Заіканне — складанае парушэнне маўлення, якое праяўляецца расстройствам яго нармальнага рытму, адвольнымі спыненнямі ў момант выказвання ці вымушанымі паўтарэннямі асобных гукаў і складоў, што адбываецца з прычыны сутарг органаў артыкуляцыі. Іншымі словамі, заіканне — гэта парушэнне рытму і плаўнасці маўлення, якое выклікае цяжкасці ў вусных зносінах.
У розных краінах свету працэнт тых, хто заікаецца, неаднолькавы і залежыць ад некаторых нацыянальных рыс, напрыклад, ад асаблівасцей тэмпераменту, што вызначаюць у вядомай ступені такія характарыстыкі мовы, як тэмп, рытм, расстаноўка паўз, інтанацыя. У Еўропе колькасць тых, хто заікаецца, змяншаецца з захаду на ўсход: у Францыі — 5,7%, у Германіі — 2, у Расіі — 1,2%.
Часцей за ўсё ў 95% выпадкаў заіканне ўзнікае ў дзяцей ва ўзросце ад 2 да 5—7 гадоў, прычым у хлопчыкаў часцей, чым у дзяўчынак (3(4):1). Таму так важна звяртаць увагу на нашых дзяцей, своечасова выяўляць праблему і вырашаць яе, не адкладваючы на потым, спадзеючыся, што “з узростам само пройдзе”. Вельмі важна не прапусціць першыя прыметы заікання: маўленне дзіцяці няўпэўненае, няплаўнае, з частымі паўторамі слоў, спалучана з прыметным напружаннем і часта засмучае яго. Часам малыш раптоўна змаўкае і зусім адмаўляецца гаварыць. У такім выпадку неабходна тэрмінова звярнуцца да лагапеда. Найвышэйшага развіцця заіканне дасягае звычайна ў юнацкім узросце, а пасля 30 гадоў пачынае слабець.
Любыя парушэнні маўлення, у тым ліку заіканне, лепш за ўсё ўдаецца скарэкціраваць пры максімальна раннім пачатку лячэння. Для вызначэння стратэгіі лячэння неабходна ведаць прычыны ўзнікнення заікання.
Прычыны
На сёння вучоныя вылучаюць два асноўныя тыпы заікання. Першы ўзнікае ў дзяцей з парушэннямі нервовай сістэмы. Прычыны: спадчынная схільнасць, траўма, атрыманая пры нараджэнні, цяжкае праходжанне цяжарнасці маці, частыя хваробы ў першыя гады жыцця. Знешне дзіця здаецца цалкам здаровым і разумным, вось толькі заікаецца. А пры неўралагічным абследаванні ў такіх дзяцей знаходзяць, як правіла, прыметы павышанага ўнутрычарапнога ціску, змяненне рэфлексаў і павышаную сутаргавую гатоўнасць.
Другі тып заікання ўзнікае ў дзяцей з першапачаткова здаровай нервовай сістэмай. Заікацца яны пачынаюць у выніку неўрозаў, выкліканых моцным ператамленнем і стрэсамі. Прычыны неўратычнага заікання могуць быць самымі разнастайнымі: спалохала кошка, якая нечакана ўпала з шафы, перапрацаваў, завучваючы па просьбе бацькоў празмерна вялікую колькасць вершаў, засмуціўся з-за хваробы дзядулі. Зразумела, не кожнае дзіця пасля прагляду фільма пра Фрэдзі Кругера стане заікацца, але ўражлівае і нервовае — цалкам. Пры такім тыпе заікання дэфект маўлення можа ўзмацняцца пры эмацыянальным узбуджэнні і нервова-псіхічным напружанні.
Існуюць і экзатычныя прычыны заікання. Бывае, што дзіця пачынае заікацца, каб стаць падобным да сваяка, які заікаецца, ці знаёмага, равесніка. А некаторыя дзеці назаўсёды становяцца заікамі пасля таго, як іх у прымусовым парадку перавучаць з ляўшы ў праўшу.
На заіканне можа быць падобна такое парушэнне маўлення, як скандзіраванае маўленне, пры якім хворы гаворыць то хутка, то павольна, то гучна, то ціха — такое вымаўленне характэрна пры захворванні мазжачка і інакш называецца маўленчай атаксіяй. Сапраўднае заіканне ўзмацняецца пры хваляванні, слабее ў спакойнай атмасферы. Людзі, якія заікаюцца, добра спяваюць.
Бацькі часта скардзяцца, што іх малышы, толькі пачаўшы гаварыць, сталі заікацца. У 2—3 гады зрыў маўлення дзіцяці часцей за ўсё выкліканы павелічэннем нагрузкі на цэнтральную нервовую сістэму. Менавіта таму гэтыя перыяды называюць крытычнымі перыядамі развіцця маўлення.
Што можа выклікаць заіканне ў дзіцяці:
- дзіця атрымала псіхалагічную траўму (кароткачасовую ці працяглую), моцна спалохалася;
- дзіця часта і доўга хварэе (саматычная аслабленасць);
- малыш пераймае гаворку таго, хто заікаецца.
