Фаленопсісы: мае лайфхакі

Думаю, многім вядомае лёгкае адчуванне страху, калі ў доме з’яўляецца “экзэмплярчык” флоры, з якім дагэтуль ніколі раней не даводзілася мець справы. Так было і ў мяне, калі муж падарыў на дзень нараджэння такую дзіўную “незнаёмку”, як архідэя. З таго часу прайшло ўжо нямала гадоў, і мне ўвесь час не дае спакою думка пра тое, што трэба напісаць некалькі радкоў пра маё “сяброўства” з гэтай цудоўнай прадстаўніцай расліннага свету.

Зрабіць гэта я вырашыла для таго, каб засцерагчы вас, паважаныя чытачы, ад тых фатальных памылак, якія дапусціла я. Да гэтага часу мяне мучыць сумленне, што я загубіла першы падарунак мужа, які, на жаль, пражыў усяго толькі 2,5 месяца. У памяць аб ім застаўся толькі спецыяльны вазон, які я тады паспяшалася набыць у адным з кветкавых магазінаў, і фота, якое я зрабіла з архідэяй.

У тым жа годзе навучэнцы выпускной групы падарылі мне прыгожую, квітнеючую архідэю, і, стоячы на сцэне актавай залы ліцэя, я дала сабе абяцанне, што абавязкова зраблю работу над памылкамі і пасябрую з гэтай “капрызуляй”.

Сёння я з упэўненасцю магу ска­заць, што змагла ў поўнай меры заслужыць “прабачэнне” ў архідэі. Доказам гэтага можа служыць мая невялікая дамашняя калекцыя фаленопсісаў. Але нават зараз, маючы даволі важкі багаж ведаў і вопыту догляду фаленопсісаў, я ніколі не грэбую любой магчымасцю прачы­таць або пачуць любую інфармацыю пра іх.

Мае правілы ўтрымання фаленопсісаў:

* Перасаджваю расліну толькі ў перыяд, калі яна не цвіце.
* Пры перасадцы ніколі не эканомлю на памеры вазона і заўсёды (!) раб­лю дадатковыя гарызантальныя і вертыкальныя надрэзы на ім.
* Выкарыстоўваю толькі празрысты вазон, каб не перашка­джаць жыццёва неабходнаму працэсу фотасін­тэзу ля каранёў.
* Кару для перасадкі абавязкова награваю на блясе ў духоўцы, а затым абавязкова замочваю яе перад перасаджваннем у вадзе не менш за 12 гадзін.
* Пры выдаленні мёртвых ці захварэ­лых каранёў карыстаюся толькі канцылярскім нажом, у якім можна адломваць кончык зменнага ляза. Калі такой магчымасці няма, бяру звычайны кухонны нож, наліваю ў ёмістасць самы танны адбельвальнік з хлорам (напрыклад “Белізна”) і абеззаражваю нож (апускаю ў ёмістасць з адбельвальнікам) пасля кожнага зразання хворага ці змярцвелага карэньчыка. А калі ў мяне і адбельвальніка няма, то проста награваю лязо нажа над агнём і даю яму астыць.
* Не паліваю перасаджаную расліну як мінімум 2—2,5 тыдня, паколькі кара была папярэдне замочана.
* Ніколі не стаўлю вазон з архідэяй на скразняк.
* Квітнеючую архідэю паліваю толькі праз верх лейкай.
* Неквітнеючы фаленопсіс паліваю ў ваннай дожджыкам ці апускаю яго ў ёмістасць з няжорсткай вадой (для гэтага кіпячу ваду і даю ёй астыць да хатняй тэмпературы) не больш як на 10 мінут. Архідэю лепш неда­ліць (!), чым пераліць.


* Пасля паліву абавязкова выдаляю вільгаць, што сабралася ў цэнтры разеткі лісця, сурвэткай, вушной палачкай ці ватным дыскам або проста добра падтрасаю расліну.
* Адзін раз на месяц балую сваіх прыгажунь “Вітамінным кактэйлем”. Для гэтага купляю ў аптэцы звычайныя ампулы вітаміну В12 (ружовага колеру), разбаўляю 1 ампулу ў 1 літры вады і ажыццяўляю паліў раслін адным з апісаных раней спосабаў.
* Ніколі не эканомлю на ўгнаеннях для фаленопсісаў. Паколькі ўсё карыснае і неабходнае для сваёй жыццядзейнасці яны атрымліваюць не з кары, а з раствору, якім я паліваю іх.
* Ніколі не спяшаюся са зразаннем адцвіўшага кветканоса, бо праз некаторы час расліна можа зацвісці паўторна.
* У сваёй “зялёнай аптэчцы” заўсёды трымаю наступныя прэпараты:
* актываваны вугаль. Пры зразанні каранёў падчас перасаджвання архідэі заўсёды прысыпаю месцы зрэзаў тоўчаным актываваным вугалем;
* фунгіцыд Фітаспарын М. Сістэматычна апрацоўваю архідэю з мэтай прафілактыкі ад рознай гнілі, бактэрый і грыбкоў. На мой погляд, не мае значэння, у якім выглядзе гэты прэпарат — парашку ці вадкасці;
* інсектыцыд Дыхлафос. Дапамагае змагацца з рознымі шкоднікамі, такімі як кляшчы або тля.
* Бязмежна люблю і душы не чую ў сваіх архідэях-прыгажунях.

Вельмі спадзяюся, што назапашаная мной гадамі інфармацыя была для вас карысная, а ад сябе толькі хочацца шчыра пажадаць, каб архідэя, як сапраўдны знак пяшчоты, любові і гармоніі, абавязкова зрабіла ваша жыццё непаўторнай казкай, поўнай дабрыні, цяпла і чараўніцтва.

Таццяна МІХНЕВІЧ,
выкладчыца англійскай мовы Брэсцкага дзяржаўнага ліцэя лёгкай прамысловасці.
Фота аўтара.