Бадан,

або Каменяломнік таўсталісты

Бадан мае тоўстае амаль чорнае карэнішча, якое расце гарызантальна. Ранняй вясной з-пад снегу з’яўляецца буравата-зялёнае лісце, якое потым становіцца цёмна-зялёным, а ўвосень яно набывае чырванаватае адценне. Лісце буйное, бліскучае, акруглае, тоўстае, зімуе пад снегам. Вышыня расліны 20—40 см. Кветкі ружовыя, сабраны ў даволі вялікія мяцёлчата-шчытападобныя суквецці на сакавітым разгалінаваным сцябле. Цвіце ў красавіку — маі.

Пасадка

Гэта ценевынослівыя, зімаўстойлівыя расліны. Добра растуць на светлых, паўцяністых і цяністых месцах. Аднак на адкрытым сонечным месцы не разрастаюцца так пышна, як у зацененым, і маюць крыху прыгнечаны выгляд. Пры частых перасадках хварэюць. На камяністых участках іх высаджваюць з паўночнага, паўночна-ўсходняга і паўночна-заходняга боку.

Да глебы непатрабавальныя, але лепш развіваюцца на лёгкіх, пажыўных і добра дрэнажаваных глебах. Сырыя, цяжкія глебы не пажаданы.

У стаматалогіі бадан выкарыстоўваюць для паласкання пры стаматыце і парадантозе.Прамыўшы, карэнішча трэба разрэзаць на кавалкі. Правяліўшы некаторы час на сонцы, дасушыць у духоўцы. Адвар гатаваць з разліку 1 ст.л. здробленага карэнішча на 1,5 шклянкі вады. Кіпяціць на вадзяной лазні паўгадзіны.

У прыродзе баданы самі здольны падтрымліваць вільготнасць глебы: ад высыхання яе захоўвае адмерлае лісце, якое прыкрывае паверхню глебы. У садзе мы яго прыбіраем па эстэтычных меркаваннях. Расліны валодаюць значнай экалагічнай пластычнасцю, якая дазваляе ім паспяхова развівацца далёка за межамі прыроднага арэала.

Для раслін, якія жывуць на скалах, камяніста-шчабняватых месцах, уласціва глеба, бедная на гумус. Адным з варыянтаў глебавай сумесі можна рэкамендаваць 2 часткі пяску, дробнага каменя, 1 частку дзярновай зямлі. У любым выпадку да суглінкаў пажадана дабаўляць пясок і дробны шчэбень. Лепшым субстратам з’яўляецца лёгкая дзярновая зямля, якую можна замяніць сумессю 1/3 суглінкавай глебы, 1/3 перагною або кампосту, 1/3 пяску. Кіслотнасць — pН 5,5—6,5, гэта значыць, слабакіслая, амаль нейтральная. Для бадану неабходна ствараць умовы, якія перашкаджаюць нават часоваму застою вады. Расліна не выносіць застою вады, але каля ручаёў і вадаёмаў на дрэнажаванай глебе добра расце і дае добры прырост.

Догляд

Баданы патрабуюць рэгулярных паліваў. Вясной іх неабходна ачысціць ад лісця. Доўгія парасткі ўкараціць. У перыяд да і пасля цвіцення і пачатку росту новага лісця варта ўносіць комплексныя мінеральныя ўгнаенні. Калі, адпачыўшы пару тыдняў пасля цвіцення, бадан пачне закладаць новыя разеткі, яго можна злёгку падкарміць, паліўшы растворам поўнага мінеральнага ўгнаення “Кеміра-комбі” з разліку 1 сталовая лыжка на 10 літраў вады на 2 м2. Бадан не мае патрэбы ў шчодрых падкормках, у адваротным выпадку ён толькі нарошчвае зялёную масу, але не цвіце.

У гэты час актывізуецца працэс старэння “дарослых” лістоў і доўжыцца звычайна два гады. Афарбоўка набывае ружавата-жоўтыя адценні з паступовым пераходам у бурыя. Пацямнелыя лісты і тыя, што ўжо высахлі, утвараюць на глебе ахоўную плеўку. У спёку лісце, якое павольна гніе, стрымлівае выпарэнне вільгаці з паверхні зямлі вакол куста, ратуючы карэнішча ад перагрэву, таму лепш выдаляць лісцікі, якія ўжо самастойна аддзяліліся. Пры падкормках гэты полаг няцяжка прыўзняць рукой. Калі бадан пасаджаны на бачным месцы і патрабуе захавання чысціні вакол яго, лісце трэба выдаляць, а глебу рэгулярна паліваць або мульчыраваць ад перагрэву і перасыхання. Расліна здольна зімаваць у адкрытым грунце без укрыцця, не патрабуючы штогадовых перасадак. На адным месцы можа расці 7—8 гадоў.

Размнажэнне

Размнажаюць бадан вясеннім дзяленнем куста на 4—5 частак, высаджваннем насення ў грунт і зялёнымі пасынкамі (у маі — чэрвені).Для пасынкавання бяруць маладыя вясеннія разеткі з невялікімі лістамі і часткай карэнішча, якое расце гарызантальна (пяткай). Загатоўваць пасынкі трэба адразу пасля цвіцення.Дзяліць бадан неабходна раз у 5—6 гадоў (а з мэтай размнажэння — і раней, па меры адрастання новых разетак). Сігналам да гэтага служыць драбненне лісця.

Паколькі бадан цвіце ў маі — чэрвені, пасынкі з пяткай можна ўзяць у канцы чэрвеня — у ліпені і высадзіць на глыбіню 5—6 см. Месца пасадкі лепш выбраць такое, якое асвятляецца сонцам раніцай або пад вечар. Глебу важна падтрымліваць вільготнай.

