Анёльская труба бругмансія

Бругмансія належыць да сямейства паслёнавых. Можна лёгка пераблытаць яе з дурнап’янам, бо яны знешне вельмі падобныя. Аднак розніца паміж гэтымі раслінамі істотная: бругмансія прадстаўлена дрэвамі і кустамі, а дурнап’ян — гэта травяністая расліна. З­за духмяных кветак, што нагадваюць формай буйныя грамафончыкі, бругмансію называюць залатым дурнап’янам ці анёльскай трубой.

Выбар месца

Для бругмансіі выберыце на садовым участку добра асветленае месца, якое будзе заценена ў паўдзённую пару. Таксама яно павінна мець засцярогу ад скразнякоў. У спякотныя дні рэкамендуецца часам увільгат­няць лістоту з пульверызатара. Праводзяць апырскванне вечарам.

Паліў

У гарачае сухое надвор’е субстрат у вазоне ўвільгатняюць кожны дзень. У дажджлівае і пахмурнае паліў праводзяць толькі пасля таго, як падсохне паверхня глебасумесі.

Для паліву бругмансіі рэкамендуюць выкарыстоўваць жорсткую ваду ці адзін раз за сезон паліць прыствольны круг вапнавым малаком (1 г гашанай вапны на 1 л вады). Зімой паліў скарачаюць, падтрымліваючы грунт у злёгку ўвільготненым стане і пастаянна кантралюючы тургор лісця і зялёных сцёблаў, не дапускаючы іх крытычнага абязводжвання.

Падкормка

Падкормку праводзяць адзін раз на тыдзень, а выкарыстоўваюць для гэтага мінеральны комплекс. Пасля таго як на кусце распусцяцца кветкі, у глебасумесь трэба дадаткова ўно­сіць фосфар і калій.

Абрэзка

Сакавік — лепшы час для абрэзкі куста. Неабходна паспець правесці гэтую працэдуру да з’яўлення новага росту.

Спачатку неабходна выда­ліць сухія і хворыя галіны. Здаровыя абразаюць прыкладна на 30 працэнтаў. Празмерная абрэзка паўплывае на багатае цвіценне, таму ва ўсім неабходна захоўваць меру. Абрэзку праводзяць так, каб на кусце заставаліся не толькі прамыя галіны, але і Y-падобныя. Ад гэтага будзе залежаць з’яўленне кветак.

Упершыню абрэзку право­дзяць толькі на другі год пасля першага цвіцення. Для шчодрага цвіцення неабходна пакідаць бакавыя гарызантальныя галіны. Менавіта на іх з’яўляецца вялікая колькасць кветак.

Чым цяплей у пакоі, дзе зімуе бругмансія, тым большая колькасць святла ёй патрабуецца.

Зімоўка

Для таго каб засцерагчы расліну ад ранніх замаразкаў, яе заносяць у памяшканне ў пачатку восені. Ро­бяць гэта, калі тэмпература ў начны час стане апускацца да +5 — +7 °С.

Паліваюць, увільгатняюць і падкормліваюць куст гэтак жа, як і летам. Забяспечце расліне дасвечванне ў вячэрнія часы. Калі ўсё рабіць правільна, то расліна будзе рада­ваць вас сваім багатым цвіценнем яшчэ доўгі час. 

Калі ж у вашым доме няма дастатковай колькасці месца для такой буйной расліны, тады яе можна змяс­ціць у сухі і цёмны падвал, пры гэтым тэмпература паветра павінна быць ад + 5 да + 8 °С. Палівайце куст вельмі рэдка, але не дапускайце поўнага перасушвання землянога камяка. Як правіла, у куста ападае ўсё лісце. Аднак у апошнія зімовыя дні на яго галінах пачнуць раскрывацца пупышкі. У гэты час яго варта пераставіць у добра асветленае месца.

Бругмансія — атрутны куст. Яго прыемны пах можа выклікаць нясцерпны галаўны боль, а таксічныя рэчывы, што знаходзяцца ў расліне, — нават галюцынацыі. Гэта асабліва неабходна ўлічваць сем’ям з маленькімі дзецьмі.

Размнажэнне

З насення

Пасеў ажыццяўляецца са сту­дзеня па сакавік у лёгкі грунт на глыбіню 0,5—1 см, пасля пасеву глебу ўвільгатняюць, накрываюць полі­этыленам або шклом і ўтрымлі­ваюць пры тэмпературы +20 — +25 °С і яркім рассеяным святле. У залежнасці ад свежасці насення ўсходы могуць з’явіцца і на 10-ты, і на 50-ты дзень. Калі з’яўляюцца ўсходы, плёнку ці шкло можна зняць. Сеянцы апырскваюць цёплай вадой з пульверызатара 2—3 разы на дзень, але пры гэтым важна не дапусціць пераўвільгатнення глебы. Калі ўсходы дадуць пяты лісток, іх перасаджваюць у асобныя ёмістасці. Пасадка бруг­мансіі ў пастаянны вазон ажыццяўляецца, калі карані расліны аблытаюць увесь земляны камяк. Глеба пажадана лёгкая, але ўрадлівая, напрыклад: адна частка суглінку, адна частка кампосту ці перагною і дзве часткі торфу — усё старанна перамяшаць і праліць растворам марганцоўкі ружовага колеру. Спосаб перасадкі добра вядомы: расліну разам з земляным камяком пераваль­ваюць у вазон з тоўстым слоем дрэнажу. Бругмансія можа расці і ў адкрытым грунце, але нашых зім яна не перанясе, таму кветкаводы аддаюць перавагу вырошчванню гэтай расліны ў якасці кадушачнай культуры.

Чаранкамі

Для гэтага спосабу бяруць аднагадовыя парасткі даўжынёй 15—25 см, якія маюць верхавінкавую кропку росту: такія чаранкі і прыжываюцца лепш, і раней пачынаюць цвісці. Чаранкі наразаюць і ўкараняюць у канцы вясны ці ў пачатку лета: выдаляюць ніжняе лісце, ставяць у ваду з дабаўленнем актываванага вугалю і змяшчаюць у цёплае (не ніжэй за +20 °С) светлае месца. Каб лісце не вяла, яго апырскваюць цёплай вадой і накрываюць пластыкавай бутэлькай. Праз два тыдні з’явяцца карані, і, калі яны вырастуць да 5 см, чаранкі перасаджваюць у вазончыкі з субстратам з дзвюх частак торфу, адной часткі перліту і адной часткі пяску. Праз два-тры тыдні чаранкі ўкараняцца.

Хваробы і шкоднікі

Недахоп асвятлення і парушэнне правіл паліву прывядуць да таго, што расліна страціць бутоны, якія яшчэ не раскрыліся, зменіцца афарбоўка лісця, а парасткі пачнуць выцягвацца.

Галоўны шкоднік бругмансіі — павуцінны клешч. Ён не з’явіцца на раслінах, якія рэгулярна (3 разы на дзень) і шчодра апырскваюць. Кожны лісточак трэба апырскваць старанна, каб вільгаць пападала на абодва бакі. 

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі сярэдняй школы № 26 Гродна.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэта.