Агарод на падаконніку

Самае лепшае адкрыццё для дзіцяці — гэта адкрыццё, якое яно робіць самастойна. Выхавальнікі Вялікаэйсмантаўскага ясляў-сада ўдзяляюць вялікую ўвагу развіццю пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў, выкарыстоўваючы метад праектаў. Выхавальнік дашкольнай адукацыі Алена Ляусік разам з выхаванцамі сярэдняй групы пачала рэалізацыю праекта “Пасадзілі агарод, паглядзіце, што расце!”.


Праект накіраваны на пашырэнне і абагульненне ведаў аб культурных раслінах, фарміраванне ведаў аб іх доглядзе, умовах утрымання, карысці, якую яны прыносяць людзям. У нашым агародзе на падаконніку пад кіраўніцтвам выхавальніка дзеці самі вырошчваюць расліны і даглядаюць іх. На працягу ўсяго часу яны праводзяць доследы і фіксуюць вынікі ў дзённіку назіранняў.

Градкі дзеці з дапамогай выхавальніка зрабілі няпростыя, а ў выглядзе маленькіх парасятак, выкарыстаўшы для гэтага пластыкавыя бутэлькі ад пітной вады. У іх пасеялі кроп, салату, пятрушку. У іншых пластыкавых бутэльках прарэзалі круглыя адтуліны і ўваткнулі ў іх цыбуліны. Атрымалася прыгожа і незвычайна. Каб міні-агарод прыцягваў увагу дзяцей, зрабілі плот з яркіх кардонных кветак.


Калі на падаконніку растуць цыбуля, агуркі, травы, то гэта не толькі прыгожа, але і карысна для здароўя: знімае стрэсы, супакойвае нервовую сістэму. А часнок яшчэ з’яўляецца і выдатнай прафілактыкай захворвання на грып. Вырошчванне агародніны развівае ў дзяцей дапытлівасць і назіральнасць, дапамагае ім лепш спазнаць жыццё раслін.


Спосабы назіранняў за раслінамі выхавальнікі выбіраюць з улікам узросту дзяцей і іх індывідуальных асаблівасцей. У малодшай групе, напрыклад, выхавальнік Іна Авенка знаёміць малых з назвамі пакаёвых раслін, іх будовай і спосабамі размнажэння, у старшай групе дзеці з выхавальнікам Ірынай Іадкоўскай займаюцца вырошчваннем расады памідораў і перцу для міні-агарода.


Насенне, сабранае восенню з кветнікаў і градак, дапамагае знаёміць дзяцей з разнастайнасцю расліннага свету. Насенне сабрана ў кантэйнеры з накрыўкамі, якія лёгка адкрываюцца. Дзеці любяць разглядаць яго, нюхаць, а калі прыходзіць пара — сеюць, паліваюць і назіраюць за ўсходамі. Дзеці радуюцца прыгажосці раслін і вынікам сваёй працы.

Алена БУТКЕВІЧ,
загадчыца Вялікаэйсмантаўскага ясляў-сада Бераставіцкага раёна.