Заіканне называюць першасным, калі з моманту з’яўлення першых прымет прайшло не больш за 2 месяцы. Калі запінкі захоўваюцца звыш двух месяцаў, узнікаюць другасныя з’явы (вегетатыўныя рэакцыі): у момант маўлення малыш чырванее, пачынае пацець. Дзіця мяняецца знешне: рухі яго становяцца скаванымі, парушаецца каардынацыя, з’яўляюцца цікі твару. Але яшчэ больш сур’ёзна мяняецца характар — дзіця становіцца замкнутым ці вельмі капрызным, у яго з’яўляецца страх маўлення.
Калі вы заўважылі, што ваш малыш заікаецца, неадкладна звярніцеся да спецыялістаў. Найбольшы поспех дасягаецца, калі лячэнне праводзяць у першыя месяцы пасля ўзнікнення маўленчага парушэння.
Не прапусціце першыя прыметы заікання:
— дзіця ўжывае перад асобнымі словамі лішнія гукі (а, і);
— паўтарае першыя склады ці цэлыя словы ў пачатку фразы;
— робіць вымушаныя спыненні ў сярэдзіне слова, фразы;
— мае цяжкасці перад пачаткам маўлення.
Прафілактыка заікання:
- Маўленне навакольных павінна быць няспешным, плаўным, правільным і выразным. Трэба абмежаваць малыша ад кантакту з тымі, хто заікаецца.
- Адмоўна ўплывае на стан маўлення дзіцяці нядобрая атмасфера ў сям’і, скандалы, канфлікты.
- Сачыце за дзіцем! Пазбягайце псіхічных і фізічных траўм.
- Нельга перагружаць дзіця інфармацыяй: чытаць многа кніг, якія не адпавядаюць узросту, дазваляць часта і доўга глядзець тэлевізійныя перадачы. Умерана наведвайце тэатр і цырк.
- Не спрабуйце зрабіць з дзіцяці вундэркінда! Не апярэджвайце яго развіццё!
- Не чытайце страшныя казкі на ноч! Не запужвайце дзіця Бабай-Ягой, Лесуном і іншымі казачнымі персанажамі.
- Не карайце дзіця празмерна строга!
- Неабходна стварыць для дзіцяці пэўны і цвёрды рэжым дня.
Парады пры заіканні ад лагапеда
- Ваша галоўная задача — стварыць для малыша спакойную дамашнюю атмасферу. Не ўключайце тэлевізар у прысутнасці дзіцяці. Гульні на камп’ютары лепш на некаторы час адкласці.
- У гэты перыяд малыш павінен больш спаць. Перад сном рэкамендуюцца цёплыя травяныя ванны.
- Прапануйце дзіцяці гаварыць шэптам. Сачыце за тым, каб тэмп вашага маўлення быў спакойным, а маўленне— плаўным.
- Прыдумвайце новыя спосабы зносін з малышом. Гэта могуць быць жэсты і нават маляванне.
- Гаварыце з дзіцем спакойна, абмежаваўшы яго маўленне і пераключаючы яго ўвагу з маўлення на розныя віды дзейнасці (гуляйце з дзіцем у спакойныя гульні, займіцеся канструяваннем, лепкай, маляваннем…).
- Не акцэнтуйце ўвагу дзіцяці на запінках. Ні ў якім разе нельга лаяць, перадражніваць, высмейваць дзіця, патрабаваць ад яго правільнага вымаўлення слоў.
- Дзіця старэйшага дашкольнага ўзросту павінна абавязкова ведаць і адчуваць, што можа гаварыць правільна. У малодшым узросце мэтазгодна абмежавацца толькі адным паказам, як трэба гаварыць.
- Маўленне павінна быць плаўным, дакладным, умераным па тэмпе, спакойным і абавязкова эмацыянальна выразным. Маўленне, пазбаўленае выразнай інтанацыі, застаецца без увагі, малышы як быццам яго не чуюць. Дзеці ў раннім узросце незвычайна чулыя да інтанацыі дарослага, ахвотна капіруюць іх.
- Дзіцяці трэба задаваць толькі канкрэтныя, зразумелыя пытанні, не падганяць з адказам, не перапыняць і ўважліва выслухоўваць тое, што яно спрабуе сказаць, пры неабходнасці дапамагаючы яму.
- Маўленне, адрасаванае дзіцяці, павінна быць простым і зразумелым, з дакладным прагаворваннем слоў і сказаў. Трэба выключыць складаныя лексіка-граматычныя звароты, словы з цяжкім вымаўленнем.
- Карысна чытаць дзецям вершаваныя тэксты, якія строга адпавядаюць іх узросту. Рытмізаванае маўленне спрыяе выпрацоўцы правільных моўнарухальных аўтаматызмаў.
- Неабходна вельмі дакладна выконваць усе прадпісанні ўрача, рэкамендацыі спецыяліста, у якога вы кансультуецеся, і строга прытрымлівацца рэжыму (своечасовыя заняткі, адпачынак, паўнавартаснае харчаванне).
Выкананне ўсіх гэтых умоў дапаможа дзіцяці вярнуцца да нармальнага, плаўнага маўлення.
