Здаровая пастава дзяцей

Здаровая пастава — залог прыгажосці і здароўя чалавека. Няправільная пастава з’яўляецца не толькі касметычнай праблемай, але і вядзе да сур’ёзных неўралагічных праблем у дарослым узросце.

На шляху да правільнай паставы

Не пакідайце без увагі заняткі фізічнай культурай. Рацыянальныя фізічныя нагрузкі дапамогуць сфарміраваць мышачны гарсэт, без якога падтрыманне правільнай паставы немагчыма. Нагрузкі павінны адпавядаць стану здароўя школьніка. Выконвайце парады ўрача. Для заняткаў фізкультурай лепш выбіраць свабоднае адзенне, якое не скоўвае рухі, і зручны абутак, прызначаны для заняткаў спортам.

Правільна арганізоўвайце рабочае месца. Самым правільным месцам для чытання і пісьма з’яўляецца спецыяльна падабраныя пад дзіця стол і крэсла. Дзіця павінна сядзець з сагнутымі нагамі, дакранаючыся да падлогі, спіна прамая, адлегласць да кнігі — 40—50 см, лепш, калі кніга размяшчаецца ў нахіленым становішчы, напрыклад, з дапамогай спецыяль­­най падстаўкі. Для асвятлення лепш выкарыстоў­ваць натуральнае святло. Калі дзіця — праўша, святло павінна падаць злева. І наадварот. Пры выкарыстанні штучнага асвятлення важна дабіцца дастатковай яго інтэнсіўнасці, памяшканне не павінна быць паўзмрочным, лепш пазбягаць утварэння дадатковых ценяў у вобласці чытання. Неабходна рабіць перапынкі праз кожныя 30 мінут чытання ці выканання дамашняга задання.

Не забывайце аб правільнай арганізацыі сну. Ложак павінен падыходзіць па росце дзіцяці так, каб ногі можна было выцягнуць цалкам. Матрац варта выбіраць цвёрды і роўны, падушку — невялікую, амаль плоскую. Такім чынам пазваночнік і галава будуць знаходзіцца ў найбольш фізіялагічным становішчы, захаваецца кровазабеспячэнне мозга ў час сну. Гэта не толькі дапаможа захаваць паставу, але і палепшыць самаадчуванне і настрой, будзе спрыяць лепшай паспяховасці.

Памятайце, што выбар ранца — справа сур’ёзная. Варта спыніць свой выбар на ранцы з цвёрдай артапедычнай спінкай — гэта зніме частку нагрузкі з пазваночніка. Абсалютна супрацьпаказаны школьнікам сумкі, якія даводзіцца насіць на адной руцэ. Абавязкова пераправярайце, якія падручнікі ваша дзіця бярэ з сабой у школу, не дапускайце нашэння лішніх. Дамоўцеся з бацькамі суседа па парце насіць падручнікі па чарзе ці часткова.

Не саромейцеся рабіць заўвагі. Назірайце за тым, у якім становішчы знаходзіцца дзіця, адразу ж рабіце заўвагі і выпраўляйце пры неабходнасці. У хуткім часе ў дзіцяці выпрацуецца правільная звычка.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
урач-гігіеніст санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.