Драцэна

Драцэна — расліна вільготных тропікаў. Сярод мноства відаў у культурным развядзенні ў неўласцівых умовах выкарыстоўваюць некалькі. Драцэна падыходзіць для вырошчвання ў аранжарэях, зімовых садах, уцепленых лоджыях і на балконах, у холах рэстаранаў, гасцініц, у офісах. Яна ўпрыгожыць музычную залу дзіцячага сада ці школы.

Пры выбары драцэны для дома неабходна ўліч­ваць, колькі ёй будзе дадзена месца, бо сярод разнастайных відаў драцэн ёсць і гіганцкія, і карлікавыя, і цалкам кампактныя формы расліны. Маладыя расліны займаюць нямнога месца, але з часам разрастаюцца і не ўмяшчаюцца на падаконніку. Прыхо­дзіцца садзіць іх у вялікія вазоны і ставіць у пакоі. Пры гэтым стракатыя гатункі маюць патрэбу ў абавязковым дадатковым асвятленні. Выкарыстоўвайце люмінесцэнтныя ці святлодыёдныя лямпы, на адну буйную расліну вышынёй 1,5 м неабходна прыкладна 2—3 лямпы магутнасцю 20 Вт, прычым размясціць іх трэба не далей чым за 20 см ад кроны, так, каб усе часткі расліны асвятляліся як мага больш раўнамерна.

Другая асаблівасць вырошч­вання драцэны ў дамашніх умовах тычыцца буйных кадушачных раслін. Драцэна пахучая можа вырасці да столі, і размах яе лістоў складае 1—1,2 м. Такі экзэмпляр можа расці толькі ў кадцы ці вельмі вялікім вазоне, прыкладна на 40—50 л. Натуральна, гэта стварае цяжкасці пры перасадцы, такія расліны перасаджваюць рэдка, адзін раз у некалькі гадоў, але штогод мяня­юць верхні пласт зямлі, асабліва калі на ім адклаўся налёт солей. Зямлю трэба спачатку парыхліць, потым зняць шуфлікам і дасыпаць свежую глебу ці добра перапрэлы кампост.

Тэмпература

Драцэна аддае перавагу ўмеранай тэмпературы, пажадана ў межах 15—18°С. Можна тры­маць гэтую расліну на ўцепленым балконе да 10—12°С з абмежаваным палівам. Зімой, калі няма магчымасці забяспечыць прахалоду, абараніце расліну ад батарэй цэнтральнага ацяплення (экранам, вільготнымі прасцінамі на батарэі). Летам расліна можа пакутаваць ад моцнай спёкі. Каб палегчыць яе стан, перастаўце вазон на час у халаднаватае месца, часцей праветрывайце дом і апырсквайце лісце.

У адпаведнасці з практыкай фэн-шуй, драцэна сандэра, якая называецца бамбукам шчасця, павінна прысутнічаць у кожным доме. Для таго каб яна адганяла злых духаў, яе трэба трымаць ля ўваходу ў жыллё.

Паліў

Летам і зімой пры добрым асвятленні ў цёплым пакоі (вышэй за 24°С) паліў шчодры, пасля высыхання верхняга пласта зямлі (прыкладна на палову вышыні вазона). Зімой пры халаднаватых умовах, асабліва пры мізэрным асвятленні, драцэны паліваюць умерана ці абмежавана, з улікам тэмпературы ў памяшканні (напрыклад, пры тэмпературы каля 8°С зямля ў вазоне павінна быць пастаянна практычна цалкам сухой, паліў бедны, прыкладна раз на 1,5 месяца). Не перастарайцеся з палівам: усе драцэны не перано­сяць застою вады ў вазоне, як і доўгай перасушкі землянога камяка. Калі сумняваецеся, паліць ці яшчэ рана — пачакайце. Каб пазбег­нуць пераўвільгатнення, правярайце, ці не забіліся дрэнажныя адтуліны керамзітам або зямлёй, абавязкова насыпайце на дно вазона пры перасадцы дрэнаж. Тое, што ваша драцэна мае патрэбу ў паліве, вам падкажа стан яе лісця: калі вільгаці недастаткова, то кончыкі лістоў пачнуць падсыхаць, а калі, наадварот, вільгаці вельмі многа, то лісточкі стануць вялымі і ­цьмянымі.