Міжнародны день людзей, якія заікаюцца, (International Stuttering Awareness Day) адзначаецца штогод 22 кастрычніка з 1998 года. Ідэя гэтага свята нарадзілася пры падтрымцы Міжнароднай асацыяцыі людзей, якія заікаюцца (International Stuttering Association, ISA), заснаванай у 1995 годзе. Асацыяцыя пазіцыянуе сябе як “рупар усіх людзей, якія заікаюцца, на міжнародным узроўні”. Мэта гэтага дня — павысіць дасведчанасць грамадства аб праблеме заікання, ад якога пакутуюць мільёны людзей, ці 1% насельніцтва зямнога шара.
У цяперашні час распрацавана мноства методык лячэння заікання, сярод якіх лагапедычныя, псіхалагічныя, псіхатэрапеўтычныя, логапсіхатэрапеўтычныя, сацыярэабілітацыйныя, медыкаментозныя, фізіятэрапеўтычныя, комплексныя, аднак ніводны з гэтых спосабаў, на жаль, не дае 100% гарантыі поўнага вылячэння. Але не трэба траціць надзею! Цярплівасць і работа ў гэтым напрамку абавязкова дадуць толькі станоўчыя вынікі.
Заіканне часта аказвае сур’ёзнае псіхалагічнае ўздзеянне. Чалавек, які заікаецца, баіцца вымаўляць пэўныя гукі, пазбягае сацыяльных сітуацый, адчувае стрэс, непакой, сорам і страту кантролю.
Напэўна, кожнаму з нас прыходзілася мець зносіны з чалавекам, які ў большай ці меншай ступені заікаецца. Адчуванне няёмкасці, жаданне дапамагчы і дагаварыць фразу за яго ці задаваць менш пытанняў (“Яму ж так цяжка!”)… Знаёма? Але як правільна мець зносіны з чалавекам, які заікаецца,— так, каб абодва суразмоўцы адчувалі сябе камфортна?
- Першае і галоўнае правіла: не папраўляйце чалавека, які заікаецца, не дагаворвайце фразы за яго (вы ж не дагаворваеце літару “р” за тымі, хто картавіць?) і не падштурхоўвайце яго жэстамі і мімікай. Гэта толькі ўзмоцніць нервовае напружанне і можа нават прымусіць заікацца яшчэ мацней. Спакойна дачакайцеся заканчэння фразы ці пытання. Каб аблегчыць зносіны, можна ківаць галавой, даючы зразумець суразмоўцу, што вы разумееце, пра што гаворка.
- Не палохайцеся паўз у размове. Сучасны тэмп жыцця дыктуе нам, што калі ўзнікае паўза ў некалькі секунд, то гэта катастрофа, а маўчанне трэба тэрмінова нечым запоўніць, чаму многія пачынаюць балбатаць не змаўкаючы. Паўзы ў размове з чалавекам, які заікаецца, не павінны вас пужаць — магчыма, яму неабходна набрацца сіл, каб выказаць думку. Калі вы бачыце, што чалавек хоча штосьці сказаць, але не можа, — цярпліва чакайце, не праяўляючы нервовасці.
- Пачуўшы маўленне чалавека, які заікаецца, людзі (часам нават неўсвядомлена) пачынаюць яго супакойваць: маўляў, проста трэба глыбока ўздыхнуць — і ўсё атрымаецца сказаць. Аднак моцнае заіканне — гэта праблема, якую немагчыма вырашыць за хвіліну. Таму ўстрымайцеся ад слоў “супакойся”, “спакойней”, “падышы глыбей”, ад заспакаяльных жэстаў і пагладжванняў — гэта можа толькі ўзмацніць раздражненне.
Дарэчы, многім людзям такі дэфект маўлення, як заіканне, не перашкодзіў стаць вядомымі. Сярод іх акцёры Брус Уіліс і Энтані Хопкінс, Мерылін Манро і Джулія Робертс; імператар Клаўдзій, пісьменнікі Льюіс Кэрал і Чарльз Дыкенс, філосаф Дэмасфен, былы Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль, спявак Элвіс Прэслі, французскі імператар Напалеон Банапарт, “жалезны канцлер” Ота фон Бісмарк, паэт Роберт Раждзественскі, пісьменнік камедыёграф Жан-Баціст Мальер, вучоны І.Ньютан — кінарэжысёры, барды, аратары, палітыкі, паэты, палкаводцы, святары, тэлевядучыя і іншыя прадстаўнікі публічных прафесій змаглі пераадолець заіканне, дасягнуць вышынь у самых розных галінах і рэалізаваць сябе ў тых сферах, дзе патрабуецца ўменне прыгожа гаварыць.
Нам трэба ўсімі сіламі падтрымліваць тых, хто пакутуе ад гэтай хваробы. Не кідаць на іх жаласлівыя і спачувальныя погляды, а падбадзёрыць, усяліць у іх упэўненасць, што яны, як усе мы, з надзе яй — пройдзе час і ў іх усё наладзіцца: загавораць без запінкі і прыемным голасам.
Ірына АЛЕЙНІКАВА,
настаўнік-дэфектолаг
Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Аршанскага раёна.