучок зеляніны выклікае апетыт і спрыяе паляпшэнню стрававання, зялёная клятчатка стымулюе рухальную функцыю кішэчніка.

МЯДЗВЕДЖАЯ ЦЫБУЛЯ — першая ядомая зеляніна, вырашчаная ў адкрытым грунце. Багатая на карацін, вітамін С, змяшчае эфірнае масла, фітанцыды. Дапамагае яна пры расстройствах жывата і кішэчніка. Эфектыўна змагаецца з рознымі інфекцыямі, цынгой, атэрасклерозам. Дзённая норма мядзведжай цыбулі — не больш за 15—20 буйных лістоў. Пры большых дозах можа здарыцца абвастрэнне язвы, з’явіцца бяссонніца, галаўны боль, дыярэя.

ЗЯЛЁНАЯ ЦЫБУЛЯ змяшчае карацін, вітаміны С, Е, В1, фоліевую кіслату, солі калію і жалеза. Валодае жаўцягонным дзеяннем, карысная для прафілактыкі авітамінозаў і грыпу. Не рэкамендуецца ў вялікай колькасці пры абвастрэнні хвароб страўніка, кішэчніка, печані, нырак.

ЧАСНОК змяшчае вітамін С, мінеральныя солі, эфірнае масла і фітанцыды, якія знішчаюць бактэрыі. З даўніх часоў выкарыстоўваўся ў народнай медыцыне для барацьбы з інфекцыйнымі хваробамі. Перашкаджае развіццю гніласных працэсаў у кішэчніку, ліквідуе дысбактэрыёз, засцерагае сэрца, змагаецца з ростам пухлін, спрыяе зніжэнню ўзроўню халестэрыну. Настойліва раім вырошчваць у вазонах зялёную цыбулю і часнок. Зялёныя стрэлкі дэзынфіцыруюць паветра і добра ўплываюць на сон. Рэкамендуецца трымаць на падаконніку спальні тых, хто дрэнна засынае.

ПЯТРУШКА можа забяспечыць сутачную патрэбу арганізма ў караціне і вітаміне С, калі з’есці цэлы пучок. Служыць цудоўным дыўрэтыкам і дапамагае спраўляцца з ацёкамі твару. Адвар пятрушкі рэкамендуюць піць жанчынам напярэдадні месячных, а таксама схільным да вадзянкі, пры “мяшках” пад вачамі. Касметычныя маскі на аснове пятрушкі валодаюць адбельваючым эфектам, дапамагаюць справіцца з вуграмі і прадухіляюць ранняе з’яўленне маршчын.


Цяжарным жанчынам пераядаць пятрушкі не варта:
у вялікай колькасці яна можа выклікаць павышэнне тонусу маткі, спрыяць пагрозе перарывання цяжарнасці. Пятрушкай таксама не варта захапляцца пры падагры і абвастрэнні захворванняў органаў страўнікава-кішачнага тракту.

СЕЛЬДЭРЭЙ вызначаецца высокай колькасцю жалеза, што робіць яго карысным пры парушэннях органаў крывятварэння. Багаты на вітаміны А, С, В1, В2, нікацінавую кіслату, магній, марганец, ёд, фосфар і кальцый. У мужчын умацоўвае рэпрадуктыўную функцыю.

КРОП — эфектыўны сродак ад пякоткі, страўнікавай колікі, метэарызму і ­ўздуцця. Як і пятрушка, гэтая расліна надзвычай багатая на хларафіл, а таму паспяхова дапамагае ліквідаваць непрыемны пах з рота. Зніжае ціск пры гіпертаніі, добра ўплывае на сардэчную дзейнасць. Цудоўны прафілактычны сродак суп­раць галаўнога болю і захворванняў сасудаў.

У мяккай зеляніне многа вітаміну С, караціну, вітаміну В, нікацінавай і фоліевай кіслот, а таксама каштоўных мікраэлементаў, напрыклад, солей кальцыю, калію, жалеза і фосфару. Касметычныя маскі, якія змяшчаюць кроп, дапама­гаюць справіцца з запаленнямі на скуры, вуграмі, прышчамі.

ШЧАЎЕ — крыніца вітаміну С, караціну і жалеза. У медыцынскіх мэтах яго выкарыстоўваюць пры расстройствах страўніка, парушэннях печані, у якасці жаўцягоннага сродку. Не варта захапляцца шчаўем толькі тым, у каго павышаная кіслотнасць страўніка, язвавая хвароба або праблемы з ныркамі. Шчаўевая кіслата здольна справакаваць абвастрэнне гэтых захворванняў.

КІНЗА — мяккая зеляніна каляндры. Умацоўвае крывяносныя сасуды і капіляры, зніжае крывяны ціск, паляпшае страваванне і сон, прымяняецца як жаўцягонны і адхарквальны сродак.

ШПІНАТ змяшчае вітаміны А, Р, РР, К, D, Е, Н, В3, В6, С. Вітаміны С і А ў шпінаце добра захоўваюцца пры варцы. Акрамя таго, шпінат багаты на жалеза, у ім ёсць фоліевая кіслата.

ЛІСТАВАЯ КАПУСТА можа быць выкарыстана як дадатковая крыніца вітамінаў С, Р, К. У зялёнай капусце вельмі каштоўныя солі кальцыю, калію, магнію.


КАЧАННАЯ І ЛІСТАВАЯ САЛАТА
змяшчае асабліва многа солей кальцыю, а таксама вітаміны С, В1, В2, Р, К, Е, карацін, мінеральныя солі К, Са, Mg, Р. Любая салата нармалізуе работу страўніка, паляпшае сон, валодае мяккім жаўцягонным эфектам, умацоўвае крывяносныя сасуды.

КРАПІВА — зялёная культура нашых продкаў, змяшчае вітамін С (у 2,5 разу больш за лімон), вітаміны А, В1, В2, карацін, солі жалеза, магнію, ме­дзі, фітанцыды і арганічныя кіслоты. Да таго ж у крапіве даволі многа незаменных амінакіслот, якія ў спалучэнні з мінеральнымі рэчывамі дапамагаюць падтрымліваць высокую працаздольнасць і хутка аднаўляць сілы пасля цяжкай работы або хваробы. Мяккія парасткі маладой крапівы здаўна ўжываюць у ежу як вітамінныя дабаўкі ў супы, соусы, салаты.

ДЗЬМУХАВЕЦ ірвуць на салаты ў Еўропе. Ён здольны палепшыць апетыт, дапамагчы пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту. Валодае ўласцівасцю выводзіць з арганізма шкодны халестэрын, таму салаты з дзьмухаўца часта рэкамендуюць для прафілактыкі атэрасклерозу, а вітаміны (А, С, В2), якія змяшчаюцца ў ім, здольны павялічыць агульную супраціўляльнасць арганізма інфекцыям.

Валянціна ЦЯРЭШКА,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены,
эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.