Догляд у дамашніх умовах прадугледжвае некалькі магчымых варыянтаў паліву: ніжні, верхні і купанне.

Верхні

Паліваючы драцэну непасрэдна ў вазоне, размясціце носік лейкі пад невялікім вуглом і акуратна ўвільгатняйце земляны камяк.

Як толькі паддон стане запаўняцца вадой, спыняйце паліў. Колькі б вады ні выцекла ў паддон, праз паўгадзіны яго трэба апустошыць. Галоўным недахопам такога метаду лічыцца паступовае вымыванне грунту і карысных рэчываў з яго. Расліна мае патрэбу ў сістэматычных падкормках.

Ніжні

Пры ніжнім спосабе паліву ваду наліваюць непасрэдна ў паддон, а глеба самастойна набіраецца вільгаці. Такі метад незаменны ў тых выпадках, калі зямля ў вазоне вельмі перасохла і пры верхнім паліве яна проста выцякае з вазончыка, не затрымліваючыся. Але і ў гэтага спосабу ёсць істотны недахоп: практыкуючы такі паліў, вы будзеце спрыяць назапашванню солей у глебе, якія пры значнай канцэнтрацыі негатыўна ўплыва­юць на стан каранёвай сістэмы і ўсёй расліны ў цэлым.

Купанне драцэны

Якасны догляд у дамашніх умовах прадугледжвае перыядычнае купанне расліны, але толькі ў летнія месяцы. У халады рабіць такую працэдуру немэтазгодна, бо гэта можа прынесці шкоду замест чаканай карысці. Усё, што трэба зрабіць, — гэта паставіць вазон з драцэнай у ёмістасць з вадой, каб яна цалкам пакрыла земляны камяк.

Асветленасць

Многія лічаць драцэну ценелюбівай раслінай, але на самай справе ў цёмным месцы яна будзе чэзнуць. Для добрага росту і развіцця патрэбна інтэнсіўнае святло. Стракаталістыя формы патрабуюць большага асвятлення, чым формы з зялёнымі лістамі. Асабліва востра стаіць пытанне асвятлення буйных раслін зімой. Але драцэна добра расце і пры штучным асвятленні. Дарэчы, самым ценевынослівым відам з’яўляецца драцэна пахучая (нестракаталісты варыянт).

Ствол саджанца можна зрабіць закручаным. Для гэтага сцёблы фіксу­юць пры дапамозе дроту. Калі вы хочаце паспрабаваць такі дызайн, трэба брацца за яго амаль адразу пасля перасадкі, бо закруціць можна толькі маладую расліну.

Размнажэнне

Размнажаецца драцэна дзярэмская і аблямаваная пасынкамі. Пад вуглом вострым прыборам зразаецца верхняя частка кветкі, пасынак павінен быць пры гэтым не меншым за 10 см. Далей дайце зрэзу крыху падсушыцца на паветры. У гэты час падрыхтуйце празрыстую ёмістасць, у якую змясціце будучую расліну. Наліце ваду, абавязкова ачышчаную і адстоеную. Яе тэмпература павінна быць не ніжэйшая за хатнюю.

Змясціце пасынак у ёмістасць да з’яўлення першых каранёў. Не забывайце мяняць ваду па меры неабходнасці. Размнажэнне такім спосабам займае прыблізна 2 месяцы. Расліна для пасынкавання падбіраецца моцная, часцей за ўсё маладая, інакш слабы пасынак не дасць карані. Пасля з’яўлення каранёвай сістэмы ў маладой драцэны можаце высаджваць яе ў грунт.

