Горны снег, ці малачай

Калі вам патрэбны расліны, якія не патрабуюць асаблівага догляду і ўстойлівыя да шкоднікаў і хвороб, малачаі — гэта тое, што вы шукаеце. Але ёсць і нязручнасці пры рабоце з імі: перасаджваць іх трэба з вялікім камяком зямлі, а даглядаючы — пазбягаць судакранання з млечным сокам. На тэрыторыі нашай школы расло тры віды малачаяў: мнагакветны, кіпарысападобны і аблямаваны. Гэтыя травяністыя расліны можна высадзіць у месцах, дзе іншыя расліны не прыжываюцца: каля падмурка дома, каля бетоннай дарожкі, як упрыгажэнне каменнай кадзі, альпійскай горкі.

Малачай аблямаваны

Як і многія іншыя віды малачаяў, расліна непатрабавальная да ўмоў утрымання і практычна не патрабуе догляду. На аўтастанцыях, АЗС, паўзакінутых клумбах каля ўваходу ў розныя ўстановы нярэдка можна сустрэць яго “снежныя шары”. Аднойчы пасеяны ў спрыяльных умовах, малачай часта размнажаецца самасевам, не патрабуючы ніякіх агратэхнічных мер. Галоўная ўмова яго развіцця — добрае асвятленне. Таму на ўчастку пад гэтую культуру трэба адводзіць сонечныя мясціны, дзе расліна будзе эфектна выглядаць і цудоўна сябе адчуваць. Малачай аблямаваны мірыцца і з лёгкім ценем, але пры татальным недахопе святла ён будзе выглядаць слабым і бледным.

Малачай добра пераносіць гарачыню, але пры доўгай адсутнасці дажджу яго варта паліваць пад корань. Забараняецца паліваць лісце!

Неабходна выполваць пустазелле. Яно ўплывае на таўшчыню сцябла малачаю.

Глеба для малачаю падыдзе абсалютна любая, але на ўрадлівай зямлі ён, як, зрэшты, і любая іншая расліна, будзе больш шыкоўным. Кветка малачай не любіць пераўвільготненых месцаў, таму пры пасадцы пазбягайце высокага ўзроўню грунтавых вод на ўчастку. Расліна не патрабуе частага паліву і цудоўна пераносіць засуху. Можна ўгнойваць яго арганічнымі і мінеральнымі падкормкамі.

Размнажаюць гэты від малачаю вегетатыўным і насенным (без стратыфікацыі) спосабамі. Насенне на расаду сеюць пад зіму ці вясной у сакавіку. Усходы з’яўляюцца дзён праз дзесяць. Маладыя расліны баяцца замаразкаў, таму ў адкрыты грунт іх высаджваюць толькі тады, калі ўсталёўваецца плюсавая тэмпература. Канкрэтныя тэрміны залежаць ад геаграфіі мясцовасці, у якой адбываецца пасадка. Паміж раслінамі неабходна пакідаць адлегласць не менш як 30 см, бо кусты да сярэдзіны лета становяцца даволі магутнымі. У спрыяльных умовах несартавыя экзэмпляры размнажаюцца самасевам, і вясной застаецца толькі прапалоць густыя ўсходы.

