Як падтрымаць першакласніка

Кожнае дзіця марыць хутчэй стаць школьнікам. Маленькі чалавек лічыць паступленне ў школу чарговай прыступкай да даросласці, радуецца набыццю новага статусу — вучань. Дзіця ганарыцца тым, што стала дарослым, яму вельмі прыемна. Аднак мінае 1 верасня, наступаюць будні, у час якіх на плечы школьніка кладзецца груз новых праблем. Педагогі прыкладаюць шмат намаганняў для іх вырашэння, бацькі таксама не застаюцца ўбаку і робяць усё магчымае, каб навучанне дзяцей было камфортным. Якіх жа парад павінны прытрымлівацца мамы і таты першакласнікаў?

Вучоба — цяжкая праца для дзіцяці, пасля якой першакласніку патрэбна адпачыць, паспаць, каб узнавіць сілы. Важна, каб дзіця мела свой асабісты час для гульняў, цікавых заняткаў, адпачынку.

З пачаткам навучання рухальная актыўнасць дзяцей змяншаецца ў два разы. А яна неабходна для росту і развіцця маладога арганізма. Таму першакласнікі пачынаюць хварэць, не так хутка растуць. Урокаў фізкультуры не хапае, каб забяспечыць дзіця неабходнай колькасцю руху, таму трэба сачыць за выкананнем ранішняй зарадкі, арганізоўваць прагулкі і рухавыя гульні на свежым паветры. Педыятры рэкамендуюць працягласць актыўных фізічных заняткаў для першакласнікаў не менш за 3 гадзіны штодзённа.

Неабходна сачыць за гігіенай зроку. У сувязі з рэзкай нагрузкай на вочы зрок першакласніка можа пачаць падаць, а паколькі арганізм дзіцяці яшчэ фарміруецца, то падзенне зроку можа быць катастрафічным. Таму неабходна абмежаваць карыстанне камп’ютарам і прагляд тэлепраграм, правільна арганізаваць працоўнае месца дзіцяці — стол павінен быць падабраны па росце, крыніца асвятлення знаходзіцца злева (для леварукіх дзяцей — справа).

У першакласнікаў у першыя тыдні наведвання школы зніжаецца імунітэт, парушаюцца сон, апетыт, павышаецца тэмпература, можа быць абвастрэнне хранічных захворванняў.

У сувязі з праходжаннем псіхалагічнай адаптацыі ў першакласніка могуць узнікнуць капрызлівасць, грубасць, агрэсіўнасць. Бацькі часта негатыўна ўспрымаюць гэтыя праяўленні, але не трэба забывацца, што так дзіця рэагуе на стрэс, яму неабходна падтрымка ад мамы і таты, а не прэсінг. Спакойнае абыходжанне, сумесны адпачынак і гульні, зацікаўленасць школьнымі справамі, тактоўнасць — усё гэта дапаможа першакласніку справіцца з праблемамі.

Часта ў перыяд адаптацыі да школы ў дзяцей узнікаюць сур’ёзныя праблемы: трывожнасць, школьныя неўрозы, энурэз. З такімі выпадкамі неабходна звяртацца па дапамогу да спецыялістаў і не траўміраваць дзіця грубымі паводзінамі, папрокамі.

Часам першы год навучання вызначае ўсё далейшае школьнае жыццё дзіцяці. У гэты перыяд школьнік пад кіраўніцтвам дарослых робіць вельмі важныя крокі ў сваім развіцці.

Хочацца даць некалькі парад бацькам першакласнікаў.

Падтрымлівайце ў дзіцяці яго імкненне стаць сапраўдным школьнікам. Ваша шчырая зацікаўленасць яго школьнымі справамі і клопатамі, сур’ёзныя адносіны да яго першых дасягненняў і праблем дапамогуць першакласніку ўсвядоміць і пацвердзіць значнасць яго новага становішча.

Абмяркуйце з дзіцем тыя правілы і нормы, з якімі яно сустрэлася ў школе, растлумачце неабходнасць іх выканання.
Ваша дзіця прыйшло ў школу вучыцца. Калі чалавек вучыцца, у яго можа штосьці не адразу атрымацца. Дзіця мае права на памылку.

Складзіце разам з першакласнікам распарадак дня і сачыце за яго выкананнем.

Старайцеся не адкладваць на потым вырашэнне праблем школьніка.

Падтрымайце першакласніка ў яго жаданні быць паспяховым. Заўсёды знаходзьце, за што яго можна пахваліць. Пахвала і эмацыянальная падтрымка (“Ты малайчына! Добра справіўся!”) здольны павысіць інтэлектуальныя дасягненні школьніка.

Калі вас насцярожваюць паводзіны дзіцяці, узнікаюць праблемы, звяртайцеся за парадай да педагога-псіхолага.

З паступленнем у школу ў жыцці вашага дзіцяці з’явіўся чалавек больш аўтарытэтны, чым вы. Гэта настаўнік. Паважайце меркаванне першакласніка аб сваім педагогу.

Вучоба — гэта нялёгкая і адказная праца. Паступленне ў школу поўнасцю мяняе жыццё дзіцяці, але яно не павінна забіраць радасць, адпачынак, гульні. У першакласніка павінна заставацца дастаткова вольнага часу для адпачынку.
Поспехаў вашаму першакласніку!

Вольга АЛЯКСЕЙЧЫК,
педагог-псіхолаг Велікашылавіцкага ясляў-сада — базавай школы
Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.