Элегантная страманта

Страманта — травяністая шматгадовая расліна, якая адносіцца да сямейства марантавых. Як і ўсе марантавыя, яна мае асаблівасць, па якой лёгка пазнаць прадстаўнікоў сямейства.


У месцы злучэння ліставой пласцінкі і чаранка ёсць утварэнне з некалькіх пластоў клетак, якія дапамагаюць расліне хутка мяняць становішча лісткоў. Увечары або перад дажджом лісты складваюцца верхнім бокам унутр, паказваючы пры гэтым больш цёмны, часам пурпурны адварот. Цікава, што гэта адбываецца ў пэўны час і абсалютна не залежыць ад асветленасці. Над раслінай можа гарэць лямпа яшчэ некалькі гадзін — лісты не раскрыюцца да раніцы. Навошта ім гэта трэба — таямніца. Аднак менавіта такія паводзіны дапамагаюць зразумець, што са страмантай усё ў парадку. Расліна, якая сур’ёзна захварэла, перастае шамацець лістамі, і гэта дазваляе своечасова прыняць меры па яе лячэнні.

Умовы для вырошчвання

Страманта любіць яркае рассеянае святло або лёгкі паўцень. Пры пападанні на яе прамых сонечных прамянёў або, наадварот, недахопе святла афарбоўка лісця становіцца менш інтэнсіўнай, а сама ліставая пласціна змяншаецца.

Для гэтай прадстаўніцы сямейства марантавых лепш знайсці месца каля ўсходняга, заходняга ці зацененага паўднёвага акна. Магчыма размяшчэнне страманты і на паўночным акне, але тады неабходна забяспечыць ёй дадатковае штучнае асвятленне на некалькі гадзін у дзень. Для гэтага можна выкарыстоўваць люмінесцэнтныя лямпы. Штучнае падсвечванне таксама можа спатрэбіцца ў зімовы час.

Аптымальная тэмпература для вырошчвання гэтай расліны — ад 20 да 30оС летам і ад 18 да 20оС зімой. Тэмпература ніжэйшая за 18оС можа прывесці да пераахаладжэння каранёў і гібелі страманты. Акрамя таго, яна не любіць скразнякоў і перападаў тэмператур. Зімой трэба быць асцярожнымі з халодным паветрам, якое пранікае з аконных рам.

Пажадана, каб у памяшканні, дзе знахо­дзіцца страманта, была высокая вільгот­насць. Гэтая трапічная расліна лічыць за лепшае вільготнасць паветра 90%. Калі ў пакоі сухое паветра, кветку неабходна апырскваць 1—2 разы на дзень. Для апырсквання прымяняюць адстоеную ці фільтраваную ваду хатняй тэмпературы.

Расліну таксама можна паставіць на паддон з вільготным імхом, галькай або керамзітам, але дно вазона не павінна межавацца з вадой. На ноч для павелічэння вільготнасці на страманту трэба надзець поліэтыленавы пакет. Яна буде добра сябе адчуваць у міні-цяплічцы, тэрарыуме, фларарыуме.

Глеба і паліў

Паліваюць стараманту звычайна шчодра, цёплай, мяккай, фільтраванай або ад­стоенай вадой, па меры падсыхання верхняга пласта грунту. Увосень і зімой паліў змяншаюць. Важна не дапусціць ні перасыхання землянога камяка, ні застою вады. Глеба павінна быць слабакіслай, рыхлай і пажыўнай. Выкарыстоўваюць субстрат з торфу, пяску і ліставой зямлі з дабаўленнем дробнага драўніннага вугалю. Неабходны добры дрэнаж, які можна забяспечыць, напоўніўшы вазон керамзітам на 1/4.

Угнаенне і падкормка

У перыяд вегетацыі стра­манту трэба падкормлі­ваць комплексным угнаеннем для дэкаратыўна-ліставых раслін. Рабіць гэта неабходна з максімальнай асцярожнасцю, паколькі празмернасць мінеральных рэчываў і кальцыю ў глебе можа стаць згубным для трапічнай прыгажуні. Угнаенне разво­дзяць у палавіннай канцэнтрацыі і праводзяць падкормку прыкладна 1 раз на 2 тыдні.

Перасадка

Маладым раслінам патрабуецца штогадовая перасадка. Дарослыя расліны перасаджваюць 1 раз у 2 гады ў вясенне-летні перыяд. Пры гэтым кожную вясну ў вазон дабаўляюць крыху свежага грунту.

Старое лісце, якое адмірае, пры перасадцы выдаляюць. Выбіраюць высокі вазон, які адпавядае памерам каранёвага камяка. Туды насыпаюць дрэнаж на 1/4 вышыні.