Расліна добра размнажаецца і пасынкамі. Укараняльнасць пасынкаў бадану пры добрых умовах амаль стапрацэнтная. Атрыманыя такім чынам расліны зацвітуць праз год-два.

Насенне бадану высаджваюць і вясной, і восенню непасрэдна ў грунт. Можна рабіць гэта двума спосабамі:

1. Высаджванне пасля збору. Сабраўшы насенне, трэба падрыхтаваць глебу. Перакапаўшы і разраўнаваўшы ўчастак, змяшчаем насенне на глебу і прысыпаем тонкім пластом зямлі і пяску. З надыходам зімы гэты ўчастак трэба накрыць лісцем. Бадан будзе развівацца паступова. На працягу двух гадоў трэба сачыць за саджанцамі і рэгулярна іх паліваць.

2. Пасадка ў маі. Насенне прарастае ў сярэднім праз пару тыдняў. Пасля дасягнення дзесяці сантыметраў у даўжыню бадан можна перасадзіць на месца, выбранае для пастаяннага вырошчвання. Праз чатыры гады расліна ўжо будзе цвісці на поўную сілу.

Высяванне пад зіму дае мацнейшыя ўсходы і большую колькасць сеянцаў. Падрасціўшы да восені, маладыя расліны можна перасаджваць на пастаяннае месца.У першую зімоўку пажадана прыкрыць бадан лапкамі. У наступныя гады гэта не спатрэбіцца, бо расліна зімаўстойлівая.

Хваробы і шкоднікі

Бадан устойлівы да шкоднікаў і хвароб, аднак у неспрыяльных умовах (высокі ўзровень грунтавых вод, празмернасць увільгатнення) аслабленыя і пашкоджаныя расліны часам становяцца плямістымі. На лістках утвараюцца акруглыя, рэзка абведзеныя, бурыя, а пазней — карычнева-шэрыя плямы з цёмнай, часам чырванаватага колеру аблямоўкай. На ніжнім баку лісціка з’яўляецца ледзь прыметны белаваты налёт, звязаны са споранашэннем грыба. Пры моцным пашкоджанні ліст высыхае. Споры грыба захоўваюцца на хворых лістках, якія перазімавалі, або заносяцца з хворым пасадачным матэрыялам.Добра выдаляць хворыя лісты секатарам. Магчыма апырскванне фундазолам, прэпаратамі, якія змяшчаюць медзь, бардоскай вадкасцю або яе заменнікамі. Найлепшае ўздзеянне хімічных прэпаратаў назіраецца ў перыяд актыўнага росту раслін.

Бадан у ландшафтным дызайне

Асабліва прыгожы бадан, калі знаходзіцца на камяністых участках альпінарыяў. Выкарыстоўваецца таксама для групавых пасадак, бардзюраў і рабатак. Дэкаратыўны ён блізка ад басейнаў, дзе глеба несырая, побач з вадаёмамі, а таксама з буйнымі валунамі, на фоне якіх выглядае асабліва выйгрышна. Пасля цвіцення бадан не страчвае дэкаратыўнасці ад марозаў. Адной з асаблівасцей расліны з’яўляецца яе непатрабавальнасць да асвятлення: вырошчваць бадан можна ў цяньку і на сонцы. Ён адносіцца да ўніверсальных раслін, і пасадка на клумбах з недастатковай колькасцю сонечнага святла вельмі ажыўляе іх. Яшчэ адна ўласцівасць робіць бадан каштоўным для дызайну: ён самастойна разрастаецца пры дапамозе паўзучых карэнішчаў і можа служыць глебапокрыўнай раслінай для клумбы. Займаючы ніжні ярус, шчыльныя зараснікі бадану не даюць разрастацца пустазеллю.

На клумбах у паўцені бадан прыгожа спалучаецца з рознымі гатункамі хосты, папараццю, асцільбай, медуніцай, марознікам. Калі гаварыць пра куставых прадстаўнікоў расліннага свету, то бадан добра адчувае сябе побач з магоніяй, ядлоўцам. Ёсць расліны, якія лепш не вырошчваць побач з баданам, — гэта барвенак, ландышы, асака і іншыя нізкарослыя расліны з паўзучымі карэнішчамі. Яны будуць перашкаджаць разрастацца бадану, а ён, у сваю чаргу, будзе перашкаджаць ім.

Эфектна выглядае бадан, пасаджаны пад каронамі ліставых дрэў. Вясной, калі дрэвы яшчэ не пакрыты лісцем, цудоўную кампанію бадану складаюць цыбульныя вясновыя расліны: падснежнікі, гусіная цыбуля, пралескі, гіяцынты, крокусы.

Чай з бадану знімае маральную і фізічную стомленасць, добра ўмацоўвае імунітэт, танізуе. Гэты чай можна піць як у гарачым, так і ў халодным выглядзе. Ён лечыць многія захворванні. Яшчэ дзясятак гадоў назад на многіх рынках былі цэлыя рады, дзе гандлявалі засушаным лісцем бадану. Дарэчы, зялёнае лісце не падыходзіць для заваркі. Вясной я збіраю ніжнія, карычневага і чорнага колеру, сухія лісцікі, мыю і сушу іх пад навіссю. (Хаця гэтыя лісцікі і выглядаюць як непрыдатная сыравіна, яны служаць добрай асновай для гатавання вельмі смачнага знакамітага мангольскага чаю.) Потым здрабняю і складваю ў бляшанку.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.