У якасці загалоўка свайго сённяшняга ліста я нездарма выбрала радок з песні Ганны Герман. Па-першае, творчасць Ганны Герман вельмі блізкая мне. А па-другое, я імкнуся нагадаць усім чытачам “Настаўніцкай газеты”, што, нягледзячы на ўсе праблемы, на ўсе вірусныя атакі, якімі зараз ахоплены ўвесь свет, трэба ўспомніць, што вясна — час пачатку новага жыцця, час кахання і творчасці.
Гэта час, калі многія вымушаны знаходзіцца дома, але гэта можа паспяхова з’яднаць сям’ю, а бацькі могуць навучыць сваіх дзяцей нечаму новаму, падзяліцца сваімі талентамі. Гэта выдатная магчымасць успомніць пра свае захапленні і таленты сучаснаму настаўніцтву.
Сёлетняя вясна зноў нагадала мне пра маё хобі — мастацтва. У школьныя гады мне давялося скончыць школу з мастацка-архітэктурным ухілам і атрымаць спецыяльнасць “Мастак-афарміцель”. Зараз я вельмі задаволена, што з мінулага года працую ў гэтай цудоўнай школе настаўніцай англійскай мовы.
Сярэдняя школа № 10 Брэста — сапраўдная мастацкая галерэя, бо сцены ўпрыгожаны выпускнымі работамі вучняў. Канечне, атмасфера творчасці станоўча ўздзейнічае на ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Працуючы ў гэтай школе, я і сама пачынаю тварыць і далучаю да творчасці сваіх дзяцей.
Так, сёлетняй вясной разам з дзевяцігадовай дачкой Лізаветай мы стварылі шэраг работ на вясновую тэматыку, на якую нас натхніла творчасць спявачкі Ганны Герман і менавіта песня “Один раз в год сады цветут”. Дарэчы, нездарма амаль у кожнай назве нашых з Лізаветай работ ёсць “вясновае” слова. У якасці асновы мы выкарыстоўвалі так званы экалагічны матэрыял: ракавінкі, каменьчыкі, гатовыя штучныя кветкі, а таксама тое, што можна знайсці амаль у кожным доме: рэшткі шпалер у якасці фону для мастацкіх кампазіцый і столевы плінтус у якасці матэрыялу для рамак.
Паважаныя чытачы, памятайце, што вясна — выдатны час, каб успомніць пра свае хобі, парадаваць цудоўнымі работамі сябе, сваіх блізкіх і калег. А як сцвярджаюць нядаўнія публікацыі “Настаўніцкай”, педагогі дадатковага навучання нашай краіны паспяхова зацікавілі творчасцю сваіх навучэнцаў нават ва ўмовах прадоўжаных вясновых канікул і дыстанцыйнага навучання.
Да свайго ліста я дадаю фотаздымкі сваіх работ — “Вясновае сонейка” і “Вясновыя кветкі”, а таксама фотаздымкі работ маёй дачкі Лізаветы —“Вясна прыйшла!” і “Вясновы нацюрморт”.
Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 10 Брэста.