Магу з упэўненасцю сказаць, што пра батат чулі многія з вас, некаторыя бачылі, можа, нехта нават і паспрабаваў, аднак пахваліцца ўласна вырашчаным ураджаем мала хто зможа. Пакуль гэтая культура для Беларусі надта экзатычная. А вось Святаслаў Андрэевіч Мініч з Брэста запэўнівае, што і ў нас батат можа расці без усялякіх перашкод. За апошнія 3 гады на яго агародзе і стале батат заняў значнае месца.
Партрэт іншаземца
Батат, або, як яго яшчэ называюць, салодкая бульба, родам з Мексікі і Цэнтральнай Амерыкі. Распаўсюджаны ён і ў Індыі, Інданезіі, Японіі, Іспаніі, Італіі, ЗША, Кітаі. У былым СССР яго вырошчвалі толькі на доследных участках у Туркменіі і Грузіі. Вырошчваюць яго з-за саладкаватых клубняў, якія могуць у сябе на радзіме дасягаць некалькіх кілаграмаў.
Па смаку многія гатункі батату крыху нагадваюць саладкаватую падмарожаную бульбу, таму яго і называюць салодкай бульбай (хаця ёсць і несалодкі батат, з якога лепш гатаваць гарніры). Смак салодкіх гатункаў напамінае каштаны, арэхі, бананы, дыню, кавун.
У многіх краінах свету батат выкарыстоўваюць гэтак жа, як бульбу: вараць, смажаць, запякаюць на вуглях, гатуюць з яго пюрэ, запяканкі, кладуць у супы, салаты, дадаюць у муку, кашы, робяць пасцілу, павідла, начынку для пірагоў. З клубняў атрымліваюць цукар, патаку і спірт. Маладое лісце батату таксама дабаўляюць у салаты, а яго сцёблы ідуць на корм жывёлам.
Карысць батату складана пераацаніць, бо ён дапамагае змагацца з ракавымі захворваннямі, паляпшае эластычнасць сасудаў, дабратворна ўплывае на работу печані і нырак, з’яўляецца імунастымулюючым сродкам, змяшчае мноства вітамінаў і мікраэлементаў. Батат вельмі карысны для страўнікава-кішачнага тракту і спрыяе ўмацаванню слізістай абалонкі страўніка, чым прадухіляе развіццё злаякасных утварэнняў. Акрамя таго, батат нармалізуе абмен рэчываў, павышае імунітэт, зніжае ўзровень халестэрыну ў крыві, выводзіць з арганізма цяжкія металы, спрыяе аднаўленню арганізма пры сіндроме хранічнай стомленасці, пасля перанесеных стрэсаў і прастуд, пазбаўляе ад бяссонніцы і жаночых праблем.
Выбар гатунку
Што да вырошчвання, то тут не так усё і складана, калі параўнаць з вырошчваннем бульбы, нават прасцей. Па-першае, батат — гэта ліяна з сямейства павойных, а не паслёнавых, таму каларадскі жук гэтай культуры не страшны (усялякая хімія і пырскалкі не спатрэбяцца). Па-другое, батат не трэба ні акучваць, ні палоць. Па-трэцяе, не трэба нарыхтоўваць мяхі насення: каб засадзіць сотку зямлі, дастаткова ўсяго некалькі клубняў.
Звычайна перадпасадачныя клопаты пачынаюцца з выбару гатунку, але што тычыцца батату, то знайсці на тэрыторыі Беларусі хоць які-небудзь гатунак складана (хаця ўсё ж можна прыгледзецца да асартыменту знаёмых дачнікаў, аматараў экзотыкі). Вясной будзе рэалізоўваць расаду батату і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.