Можна выкарыстоўваць сумесь ліставой зямлі, пяску і торфу, змяшаных у прапорцыі 2:1:1. Да гэтага складу таксама дабаўляюць здроблены драўнінны вугаль.

Каб звесці рызыку траўмы каранёў да мінімуму, трэба праводзіць перасадку метадам перавалкі.

Размнажэнне

Размнажэнне страманты магчыма 3 спосабамі: насеннем, дзяленнем куста і шляхам укаранення верхавінкавых пасынкаў. Першы варыянт патрабуе сур’ёзных часавых затрат і значных намаганняў, таму прымяняецца рэдка. Значна часцей выкарыстоўваюцца 2 іншыя варыянты.

Размнажэнне дзяленнем куста право­дзіцца вясной пры перасадцы. Кветку дастаюць з вазона і дзеляць на 2—3 часткі, стараючыся не пашкодзіць каранёвую сістэму. Новыя расліны высаджваюць у грунт на аснове торфу і паліваюць цёплай вадой. Наступны паліў ажыццяўляюць толькі тады, калі глеба падсохне. Расліны накрываюць поліэтыленавымі пакетамі і ставяць у цёплае месца да таго часу, пакуль маладыя страманты не пачнуць укараняцца і не выпусцяць новыя лісткі.

Пры размнажэнні верхавінкавымі пасынкамі вясной і летам у новых парасткаў страманты зразаюць верхнюю частку, крыху ніжэй за месца прымацавання ліст­коў да сцябла. Даўжыня пасынкаў павінна скла­даць 7—10 см, у кожнага з іх павінна быць 2—3 ліст­кі. Пасынкі ставяць у ваду і накры­ваюць пакетам (або змяшчаюць у міні-цяплічку). Калі тэмпература і вільготнасць паветра дастаткова высокія, карані з’явяцца прыкладна праз 5—6 тыдняў. Пасля гэтага пасынкі можна высаджваць у грунт.

Хваробы і шкоднікі

Каб вырасціць дарослую страманту, трэба прыкласці нямала намаганняў, улічыць усе тонкасці і нюансы догляду. Самае малое парушэнне ўмоў яе ўтрымання можа прывесці да непапраўных наступстваў. Страманта пачне сохнуць, лісце страціць афарбоўку. Хворай расліне вельмі складана будзе вярнуць здаровы выгляд.

Прыметы хваробы страманты:

  • лісце расліны жаўцее і засыхае — гэтая сітуацыя ўзнікае пры вельмі яркім асвятленні, пападанні прамых сонечных прамянёў; расліну рэкамендуецца прыцяніць;
  • лісце скручваецца або пакрываецца плямамі — прычынай можа стаць недастатковы паліў, неабходна яго павялі­чыць;
  • сохнуць кончыкі лісця страманты, запавольваецца рост — віноўнікамі могуць стаць як вельмі сухое паветра, так і павуцінны клешч; калі рэгулярнае апырскванне не дапаможа, трэба праверыць расліну на наяўнасць шкоднікаў;
  • ападае лісце, вянуць сцёблы — гэтая праблема магчыма пры залішнім паліве і застоі вады, а таксама нізкай тэмпературы ў памяшканні; расліну неабходна забяспечыць цяплом, а пашкоджанні — апрацаваць фунгіцыдам;
  • сцёблы расліны згінаюцца ў розныя бакі, лісце скручваецца ў трубачку — перасушана глеба або ў пакоі вельмі холадна; неабходна адрэгуляваць паліў і тэмпературу паветра;
  • краі лісця набылі жоўта-карычневае адценне — у глебе недахоп або, наадварот, лішак пажыўных рэчываў; трэба больш уважліва паставіцца да падкормкі стра­манты.

Акрамя таго, нямала непрыемнасцей могуць зрабіць і такія шкоднікі, як павуцінны клешч і шчытоўка.

Калі лісце страманты пажаўцела, а пад ім можна заўважыць павуцінку, значыць, расліна пашкоджана чырвоным павуцінным кляшчом. На лісці з’яўляюцца белаватыя плямы, а потым яно ападае.

У гэтым выпадку страманту трэба на працягу некалькіх дзён прамываць цёплай вадой, хворыя лісткі выдаліць і апырскваць такімі прэпаратамі, як “Фітаверм”, “Актэлік”.

Ліпкія выдзяленні на ліставых пласцінах сведчаць пра з’яўленне шчытоўкі. Гэты шкоднік высмоктвае клетачны сок, у выніку чаго лісце паступова страчвае ранейшую афарбоўку, пачынае сохнуць і ападае. Для бараць­бы са шчытоўкай лісце ачыш­чаюць пры дапамозе мыльнай губкі і апырск­ваюць страманту 0,15% растворам “Актэліку” (1—2 мл разводзяцца на 1 л вады).

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкая сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.