Вегетатыўны спосаб размнажэння не ўяўляе асаблівай складанасці. Чаранкі зразаюць і ставяць у цёплую ваду, каб спыніць выдзяленне млечнага соку, які перашкаджае ўкараненню. Потым пасадачны матэрыял падвяльваюць на паветры (у цені, вядома) пры тэмпературы каля 22—25°С і высаджваюць у сумесь пяску і торфу. Праз два-тры тыдні адбываецца ўкараненне. Пры рабоце з чаранкамі абавязкова ахоўвайце рукі ад ядавітага млечнага соку, які можа выклікаць раздражненне скуры. Малачай аблямаваны развіваецца вельмі хутка, да канца вегетатыўнага перыяду дасягаючы вышыні 50—60, а іншы раз і 80 см. У сярэдзіне лета пачынаецца цвіценне, якое доўжыцца да першых замаразкаў. Расліна крайне непатрабавальная і надзвычай вынослівая. Пры пасадцы па контуры ўчастка малачай аблямаваны забяспечыць ахову ад пылу і шуму. А ў кветніку “снежныя шары” малачаю выгадна падкрэсляць любых суседзяў, прыміраючы розныя адценні і ствараючы адчуванне свежасці. Але да сярэдзіны лета кусты малачаю набываюць выгляд элегантных накрухмаленых карункаў дзякуючы снежна-белай аблямоўцы прыкветкаў. Недарма яго называюць яшчэ і “горным снегам”, “раннім снегам”, а іншы раз і “нявестай”. Самі кветкі малачаю аблямаванага маленькія і непрыкметныя.

Гэтую кветку з поспехам прымяняюць у рабатках і міксбордэрах, бардзюрах і клумбах у якасці фону, на якім будуць цудоўна выглядаць яркія і часам не спалучальныя між сабой мнагалетнікі. Малачай аблямаваны выдатна гарманіруе з жоўтымі, чырвонымі, аранжавымі кветкамі і зялёнымі дэкаратыўнымі раслінамі.

Малачай мнагакветны

За кветкі гэтага віду малачаю мы звычайна прымаем покрыўнае лісце яркай жоўта-салатавай афарбоўкі (маленечкія жоўтыя кветкі знаходзяцца ў цэнтры чашы). Гэты від скідвае на зіму лісце, зімуе без укрыцця. Добра развіваецца і цвіце на сонцы і ў паўцені, непатрабавальны да ўрадлівасці і складу глебы.

Праўда, у яго ёсць адзін недахоп — дарослыя кусты патрабуюць апоры, таму што да канца лета яны моцна развальваюцца. Гэты невялікі недахоп можна з поспехам выкарыстоўваць у размнажэнні. Так, аднойчы ў жніўні такія парасткі я расклала па перыметры куста, раўнамерна размеркаваўшы, і прысыпала рыхлай кампоставай глебай. Пры гэтым верхавінкі пакінула на паверхні.

Размнажэнне чаранкаваннем

* У пачатку лета вострай прыладай з маладых парасткаў рыхтуюць чаранкі.

* Зрэзаныя галінкі прамываюць у цёплай вадзе, выдаляючы кроплі млечнага соку.

* Месца зрэзу прысыпаюць парашком актываванага вугалю.

* На працягу двух дзён чаранкі прасушваюць і высаджваюць у скрынкі з падрыхтаваным грунтам, які складаецца з дрэнажнага слою і ўрадлівай глебы з дабаўленнем пяску і драўніннага вугалю. Глебу дастаткова толькі крыху ўвільгатніць.

* Як толькі галінкі малачаю пусцяць карані, прыкладна праз месяц, іх высаджваюць на выбраным садовым участку.

Ранняй вясной наступнага года ўсе прысыпаныя парасткі абрэзала ўнізе куста. Аказалася, што на кожным утварылася па некалькі пучкоў добра развітых каранёў. Разрэзаўшы парасткі на часткі, атрымала шмат гатовых саджанцаў. Пасаджаныя на пастаяннае месца, яны зацвілі ў тым жа годзе.

Малачай мнагакветны добры кампаньён для высокіх травяністых мнагалетнікаў. У садах прыроднага стылю гэты доўгаквітнеючы мнагалетнік — незаменны спадарожнік раслін са стракатым і яркім лісцем. Ён добры не толькі як карункавы фон, але і сам можа “саліраваць” падчас цвіцення яркім прыкветкавым лісцем. Ствараецца ўражанне, што шчыльны кусцік трымае палаючыя факелы ўвесь май, запальваючы і заклікаючы іншыя расліны паказаць сябе ва ўсёй прыгажосці. Цудоўна выглядаюць малачаі, якія зрасліся ў адзінае цэлае з блакітнымі шылападобнымі флёксамі або разухай, ясколкай з серабрыстым лісцем, што цвітуць з імі ў адну пару.

