Сямейства геснерыевых уключае мноства раслін з прыгожымі, часта арыгінальнай формы кветкамі. Сярод іх ёсць віды, якія маюць у жыццёвым цыкле перыяд спакою, напрыклад, даўно вядомы кветкаводам ахіменес і менш распаўсюджаная эўкадонія. Яны належаць да асобнай групы геснерыевых з лускавіннымі карэнішчамі.
Першыя звесткі пра ахіменес адносяцца да сярэдзіны XVIII стагоддзя. Ахіменес прамастаячы быў апісаны ў 1756 годзе батанікам Патрыкам Браўнам пры даследаванні прыроды Ямайкі. З таго часу выяўлена каля 50 відаў гэтых клубневых і карэнішчавых раслін. Тэрыторыя іх распаўсюджання ўключае Мексіку, Бразілію, Гватэмалу, Панаму, Калумбію і Аргенціну — гэта значыць Паўднёвую і Цэнтральную Амерыку.
Назва ахіменеса ў перакладзе з грэчаскай азначае “тая, што не пераносіць холад”. Сапраўды, гэтыя расліны пасля з’яўлення на іх парасткаў гінуць у памяшканні, дзе тэмпература апускаецца ніжэй за 15°С. Аптымальная тэмпература для іх развіцця — ад 20 да 25°С.
У многіх ахіменесаў сцёблы паніклыя, таму гэтыя расліны трымаюць у падвясных кашпо. Апушанае, падоўжанае, з пілаватым краем лісце можа быць супраціўным альбо кальчаковым. Вытанчаныя буйныя кветкі яркай афарбоўкі з плямістым альбо паласатым малюнкам з’яўляюцца ў пазухах лісця па адным або групамі. Захоўваюцца ахіменесы нядоўга, але пастаянна распускаюцца новыя бутоны, таму цвіценне вельмі працяглае. Падвяночак кветкі пяцілопасцевы, кароткі, венчык з доўгай трубкай і адгібам дыяметрам да 5 см. Два верхнія пялёсткі крыху меншыя, але ёсць гатункі з правільнай формай венчыка. Афарбоўка кветак вельмі разнастайная: белая з жоўтымі і пурпурнымі кропелькамі, ружовая, чырвоная, чырвона-фіялетавая, светла-жоўтая.
Другі род карэнішчавых геснерыевых — эўкадонія — прадстаўлены відамі з больш буйным, моцнаапушаным, мяккім лісцем са слабапілаватым альбо гародчатым краем. Кветкі паніклыя, венчык з доўгай трубкай і шырокім адгібам. Карэнішча эўкадоніі невялікае, патоўшчанае, лускавіннае, нагадвае альховую шышку. Летам у перыяд росту і цвіцення патрабуе шчодрага паліву.
Як ахіменесы, так і эўкадоніі размнажаюць з канца лютага па красавік дзяленнем карэнішч на невялікія адрэзкі з пупышкамі. Рабіць гэта трэба вельмі асцярожна, паколькі карэнішча даволі крохкае. Субстрат рыхтуюць рыхлы, пажыўны. Для ахіменеса ў субстрат дадаюць молаты ракушачнік, каб павысіць колькасць кальцыю. Праз 2 месяцы пачынаюць падкормліваць. Угнаенні ўносяць два разы ў месяц.
Пасля заканчэння цвіцення, у верасні — кастрычніку, паліў памяншаюць, засохлыя сцёблы абразаюць, а ёмістасці з карэнішчамі ставяць у халаднаватае месца з тэмпературай 10 градусаў. Зімой зрэдку паліваюць.
Летам ахіменесы і эўкадоніі можна размнажаць сцябловымі чаранкамі. Для гэтага зрэзаныя верхавінкі раслін даўжынёй каля 5 см саджаюць у вільготную сумесь пяску і торфу. Трымаюць іх у цяплічцы альбо пад цэлафанавым пакетам. Хутка яны ўтвараюць карэнішча.
Ёсць у продажы і насенне ахіменеса. Яго прарошчванне патрабуе спецыяльнай цяплічкі з падагрэвам. Вільготнасць там павінна быць высокай, але неабходна пазбаўляцца ад кандэнсату, каб ён не трапіў на парасткі.
Ала ШАЎЦОВА.
Фота з інтэрнэту.