Святаслаў сабраў у сваёй калекцыі 15 гатункаў з белай, аранжавай і пурпурнай мякаццю — сярод іх ён доследным шляхам вызначае самыя надзейныя. Паспытаўшы магазінны батат, мужчына яшчэ доўга яго купляў, пакуль не паспрабаваў вырасціць у сябе на агародзе. Вырасціць расаду ўдалося толькі на 12 раз (для даўжэйшага захавання батат пакрываецца спецыяльнымі прэпаратамі супраць гніення і прарастання). Папаўняў сваю калекцыю Святаслаў Андрэевіч ва Украіне і Расіі, дзе батат расце нават на поўначы.
Па вопыце С.Мініча, самыя ўраджайныя і самыя раннія (а значыць, паспеюць вырасці і ў больш халодных рэгіёнах) наступныя гатункі: “афганскі”, “новасібірскі белы”, “тайнунг”, “ЛА-07”, “джорджыя джэт”. А вось “бушбок”, “японскі”, джорджыя рэд”, “перамога-100”, “рубін Караліны”, “бэці”, “егіпецкі,” “гарнэт”, “джэвел”, “J” (так назваў Святаслаў магазіннага інкогніта), “пурпурны” наўрад ці пакажуць свае перавагі па-за межамі Брэстчыны.
Вырошчваем расаду
Размнажэнне насеннем прымяняюць у асноўным пры вывядзенні новых гатункаў.Дзяленне клубняў рызыкоўнае і тэхналагічна складанае, таму батат лепш за ўсё размнажаць чаранкамі, зрэзанымі з прарослых клубняў. З аднаго клубня можна атрымаць 10—20 чаранкоў (а для некаторых гатункаў — 50 і больш).
Пачынаць вырошчваць расаду лепш у сакавіку. Для атрымання чаранкоў выкарыстоўваюць два спосабы.
Першы спосаб: клубні батату на запалках ставяць у ёмістасці з вадой. Тут важна вызначыць, дзе ў клубня верх і ніз, бо парасткі ўтвараюцца ў асноўным з верхавіны.
Другі спосаб: клубні змяшчаюць гарызантальна ў вільготны пясок, засыпаючы напалову. Для гэтага лепш браць невялікія скрыні ці прадаўгаватыя кветкавыя гаршкі вышынёй 15—20 см з адтулінамі для сцёку лішняй вадкасці.
У абодвух выпадках у пакоі падтрымліваюць тэмпературу не ніжэйшую за 20 градусаў. Пры больш нізкіх тэмпературах прарастанне затрымліваецца. Прыкладна праз 40—60 дзён вырастуць чаранкі патрэбнай для пасадкі даўжыні. Правільны памер чаранка — 20—30 см, і павінна быць не менш за тры ліставыя вузлы. Затым чаранкі такой даўжыні зразаюць з клубня і ставяць у слоік з вадой. Праз 3—5 дзён з ліставых вузлоў прарастаюць карэньчыкі. Гэта ўжо гатовы пасадачны матэрыял.
Пасадка
Высаджваць расаду на грады можна, калі тэмпература глебы на агародзе дасягнула 20 градусаў. Калі чаранкі пусцілі карэньчыкі, а грунт яшчэ не прагрэўся, можна пасадзіць іх у пластыкавыя ёмістасці з грунтам для расады, а калі пацяплее, расаду можна высадзіць у грунт.
Ва ўмовах Брэста Святаслаў займаецца пасадкай з 20 мая да 10 чэрвеня, калі мінае пагроза апошніх вясновых замаразкаў. Калі пасадзіць батат пасля 10 чэрвеня, то ён проста не паспее сфарміраваць клубні — на гэта яму патрэбна 100—110 дзён у залежнасці ад гатунку.
Для фарміравання добрых і прыгожых клубняў важнымі з’яўляюцца тэмпература, вільготнасць і якасны грунт.
Грунт для батату павінен быць рыхлым, з вялікай колькасцю пяску. На цяжкай гліністай глебе батат таксама вырасце, але ўявіце, як прыйдзецца выломліваць з гліны клубень даўжынёй 30—40 см. Па складзе лепш падыдзе слабакіслы або нейтральны грунт. Гной або азотныя ўгнаенні ўносіць нельга, бо вырастуць доўгія клубні дрэннай якасці. А калійныя ўгнаенні без хлору, сернакіслы калій або калімагнезія будуць дарэчы.