Калі расліна мае слабую верхавіну ці яна зусім адсутнічае па нейкіх прычынах, то для размнажэння падыдзе сцябло. Для гэтага наразаем яго на невялікія кавалкі — лепш за ўсё праводзіць працэдуру лязом, каб не нашко­дзіць капілярам. Далей укараняем пасынкі ў пясок, часта апырскваем і ствараем цяплічныя ўмовы.

Абрэзка

Наконт абрэзкі драцэны ў кветкаводаў часта ўзнікаюць спрэчкі. На самай справе ўсё залежыць ад гатунку: тры самыя папулярныя разнавіднасці драцэны па-рознаму адносяцца да гэтай працэдуры.

Лепш за ўсё абрэзку пераносіць суркулоза — разнавід­насць, падобная да пушыстага куста з цёмна-зялёнымі лістамі, упрыгожанымі плямамі. Догляд драцэны гэтага віду абавязкова ўключае абрэзку, якая амалоджвае расліну, стымулюе ўтварэнне бакавых парасткаў. Суркулоза трывалая і добра падыходзіць для навічкоў. Пахучая драцэна — высокая (да 3,5 м) разнавіднасць з вялікімі хвалістымі лістамі. Яна рэкамендуецца хутчэй для прафесіяналаў, бо сфарміраваць крону гэтага гатунку складаней. Рэфлекса — невялікая расліна з адагнутымі лістамі, якія ідуць адразу ад каранёў галінамі. Яна больш падобна да куста і ў абрэзцы практычна не мае патрэбы.

Расліну абразаюць з мэтай атрымання бакавых парасткаў, а таксама калі яна вельмі выцягваецца: драцэну, якая вырасла да столі, неабходна абрэзаць, каб яна не зламалася, асабліва калі ў расліны тонкі ствол. Дарослай драцэне перыядычна таксама неабходна абрэзка для амаладжэння. Дадатковае фарміраванне кроны праводзяць, калі яна стала вельмі загушчанай, а парасткі дэфармаваліся ці выцягнуліся. Неабходна і санітарная абрэзка: выдаленне зламаных гучкоў і тых, якія высахлі ці падгніваюць.

Для пачатку рагле­дзім, як правільна абрэзаць драцэну, каб разгаліна­ваць крону. Для атрымання бакавых парасткаў пры дапамозе вострага стэрыльнага нажа зрэжце верхнюю частку ствала. Важна не пераціскаць месца зрэзу. Рану апрацуйце парафінам ці воскам, каб праз яе не выпаралася вільгаць. Для гэтага запаліце свечку і капніце расталым парафінам на зрэз (асцярожна, каб не трапіць на лісты). Калі з раны пацёк сок, папярэдне сатрыце яго ваткай.

Лічыцца, што драцэна прыносіць у дом шчасце, утульнасць, гармонію, рос­квіт і каханне. Нездарма ў Кітаі існуе традыцыя дарыць драцэну на вяселле як сімвал моцы шлюбных вузаў і залог будучага дабрабыту маладых.

Потым трэба прыкласці да верхняй часткі сцябла вільготны мох сфагнум (акрамя месца зрэзу) і накрыць яго поліэтыленавым пакетам. Можна дадаткова апрацаваць верхавіну стымулятарамі росту. Тэмпература павінна падтрымлівацца на ўзроўні 24—25°С. Два разы на тыдзень мох трэба нанава ўвільгатняць. Некаторыя спецыялісты дапускаюць, што можна абысціся без міні-цяплічкі, проста часцей апырскваць лісты і сцябло з пульверызатара.

Як правіла, фарміраваць бакавыя парасткі і галінавацца расліна пачынае прыкладна праз месяц. Драцэна фарміруе даволі многа пупышак, але некаторыя з іх гінуць, а іншыя спыняюцца ў развіцці.