Малачай кіпарысавы

Гаючыя ўласцівасці травы адкрыў македонскі цар Эўфорб у 50-х гадах да нашай эры, таму ў гонар правіцеля яе называюць яшчэ эўфорбіяй. З выгляду трава падобная на ядловец, а яе млечны сок па сваіх якасцях блізкі да яду змяі. Двойчы, у пачатку мая і ў канцы ліпеня, ярка-зялёны куст пакрываецца парасонамі шматлікіх дробных кветачак жоўта-зялёнага ці бледна-ліловага адцення, якія вабяць пахучым водарам. Пасля таго як расліна адцвіце, сцябліны яе кладуцца на зямлю, дадаткова разрастаючыся.

Яркая зеляніна малачаю кіпарысавага і непатрабавальнасць яго росту прывабліваюць многіх садаводаў. Ён цудоўна выглядае ўздоўж дарожкі, на клумбах і альпійскіх горках, таму што насычанасць зеляніны куста падкрэслівае яркасць і індывідуальнасць раслін, якія цвітуць побач з ім. Гарманічны малачай і з хвойнымі хмызнякамі і дрэвамі. Расліна любіць адкрытыя сонечныя мясціны.

Перад высадкай малачаю на клумбы неабходна падрыхтаваць лункі з засыпаным на дно дрэнажным слоем з керамзіту ці галькі. На дрэнаж кладуць кавалкі крыху падгнілай драўніннай кары і толькі потым апускаюць у ямку чаранок, карані якога абавязкова павінны быць з камяком зямлі. Лунку з чаранком даверху засыпаюць пяском, змяшаным у роўных частках з лісцевай зямлёй і перагнілым торфам, і ўкопваюць побач апору для падвязвання пасаджанай расліны.

Добра прыжываецца малачай кіпарысавы на адкрытых сонечных і нават прыцененых участках, рассейваючы сваё насенне па паверхні зямлі. А пры спрыяльных умовах ён актыўна разрастаецца і, як агрэсар, захоплівае чужыя тэрыторыі. Каб утрымаць расліну ў пэўных рамках росту і не змагацца потым з залішняй гушчынёй, высаджваючы яе, абмяжоўвайце прастору і своечасова выдаляйце самасеянцы.

Для малачаю не існуе асаблівых патрабаванняў да ўмоў росту і догляду:

* Гарачыню расліна пераносіць добра і не любіць моцнага паліву.

* Два-тры разы за лета патрабуецца падкормка мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі. Асабліва добры для росту і ўмацавання каранёў малачаю разведзены вадой перагной ці торф.

* На зіму для расліны неабходна мульчыраванне перагноем ці пілавіннем.

* Калі малачай расце буйнымі кустамі, то яго восенню ўкрываюць плёнкай ці лапкамі, каб ён лепш перанёс маразы.

* Перасадку дэкаратыўныя кусты пераносяць дрэнна, таму гэтую працэдуру лепш праводзіць рэдка, не часцей, чым раз у пяць гадоў. Вырасціць дэкаратыўную расліну можна шляхам размнажэння насеннем, чаранкамі і дзяленнем куста. Малачай адносіцца да двухдомных раслін, таму калі побач растуць мужчынскія і жаночыя кветкі, то размнажэнне будзе адбывацца натуральным шляхам падчас працэсу самароскіду насення.

Купленае насенне высяваць лепш восенню, засыпаўшы потым месца пасадкі пілавіннем ці слоем перагною. Такая загартоўка дапамагае насенню стаць больш жыццяздольным і не баяцца потым халодных зім. Можна пасеяць і вясной, праз два тыдні з’явяцца першыя ўсходы.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.