Клубні ў батату ўтвараюцца з пашыраных каранёў, у адрозненне ад бульбы, у якой яны з’яўляюцца на бакавых сталонах, таму калі пры пасадцы карані ў чаранкоў або ў расады будуць занадта доўгія і скручаныя, то і клубні вырастуць скручаныя і непрыгожыя. Улічваць гэты нюанс трэба і пры вырошчванні расады ў пластыкавай ёмістасці: калі карані (будучыя клубні) паспеюць дарасці да дна, то заблытаюцца і пасля вырастуць крывымі. Каб пазбегнуць гэтага, чаранкі трэба саджаць у грунт пад вуглом або гарызантальна. Калі карані доўгія, іх трэба ўкараціць да 2—3 см (хаця лепш не перарошчваць).
Для пасадкі батату лепш рабіць узвышаныя градкі вышынёй 30—40 см. Для лепшага цеплаабмену іх абцягваюць празрыстай (менавіта празрыстай, а не чорнай!) плёнкай. Пад ёй тэмпература глебы павышаецца на 5 градусаў. Саджаюць чаранкі ў прарэзы ў стужцы або ў адзін рад з адлегласцю паміж раслінамі 30—40 см, або ў два рады ў шахматным парадку з такімі ж інтэрваламі.
Пасаджаныя чаранкі адразу ж добра паліваюць і падтрымліваюць вільготнасць глебы на працягу тыдня, каб сфарміравалася моцная каранёвая сістэма. Затым ставяць дугі і накрываюць іх або празрыстай плёнкай, або спанбондам для засцярогі ад начных халадоў. Сховішча здымаюць прыкладна ў сярэдзіне чэрвеня.
Догляд пасадак
Пры такім спосабе пасадкі пад плёнкай пустазелле проста згарае ад высокай тэмпературы. Батат расце вельмі хутка, утвараючы плеці даўжынёй 1,5—3 метры, якія праз месяц пераўтвараюцца ў суцэльны зялёны дыван. Гэта дадаткова захоўвае карані ад пераахаладжэння ноччу. Узвышаная градка не дае клубням далёка ўцячы: пучкі клубняў вельмі кампактныя.
Догляд пасадак заключаецца толькі ў рэгулярным паліве і падкормках.
Хоць батат і засухаўстойлівы, для атрымання буйных і непатрэсканых клубняў важны раўнамерны паліў. Падкормкі робяць раз у два тыдні калійнымі ўгнаеннямі (прыкладна жменю на 10 л). Перыядычна трэба прыўздымаць плеці ад зямлі, каб яны не ўкараняліся ў міжвузеллях, бо гэта зніжае ўраджай. Са шкоднікаў у нас ёсць толькі тыя, якія пашкоджваюць клубні: мышы, лічынкі майскага жука, драцянік.
Уборка ўраджаю
Раннія гатункі батату можна ўжо ўбіраць праз 90 дзён, сярэднія — праз 100—110, а познія выспяваюць за 120 дзён і больш. Ва ўмовах Брэста паспяваюць і сярэдняспелыя гатункі. Але і раннія могуць даваць клубні вагой больш за кілаграм. Асабліва гэтым славіцца “тайнунг”.
Убіраюць батат да замаразкаў — з сярэдзіны да канца верасня. Калі тэмпература глебы ўпадзе ніжэй за 10 градусаў, то клубні пашкодзяцца і будуць дрэнна захоўвацца.
Выкапаныя клубні трэба прасушыць пад сонцам на працягу некалькіх гадзін (мыць іх нельга) і змясціць у скрыні, пераклаўшы паперай. Захоўваць ураджай трэба пры тэмпературы 12—15 градусаў. Пры тэмпературы захоўвання 8 градусаў і ніжэй яны пашкоджваюцца ад холаду і дрэнна захоўваюцца.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Святаслава МІНІЧА.