Ананас

Еўрапейцы пазнаёміліся з ананасам у канцы XV стагоддзя, калі Хрыстафор Калумб прывёз гэты экзатычны фрукт у Іспанію з трапічнай Амерыкі. Згодна з легендай, імператар Чарльз V быў настолькі здзіўлены незвычайным выглядам гэтага фрукта, што нават адмовіўся яго каштаваць, нягледзячы на запэўненні прыдворных пра яго цудоўны смак. Тым не менш іншыя былі не такімі катэгарычнымі — і хутка ананас стаў папулярным далікатэсам.

Восем прыродных відаў, распаўсюджаных у Бразіліі, Парагваі, Венесуэле і Калумбіі, растуц­ь наземна на ўзлесках, а часам і як пустазелле на палях. Іх суплоддзі дробныя і не такія смачныя, як у культурных гатункаў.

Самы вядомы від, які стаў роданачальнікам многіх культыватараў, — ананас чубаты, альбо ананас пасяўны, з пампасаў Бразіліі. У яго вельмі пакарочанае сцябло і жорсткае лінейнае лісце з вострымі шыпамі, сабранае ў густую разетку. Утвараецца нешта накшталт рэзервуара для збору дажджавой вады. Ніжняя паверхня лісця пакрыта дробнымі шэрымі лускавінкамі, здольнымі паглынаць атмасферную вільгаць і, рэгулюючы выпарэнне вады, абараняць лісце ад пром­няў сонца.

З цэнтра разеткі вырастае кароткі і моцны кветанос з коласападобным суквеццем з густа размешчанымі па спіралі сінімі альбо ружавата-фіялетавымі кветкамі. Кожная кветка з’яўляецца ў пазусе чарападобнага прыкветка. Па меры росту і развіцця суквецця ў цэнтры разеткі асновы прыкветкавага лісця набыва­юць бліскучую ружова-чырвоную афарбоўку. Біялагічны сэнс гэтай з’явы — прыцягненне апыляльніка (насякомых і птушак).

Пасля цвіцення ўтвараецца сакавітае і мясістае суплоддзе, якое складаецца з мноства завязей, злучаных між сабой, а таксама прыкветкамі і воссю суквецця. Па знешнім выглядзе яно падобна на буйную шышку. Суплоддзе выспявае 4—5 месяцаў. Асобныя плады ягады з дробным насеннем. Культурныя гатункі ананасаў насення не ўтвараюць.

Для пакаёвага кветкаводства вялікую цікавасц­ь уяўляюць дэкаратыўна-ліставыя формы ананасаў і гатункі з дробнымі суплоддзямі. Мініяцюрныя залацістыя плады цудоўна спалучаюцца ў кампазіцыях з іншымі трапічнымі раслінамі.

Сярод  дэкаратыўна-ліставых вылучаюцца гатункі з белымі падоўжанымі палосамі па краях лісця, з эфект­нымі жоўтымі палосамі па цэнтры альбо па краях і з ярка афарбаваным, быццам падсвечаным сонцам, інтэнсіўна-ружовым лісцем. У гатунку “варыегатны” на фоне прыгожага лісця вылучаецца суквецце з густа-сініх кветак, а потым з’яўляюцца і чырвоныя суплоддзі, якія выглядаюць вельмі шыкоўна.

У пакоях і на падаконніку добра сябе адчувае карлікавы ананас з лісцем, якое не перавышае 30—40 см у даўжыню. Астатнія віды і гатункі з-за сваіх буйных памераў прыдатныя для пакаёвай культуры толькі ў маладым узросце.

Каб атрымаць у дамашніх умовах расліну, якая будзе цвісці і даваць плады, неабходна забяспечыць добрае асвятленне (не менш за чатыры гадзіны прамога сонечнага святла і пастаянна высокая тэмпература — 20—22°С). Зімой дапускаецца кароткачасовае паніжэнне тэмпературы да 15°С. Пры недахопе святла лісце ананаса губляе колер.

Субстрат для пасадкі ананаса павінен быць рыхлым, лёгка прапускаць ваду. Яго склада­юць з роўных частак торфу, ліставой зямлі, перагною і пяску.

Паліваюць ананас толькі адстоенай, мяккай, злёгку падагрэтай вадой па меры падсыхання паверхні зямлі ў вазоне. Паміж палівамі земляны  камяк не павінен перасыхаць, аднак залішні паліў, асабліва зімой, пры нізкай тэмпературы, вельмі шкодны, бо можа прывесці да загнівання каранёў.

Павышаную вільготнасць паветра ўтвараць не варта, але для ўтрымання расліны ў чысціні карысным будзе перыядычнае апырскванне з пульверызатара з дробнымі адтулінамі, асабліва ў летні перыяд.

У перыяд актыўнага росту і цвіцення трэба налі­ваць крыху вады ў разеткі, перыядычна дабаўляючы вадкае ўгнаенне, разбаўляючы яго ў два разы больш, чым рэкамендавана.

Летам ананасы карысна выстаўляць на балкон альбо вывозіць на дачу. Жоўтае сухое лісце трэба перыядычна выдаляць.

З магчымых шкоднікаў ананаса часам сустракаецца мучністы чарвец. Ён звычайна пашкоджвае ніжні бок лісця. Знімаюць яго з дапамогай ватнага тампона, намочанага ў спірце.

Пасля цвіцення і плоданашэння мацярынская разетка адмірае, але ў яе аснове ўтвараюцца прыкаранёвыя разеткі, якія можна лёгка аддзяліць і высадзіць у асобныя вазоны.

Укараняюць і парасткі, якія ўтвараюцца на верхавінках суплоддзяў з прычыны працягу росту галоўнай восі, — “султаны”. Некаторым аматарам удаецца ў дамашніх умовах атрымаць ядомыя суплоддзі. З гэтай мэтай у цёплы час года набываюць здаровыя спелыя плады без пашкоджанняў, з добра развітым “султанам”. Яго акуратна зразаюць, захопліваючы частку мякаці на 1—2 см, прысыпаўшы ранавую паверхню тоўчаным вугалем, пакідаюць на 1—2 дні для падсушвання. Атрыманы верхавінкавы чаранок высаджваюць у сумесь торфу з пяском альбо ў мох сфагнум, накрываюць пластыкавым пакетам для ўтварэння вільготнай атмасферы і ставяць у цёплае месца.

Вельмі добра ўкараняюцца верхавінкі ў цяплічцы з падагрэвам 26—28°С. Прыдаткавыя карані з’яўляюцца праз 3—4 тыдні, пасля чаго іх садзяць у асобныя вазоны.

Пры захаванні правіл догляду чаранкі добра растуць, і з кожным годам іх трэба перасаджваць у ёмістасці большага памеру. У невялікіх вазонах ананасы не даюць атожылкаў і пасля цвіцення могуць загінуць.

Зацвітаюць ананасы, атрыманыя з верхавінкавых чаранкоў, праз 3—4 гады.

Тэрміны цвіцення можна паско­рыць, калі змясціць ананас у пластыкавы пакет з некалькімі спелымі яблыкамі. Этылен, які выдзяляецца пры гэтым, спрыяе развіццю кветак. Спелыя суплоддзі зразаюць, пасля чаго пладаносны парастак гіне, а атожылкі, што ўтварыліся, можна рассадж­ваць.

Верхавінкавы парастак можна ўкараніць і ў слоіку з вадой, размясціўшы яго такім чынам, каб ранавыя паверхні толькі сутыкаліся з паверхняй вады, і трымаць у такіх умовах.

Вырошчваць ананасы можна і на гідрапоніцы.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.