Пасля таго як з’явіліся маладыя расткі, укрыццё знімаюць. Часта ў кветкаводаў узнікае пытанне, як абнавіць драцэну, якая была абрэзана раней, але паспела выцягнуцца. У гэтым выпадку фармуючая абрэзка заключаецца ў тым, каб зрэзаць верхавіны парасткаў, якія непрыгожа выцягнуліся, і надаць расліне кампактны і акуратны выгляд. У сярэднім іх укарочваюць, адступіўшы 20—30 см ад сцябла. Такая працэдура, акрамя іншага, дапаможа амаладзіць расліну.

Калі разгалінаваная крона мае дэфармаваныя расткі, іх таксама неабходна выдаліць. У вопытных садаводаў папулярны метад укарочвання парасткаў на рознай вышыні, што на­дае сфарміраванай кроне асабліва выразны выгляд. Усе месцы зрэзаў абавязкова трэба запячатваць парафінам ці воскам. Некаторыя рэкаменду­юць прысыпаць іх парашком драўнянага вугалю.

Важнае пытанне: як абрэзаць хворую драцэну? Калі расліна проста аслаблена, а на стволіках ёсць сухія ці вялыя лісты, яе нельга чапаць, бо абрэзка яшчэ больш аслабіць расліну і можа яе загубіць. Зразаюць абламаныя, інфіцыраваныя ці заражаныя шкоднікамі парасткі, захапіўшы крыху здаровай часткі.

Гэта важна

Драцэны вельмі адчувальныя не толькі да хлору, які змяшчаецца ў водаправоднай вадзе, але і да такіх элементаў, як фтор і бор.

Каб пазбавіцца ад хлору, дастаткова даць вадзе адстояцца на працягу сутак. Аднак калі ў вашай мясцовасці лішак фтору ў водаправоднай вадзе, адстойванне не дапаможа, фільтраванне ў некаторай ступені зніжае яго колькасць, але нязначна. Толькі фільтры са зваротным осмасам лепш ачышча­юць ваду ад гэтага хімічнага элемента. Калі ў вас няма такога фільтра, лепшым рашэннем будзе палі­ваць драцэны дыстыляванай вадой. Акрамя таго, важна пазбягаць угнаенняў і глебавых грунтаў, якія змяшчаюць суперфасфаты: у іх павышаная колькасць фтору. З той жа прычыны не карыстайцеся перлітам і вермікулітам.

Кіслотнасць таксама мае значэнне. Пры кіслотнасці рН, ніжэйшай за 6,0, у драцэны можа назірацца плямістасць лістоў, некроз краёў лісткоў — недахоп калію, магчыма, адначасова з запашаннем фтору. Часам гэта адзіночныя бурыя плямы, размешчаныя бліжэй да краёў. Пры ўзроўні рН, вышэйшым за 6,5, назіраецца дэфіцыт жалеза. Гэта выглядае як хлароз, перш за ўсё, на маладых лістах.

Барацьба з хваробамі і шкоднікамі

Драцэна пушыстая можа быць схільна да розных захворванняў і навалы шкоднікаў. Калі жаўцеюць і ападаюць лісты, прычына можа хавацца ў пашкоджванні сцябла і каранёвай сістэмы. У такім выпадку вам спатрэбіцца правесці перасадку. Пажаўценне ліставой пласціны сведчыць пра перасыханне землянога камяка. Гэтая расліна таксама можа пакутаваць ад грыбковых захворванняў. Нямала шкоды здольны прынесці і шкоднікі: трыпсы, тля, павуцінны клешч, шчытоўка, а таксама мучністы чарвец. Пазбаўцеся ад насякомых ці грыбка пры дапамозе прафесіянальных інсектыцыдаў, але перад іх набыццём абавязкова пракансультуйцеся са спецыялістам.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц інтэрнэту.